Вы тут

Сіла і дзейснасць прафсаюзных пярвічак


Калі ў сталіцы дабудуюць новы студэнцкі інтэрнат? На якую падтрымку могуць разлічваць маладыя сем'і? Як атрымаць прыбаўку да стыпендыі ў 90 рублёў? Ці будзе адменена працэдура размеркавання? Гэтыя і іншыя пытанні асвятляліся на сустрэчы студэнтаў са старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, прадстаўнікамі ФПБ і Мінадукацыі ў рамках акцыі «Вітаем, першакурснік!», куды было запрошана больш за 60 студэнтаў і навучэнцаў з розных універсітэтаў і каледжаў.


Таленты цэняцца ва ўсіх сэнсах

— Работа з моладдзю ў нашай краіне заўсёды была ў прыярытэце. Пацвярджэнне таму — дзяржпраграма «Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады», — адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна СІМАНОЎСКАЯ.

Такая ўвага невыпадковая. Амаль кожны пяты беларус — ва ўзросце да 31 года. У нас навучаецца 330 тысяч студэнтаў. Сёння дзяржаўныя выдаткі на адукацыю складаюць больш за пяць працэнтаў ад ВУП. Ёсць і належная нарматыўная база, і выкладчыцкі склад, які дазваляе рыхтаваць спецыялістаў для розных сфер эканомікі. Прычым апошнія гады сістэма адукацыі шчыльна працуе з заказчыкамі кадраў. Дзякуючы сумеснай рабоце вызначаюцца новыя спецыяльнасці, якія ўкараняюцца ў праграмы ўніверсітэтаў і каледжаў.

— Эфектыўна працуе механізм атрымання першага працоўнага месца. Наша краіна адзіная на постсавецкай прасторы захавала працэдуру размеркавання, — заўважае Таццяна Сіманоўская. — З гэтай нагоды мы часта падвяргаліся крытыцы з боку розных структур, але, калі прааналізавалі сітуацыю, аказалася, што не толькі студэнты, якія вучацца за бюджэтныя сродкі, але і платнікі жадаюць быць размеркаванымі. Бо гэта дае магчымасць атрымаць першае працоўнае месца спецыялісту без вопыту работы.

Шмат увагі ўдзяляецца падтрымцы таленавітых студэнтаў. У банку даных адоранай моладзі знаходзіцца інфармацыя аб амаль шасці тысячах выпускнікоў ВНУ. Лаўрэатам стыпендыяльнага фонду Прэзідэнта аказваецца сацыяльная падтрымка: яны могуць узяць па-за чаргой ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля, пры размеркаванні ім даецца пераважнае права пры выбары месца работы, а пры прыняцці на работу ў бюджэтныя арганізацыі такім выпускнікам павышаюць тарыфную стаўку на 15 працэнтаў.

— Адна з асноўных задач — сацыялізацыя моладзі. Трэба думаць, як уцягнуць яе ў актыўнае грамадскае жыццё, стварыць умовы і пляцоўку для таго, каб наша моладзь магла заявіць пра сябе і стаць ініцыятарам праектаў, — лічыць прадстаўнік міністэрства.

Цяпер стаіць пытанне аб неабходнасці распрацоўкі нарматыўнага дакумента, які будзе рэгуляваць парадак правядзення мерапрыемстваў у сферы маладзёжнай палітыкі. Гэта ініцыятыва паступіла з месцаў: будзе закон — будзе больш зразумела, якія формы работы можна выкарыстаць і атрымаць на іх фінансаванне. Мінадукацыі, дарэчы, ужо вядзе набор заявак на фінансаванне на 2018 год. Акцэнт — на буйнамаштабныя праекты, каб не распыляць грашовыя сродкі.

Хто маніторыць праблемы навучэнцаў?

На сустрэчы ўздымалася важнае для студэнтаў пытанне забяспечанасці месцамі ў інтэрнатах. У цэлым па краіне 84 працэнты навучэнцаў, якім неабходна жыллё, заселены ў інтэрнаты. У некаторых рэгіёнах гэты паказчык даходзіць да 100 працэнтаў. Але ў Мінску з улікам таго, што сюды прыязджае шмат іншагародніх студэнтаў, сітуацыя горшая. Па словах Таццяны Сіманоўскай, плануецца, што да 2019 года дабудуецца апошні інтэрнат у студэнцкай вёсцы, разлічаны на 1800 месцаў. Акрамя гэтага, дзякуючы падтрымцы кітайскага інвестара, узводзіцца яшчэ адзін — для навучэнцаў БНТУ.

Аказваецца падтрымка маладым сем'ям. Яны маюць права на льготны крэдыт на пакупку жылля, на пазачарговае засяленне ў інтэрнат. Для тых, хто выхоўвае дзяцей, прадугледжана 11 відаў дзяржаўных дапамог. Сёлета ў БДТУ запусцілі міжуніверсітэцкі конкурс сярод студэнцкіх пар «Сямейнае шчасце — пачатак шляху». Налета яго хочуць зрабіць рэспубліканскім.

