Вы тут

З якімі праблемамі прыходзяць да кіраўнікоў мясцовай улады


З якімі праблемамі прыходзяць да кіраўнікоў мясцовай улады падчас асабістых прыёмаў? Гэтым пытаннем чарговы раз зацікавіўся наш карэспандэнт.


Як адзначыў старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач, пераважна агучваюцца тыповыя для ўсёй краіны пытанні: стан дарог, работа ЖКГ.

— Яшчэ бываюць нараканні наконт работы крамаў і аддзяленняў паштовай сувязі. Напрыклад, жыхар раёна пытаўся, калі ўжо з'явяцца ў продажы танныя цыгарэты? Хай і для нямногіх, але даступныя па цане тытунёвыя вырабы, канешне, павінны прадавацца. Наогул у крамах райпа год таму былі значныя праблемы з асартыментам. У прыватнасці, з малочнай і мясной прадукцыяй. Але цяпер, у прынцыпе, сітуацыя значна палепшылася... Прыклад таго, як станоўча вырашылася праблема ЖКГ — запрацавала воданапорная вежа ў аграгарадку Сцяпанавічы. Старое збудаванне доўга не функцыянавала. Людзі падчас выязнога прыёму паведамілі пра гэта. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб зняць праблемнае пытанне. Усталявалі новую помпу, водаправод «запусцілі» па новай, — расказаў кіраўнік раённай улады.

Ён адзначыў, што добра інфармуюць пра нюансы вясковага жыцця старэйшыны. Яны пастаянна на сувязі з сельскімі выканкамамі, звяртаюцца і ў райвыканкам. І вельмі ахвотна прыходзяць на выязныя прыёмы, куды іх спецыяльна запрашаюць.

Што датычыцца дзейнасці мясцовай, у тым ліку прадстаўнічай улады ў цэлым, кіраўніцтва райвыканкама чакае тут большай ініцыятывы.

— У першую чаргу старшыні сельскіх Саветаў павінны адчуваць патрэбы землякоў. І ніякага «вока замылілася». Мы павінны працаваць для нашых людзей на нашай зямлі. Аказваць паслугі насельніцтву — наша асноўная задача. Менавіта плануемыя кіраўніцтвам райвыканкама выязныя прыёмы стымулююць адказных асоб на месцах, — працягвае Пётр Карабач.

Аналізуючы планы на найбліжэйшы час, кіраўнік райвыканкама звярнуў увагу на невялікую актыўнасць у пытаннях мясцовага добраўпарадкавання. Насамрэч дзіўна: часта ў глыбінцы скардзяцца на недахоп грошай, а ў канкрэтна ўзятым раёне па гэтым артыкуле засталіся незапатрабаваныя 7 тысяч рублёў. Адпаведныя грошы па лініі занятасці насельніцтва можна было б патраціць на аплату дзейнасці па ўпрыгожванні вуліц... Але не ўдалося сабраць людзей, каб яны навялі прыгажосць.

Недастаткова задзейнічаны і турыстычны патэнцыял. У яго раскрыцці вялікую ролю павінны адыгрываць сельвыканкамы.

— Лясы займаюць 60% тэрыторыі раёна, сярод іншых азёр ёсць цудоўнае возера Лосвіда. На аднайменнай турыстычнай базе зрабілі добры рамонт. Можна распрацаваць цікавы водны маршрут, бо па вадзе з азёр пры жаданні дабярэшся да Заходняй Дзвіны. Паляўнічыя ўгоддзі вялікія — сёлета актывізавалі аказанне адпаведных платных паслуг. Але, напрыклад, мала аграрных сядзіб. Іх, на жаль, можна на пальцах пералічыць. Сельвыканкам трэба падтрымліваць кожную ініцыятыву. Каб на тэрыторыі кожнага сельсавета былі «пункты» для турыстаў, дзе яны маглі б не толькі адпачыць, але і ўбачыць выступленні самадзейных артыстаў, — разважае Пётр Карабач.

Многія чулі і пра «другія Раўбічы» — лыжаролерную трасу ў Гарадку. Каля яе — спартыўна-аздараўленчы цэнтр еўрапейскага ўзроўню. Асаблівасць клімату дазваляе праводзіць там спаборніцтвы па лыжных відах спорту тады, калі ў большасці раёнаў краіны ўжо снегу няма. Таму мясцовая ўлада будзе больш актыўна спрыяць павелічэнню колькасці прыезджых аматараў спорту, пры аддзеле адукацыі райвыканкама адкрыты турыстычны цэнтр.

Ужо ёсць прыклады актывізацыі турыстычнай сферы. Былая школа, якую зачынілі, стала летнікам кругласутачнага знаходжання — першым у раёне. Тут стварылі вяровачны гарадок. У адной са школ за кошт грошай, якія зэканомілі ў выніку аптымізацыі, усталявалі ўнікальны для ўсёй Віцебскай вобласці скаладром. З дапамогай грошай адпаведнага праекта ЕС стварылі шэраг спартыўных пляцовак пры ўстановах адукацыі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Вока» ўлады не павінна «замыльвацца»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.