Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Жывучы вяпрук

Некалі ў нашых вёсках людзі былі маладзейшыя. Ва ўсякім разе амаль усе яны трымалі кароў. А ўжо свіней дык сам бог загадаў: рохкалі на падворках... Нават у самых нядбаліц-гаспадынь, бо, па-першае, «так трэба было», а па-другое — выгадна: трохі варанай бульбы, трохі нейкай мукі, малака, рэшткі ежы — глядзіш — парася і падгадуецца, можна ўжо нейкай лебяды падмешваць ды конскіх «булачак».

Па вось гэту «харчовую дабаўку» пасылалі звычайна малых.

А ўжо тыя альбо на дарогу ішлі (у модзе быў гужавы транспарт), альбо на канюшню, альбо на луг, дзе коні пасвіліся. Нейкі з іх хвост падняў — малыя да яго, з вёдрамі...

Працавалі, карацей, нават дзеці — дапамагалі карміць свіней. І не дарма, бо з прыходам першых маразоў адкрываўся сезон «забойстваў», сезон самай рознай смакаты.

Да яго вяскоўцы рыхтаваліся загадзя: вастрылі нажы, куплялі соль ды розныя прыправы, вымывалі патрэбны посуд, для смалення падбіралі салому (сала тады было мякчэйшае, з водарам збажыны). Але найперш — дамаўляліся з майстрам.

Іх, «спецыялістаў па забоі», у нашых ваколіцах было няшмат. І кожны меў свой адмысловы «почырк», свой інструмент, нават сваю чаргу.

Трэба сказаць, што мы ў ёй ніколі не «стаялі», бо свінабояў мелі сваіх. Спачатку гэта быў дзед Хведар — вялікі, таўстаносы, гумарны — муж роднай бацькавай цёткі. А потым, калі ён пастарэў, прыходзіць стаў дзядзька Ваня — мясцовы каваль і бацькаў дружбак. Ён быў самы аўтарытэтны сярод свінабояў. Магчыма, таму што рабіў сваю справу неяк вельмі «гуманна»: падыходзіў да ахвяры (на задняй назе ўжо была вяроўка), нахіляўся, адной рукой ласкава чухаў яе за вухам, другой — пасля рэзкай падсечкі — наносіў удар швайкай і... усё. Што здзіўляла — амаль ніякага піску ды віску.

Збой у дзядзькі атрымаўся толькі аднойчы.

Галоўнае, пачыналася ўсё як заўжды: «вушка» (чытай — знаёмства з «ахвярай»), падзенне яе з капытоў, удар... Справа зроблена — парсюк гатовы.

Бацька з дзядзькам тады ў хату. У іх, паводле рэгламенту, сняданак з «грамулькай» спіртнога ды кароткая размова. А потым — час ісці на вуліцу, пачынаць смаліць.

Праўда, каго, калі парсюка... няма, і нават слядоў (на дварэ падмарозіла, але снег не выпаў) — таксама... Няйначай містыка нейкая: бацька моўчкі глядзеў на дзядзьку, дзядзька — на бацьку...

А ён — трэба сказаць — працаваў у калгасе брыгадзірам. І на работу ў той дзень, вядома ж, не пайшоў. Калегі чулі, што адпрошваўся, ведалі, для чаго, а тут яшчэ і... убачылі, бо той «заколаты» дзядзькам парсюк са швайкай пад левай лапаткай... прыйшоў у двор канторы (ад нас гэта блізка) на ранішні нарад...

Карацей, шукаць гаспадароў гэтай жывёліны спецыялістам доўга не прыйшлося: вепрука паціху прыгналі ў двор.

Дзядзька Ваня, гледзячы на гэту «працэсію», вельмі здзівіўся: загаварыў быў, што ў парсюка няйначай два сэрцы.

Але ж другое шукаць не давялося: вяпрук, апынуўшыся дома, яшчэ раз выцягнуў ногі. На гэты раз — ужо канчаткова. А далей...

Бацька з дзядзькам яго асмалілі, ускрылі грудзіну, і ўсе мы ўбачылі, што падстаў для сенсацыі, на жаль, ніякіх: сэрца адно. І «швайка» ў яго трапіла. А таму аўтарытэт каваля амаль не пахіснуўся.

Іван Гаральчук, г. Мінск


«Ты спачатку паглядзі...»

Можа, памыляюся, але ўперад розныя крылатыя-кусачыя (тыя ж восы ды шэршні) так нахабна сябе не паводзілі, на людзей, ва ўсякім разе, не нападалі, ім не шкодзілі. А пчолы дык наадварот — заўжды памагалі (хто не лячыўся ліпавым мёдам, пяргой ці пропалісам?).

Цяпер жа ў прыродзе, у народзе, мусіць, шмат што змянілася. Знаёмы дырэктар СВК расказваў, што нядаўна ў кантору прыехаў і, можна сказаць, яшчэ дзвярэй не зачыніў, чуе — пажарная некуды ляціць. «Што за ліха, — думае, — я ж толькі што сам руліў па вуліцы, усё спакойна было».

