Вы тут

Мучністая раса — хвароба парэчкі і агрэсту


Заражаныя ягады перастаюць расці, усыхаюць і ападаюць, а белы мучністы налёт, які застаецца на галінках, ушчыльняецца і ператвараецца ў карычневую плёнку. Зніжаецца ўраджай ягад, пагаршаецца іх якасць — яны становяцца больш кіслыя і дробныя. Заражаныя кусты не даюць прыросту, слабеюць і пры моцным пашкоджанні гінуць.


Узбуджальнік хваробы — грыб. Зімуе на пашкоджаных парастках, лістах і пладах расліны. Іх заражэнне адбываецца ў перыяд раскрыцця пупышак і распускання лісця або пасля завязвання ягад у цёплыя дні. Аптымальная тэмпература для развіцця хваробы 17—28 °С пры вільготнасці паветра 90—100%. У гарачае, сухое надвор'е развіццё хваробы прыпыняецца.

Увесну споры грыба выкідваюцца з сумак і заражаюць маладыя часткі расліны. На пашкоджанай грыбам паверхні ліста або сцябла нарастае белы павуціністы налёт. Гэта міцэліі грыба. Затым на міцэліі ўтворацца споры — канідзіі, якія па сваім выглядзе нагадваюць муку. Канідзіямі і заражаюцца расліны ў летні перыяд.

Паступова белы мучністы налёт становіцца буры, ушчыльняецца, на ім з'яўляюцца чорныя кропкі — пладовыя целы, дзе ў торбачках даспяваюць позна ўвосень або на працягу ўсёй зімы аскаспоры.

Меры барацьбы з узбуджальнікам хваробы накіраваны на знішчэнне міцэлію і спор грыба і ўключаюць у сябе мерапрыемствы па знішчэнні і прафілактычныя прыёмы.

Прафілактычныя прыёмы — гэта і агратэхніка вырошчвання, і сістэма ўгнаенняў. Пасля збору ягад глебу пад кустамі трэба перакапаць віламі, падсыпаць глебы ўнутр куста і ўгнаіць. Арганічныя ўгнаенні ўносяць адзін раз у 3—4 гады па 10—15 кг на куст, суперфасфат і сернакіслы калій — пад перакопку глебы штогод.

Азот узмацняе паражэнне раслін мучністай расой, таму пры добрым росце аднагадовых парасткаў яго лепш не ўносіць. Калі глеба кіслая, то пад чорныя парэчкі замест фосфарнага і калійнага ўгнаенняў лепш унесці драўняны попел — тры шклянкі на куст. Замяняе мінеральныя ўгнаенні раствор каравяку ці птушыны памёт, разведзены адпаведна ў 10 і 20 разоў. На адзін дарослы куст уносяць два вядры такога раствору. У выпадку сухога надвор'я кусты трэба паліць, апалае лісце сабраць, спаліць або закампаставаць. Расліны старанна агледзець, пашкоджаныя парасткі выразаць і спаліць, бо яны з'яўляюцца адной з асноўных крыніц заражэння. Увесну агляд і абразанне пашкоджаных верхавін парасткаў паўтараюць, захопліваючы на 2—3 пупышкі і здаровую частку парасткаў.

Калі заражэнне кустоў было моцнае, вясной перад набраканнем пупышак, для знішчэння інфекцыі, якая зімавала, іх апырскваюць 2-працэнтным растворам нітрафену (вынішчаючая апрацоўка). У перыяд вегетацыі праводзяцца 4—5 прафілактычных апрацовак: перад цвіценнем, адразу пасля яго і ў далейшым кожныя 8—10 дзён.

У вільготнае надвор'е варта апырскваць часцей, у сухое і гарачае — апрацоўкі можна прыпыніць. За тры тыдні да ўборкі ўраджаю апырскванне спыняюць, а затым аднаўляюць, каб засцерагчы ад заражэння маладыя парасткі.

Для прафілактычных апрацовак садоў рэкамендуецца ўжываць адзін з пералічаных даступных раствораў:

  • содава-мыльны (на 10 л вады па 50 г кальцыніраванай соды і гаспадарчага мыла);
  • попельна-мыльны (300 г прасеянага попелу пракіпяціць на працягу паўгадзіны, раствор, які адстаяўся, працадзіць, развесці вадой да 10 л, дадаць 40 г мыла);
  • трынатрыйфасфату (50 г на вядро вады).

Замест пералічаных хімічных раствораў можна праводзіць прафілактычныя апырскванні настоем каровінага гною або сянной пацярухі: 1 частку яе заліваюць 3 часткамі вады, настойваюць 3 дні, працэджваюць і разводзяць у тры разы.

У такім настоі развіваюцца бактэрыі, згубныя для грыбніцы ўзбуджальніка мучністай расы. Апырскванне праводзяць у тры тэрміны — да цвіцення, пасля цвіцення і восенню перад лістападам.

Калі няма каравяку, можна ўзяць 1 л сыроваткі, разбавіць у 9 л вады і апырскваць расліны. Апырскванне праводзяць пад вечар ці ў пахмурнае зацішнае надвор'е.


Выбраць адлегласць паміж дрэвамі, кустамі

Яшчэ ёсць час выкапаць пасадачныя ямы, а пасадкай можна заняцца вясной.

Адлегласць паміж пладовымі дрэвамі і ягаднымі кустамі залежыць ад сілы іх росту і велічыні кроны ў дарослым стане.

У сярэднім рэкамендуецца пакідаць паміж яблынямі і грушамі з аб'ёмнымі кронамі на прышчэпах, якія растуць моцна, — 4 м, на карлікавых прышчэпах — 2,5 м, вішні — 3 м, слівы, абляпіхі і чарнаплоднай рабіны — 2,5 м. У ягадніках кусты размяшчаюць больш кампактна, пакідаючы паміж чорнай, чырвонай і белай парэчкай — 1,5 м, агрэстам —1,5 м, малінай і ажынай — 0,5 м.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.