— Толькі на міжсектарыяльным узаемадзеянні мы зможам дасягнуць станоўчых вынікаў, — упэўнена Таццяна Сіманоўская. — Не можа адзін дзяржаўны орган ахапіць усе сферы, і добра, што ёсць партнёры, якія бяруць на сябе вялікі кавалак работы ў плане сацыяльнай падтрымкі, вырашэння пытанняў матэрыяльнага стымулявання. У гэтым вялікая заслуга прафсаюза. Туды ўваходзіць больш за 95 працэнтаў студэнтаў.

— Для нас год моладзі — кожны год, — кажа ў пацвярджэнне гэтых слоў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр БОЙКА. — Амаль кожны трэці член нашага прафсаюза — да 31 года. Мы праводзім шмат работы па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, стараемся прыцягнуць моладзь у навуку ўжо з першых гадоў вучобы. Галоўнае, каб студэнты генерыравалі ідэі — чакаем нават самыя незвычайныя.

У 2016 годзе ў рамках галіновага прафсаюза быў створаны Маладзёжны савет. Яго галоўная мэта — маніторынг праблем студэнцтва. На працягу апошніх двух гадоў былі вырашаны сур'ёзныя пытанні. «Напрыклад, распрацаваны адзіны падыход да студэнтаў ВНУ ў вызначэнні цяжкага жыццёвага становішча пры прызначэнні сацыяльных стыпендый, — кажа старшыня Маладзёжнага савета Міхаіл БАРЭЙША. — Удалося дабіцца адтэрміноўкі ад воінскай службы для выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія размяркоўваюцца ў гэтыя ж каледжы для прадаўжэння работы: раней многія хлопцы пасля арміі проста не вярталіся працаваць у сістэму адукацыі. Мы прапаноўвалі таксама варыянты па змяненні сярэдняга бала для атрымання вучэбнай стыпендыі ва ўніверсітэтах».

Пэўную ўладу на месцах маюць і старшыні пярвічак. Так, большасць з іх уваходзіць у камісіі па стыпендыяльным забеспячэнні, таму ў стане ўплываць на студэнцкія «заробкі». Да таго ж грошы, якія збіраюцца ў пярвічных арганізацыях, там і застаюцца, прафсаюзны актыў на месцах сам імі распараджаецца.

Ці будзе цікава, залежыць ад цябе

Падчас сустрэчы ўзнагародзілі таксама найлепшых актывістаў з ліку студэнтаў. Падзякі атрымалі тыя хлопцы і дзяўчаты, хто забяспечыў стапрацэнтнае ўступленне свайго факультэта ў прафсаюзныя шэрагі.

У іх ліку — Надзея Майсейчук, старшыня прафбюро геаграфічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Прафесію дзяўчына выбрала з-за любові да прадмета: прызнаецца, што ў школе ёй папаўся добры настаўнік. У будучым Надзея хацела б працаваць у экалагічным цэнтры, займацца маніторынгам. Чым ёй ўдалося прывабіць столькі студэнтаў у прафсаюз? "Расказвала пра тое, што яны будуць абаронены: могуць разлічваць і на льготы, і на матэрыяльную падтрымку, і на засяленне ў інтэрнат", — адказвае дзяўчына.

Студэнтка Дар'я Малахава ўзначальвае прафбюро факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У сябе ў ВНУ яны праводзілі акцыю "Усміхніся", каб прыцягнуць першакурснікаў. А каб матываваць да далейшай кар'еры прафсаюзных актывістаў і заахвоціць іх, штогод арганізуюць майскія форумы сярод лідараў студэнцкага самакіравання "Я кажу "так".

Падзяку атрымала таксама прафорг групы факультэта інфармацыйных тэхналогій БДТУ Дар'я Талапіна. У школе дзяўчына была старастай, вадзіла клас у тэатры і за лета засумавала па такой актыўнасці. "Зразумела, што тое, наколькі цікава будзе ва ўніверсітэце, залежыць ад цябе самой. У прафсаюзе шмат варыянтаў правядзення вольнага часу: творчыя, спартыўныя мерапрыемствы. Плюс гэта добры жыццёвы вопыт".

А для саміх актывістаў, дарэчы, ёсць яшчэ адзін стымул праяўляць сябе — стыпендыя ФПБ. Яна выплачваецца на працягу 10 месяцаў. Для студэнтаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў яе памер — дзве базавыя велічыні штомесяц, а для ВНУ — чатыры. Сёлета на прэмію было пададзена больш за 120 заявак.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. 

Грамадства

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

Чаму амаладжэнне навуковых кадраў прынцыпова важнае?

На якім этапе трэба распачынаць выхаванне будучага даследчыка: у аспірантуры, магістратуры або яшчэ ў школе? 

Грамадства

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Малых пацыентаў з арытміяй аперыруюць на базе РНПЦ дзіцячай хірургіі

Праведзеныя аператыўныя ўмяшанні — гэта надзея на радыкальнае вылечванне для тых, хто зараз з прычыны свайго захворвання прымае сур'ёзныя лекавыя прэпараты.

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.