Адным словам, ускочыў ён у машыну і следам за пажарнымі...

Бачыць, яны каля хаты адной спыніліся, дзе зноў жа ніякага агню, ды што там — нават лёгкага дыму.

Тады, думае, навошта ехаць?

Аказалася, у тую хату рой пчол заляцеў. І галоўнае, дзе месца знайшоў? На задняй сценцы тэлевізара. Гаспадыня як згледзела, дык ледзь не самлела. Пабегла ратавальнікаў выклікаць...

А да дзядзькі аднаго «клубок» шэршняў у хату заляцеў, на столі «пасяліўся». А ўжо гудзеў — не раўнуючы, як той млын: усіх з хаты выжыў...

На дапамогу зноў прыйшлі ратавальнікі: без бяды абышлося.

А вось тут ужо яна пад носам была — літаральна.

Хата бабулі Акуліны ў цэнтры вёскі стаяла, зямлі пры ёй з паўгектара было. Сад там рос, агарод. Але ж часы мяняліся. Начальства шукала месца, каб новую краму паставіць. А дзе яно, самае бойкае? Ну вядома ж, на скрыжаванні вуліц, на сялібе ў Акуліны.

У выніку частку агарода з пладовымі дрэвамі ёй прыйшлося аддаць.

Зрэшты, згоды, мусіць, ніхто і не пытаўся: адрэзалі ды ўсё. Добра, што дрэвы не ўсе спілавалі: пару антонавак пры хаце пакінулі, адну бэру. Вось гэтыя ігрушы — мяккія, сакаўныя — гаспадыня найболей цаніла, бо «якраз па зубах».

Пад той жа ігрушай яна, дарэчы, і столік з лаўкай паставіла, каб можна было пасядзець калі, адпачыць.

Сама, праўда, гэта рэдка рабіла — ёй вечна часу не было, а вось мясцовыя выпівакі — наадварот...

У той вераснёўскі дзень яны пад ігрушу ўтрох прыйшлі.

— Бабуля, дай што на закуску, — папрасіў адзін.

— А бэр вам што — мала? — абурылася гаспадыня. — Вунь іх колькі нападала. Бярыце ды ешце.

Хлопцы ад слова — пасталі вакол стала, выпілі па першай. Высачэнны, як той жыраф, Вадзім сагнуўся, усёй пяцярнёй цопнуў з пад ног найлепшую грушу і хоць бы церануў крыху, — адразу ў рот.

Паклаў, а закрыць яго, можа, і не паспеў: высунуў язык, зароў, замітусіўся, замацюкаўся, папрасіў вады...

І напіўся як быццам (студня побач), але ж ад гэтага лягчэй не стала: язык пачаў распухаць, дзеравянець, не даваў хлопцу дыхаць. Прычым развівалася ўсё гэтак хутка, што Вадзімавы сябрукі толькі вачыма лыпалі...

На шчасце, паблізу была бабка Акуліна. І, зноў жа, на шчасце машына хуткай дапамогі, куды яна пазваніла, якраз вярталася з выкліку з суседняй вёскі. Факт, што медыкі ўмомант аказаліся побач з Вадзімам.

...Мусіць, трэба жыць гэтаму чалавеку: зрабілі нейкі ўкол, адратавалі.

Думаеце, пасля гэтага ён кінуў выпіваць? Не. Але ж кожнаму, з кім закусваў, на ўсякі выпадак казаў: «Ты спачатку паглядзі, а ў рот потым пакладзі...»

Гэтае правіла ён засвоіў ад медыкаў.

Ніна С., г. Барысаў


Маня вылечыць...

Свет змяніўся, гэта я дакладна ведаю. Ён нават смяецца ўжо інакш. Заўважылі: як з некага, дык толькі дай, а як з сябе, любімага — крый божа.

А раней жа не так было: здарыцца нешта камічнае, чалавек адразу ж раскажа, каб усе пасмяяліся. І ён — таксама, нават з сябе. Вось як наша Маня.

Працавала яна ў паляводчай брыгадзе, і ўсё ў яе было як ва ўсіх (ці ў многіх): сям'я, муж, хата і ў хаце... Бо ўжо і ўзрост: у кожнага з сужэнцаў свой жыццёвы багаж, у кожнага свае правы, у тым ліку — і на іншага. У мужа, напрыклад, было права выпіць, «якое не магла парушаць ніякая баба». Жонка ў сваю чаргу мела права яго «пілаваць»... І, вядома ж, шкадаваць, а тым больш у хваробе, бо муж тады рабіўся ніякім, нават правоў сваіх не «качаў».

Ну дык вось аднойчы (Маня сама расказала) пражыла з Лёшам дзень, вечарам завалілася спаць. Ужо і заснула б (ведама, змарыўшыся), але побач муж — усё нешта стогне, варочаецца. Кажа нарэшце:

— Нешта мне жывот баліць.

«Можна падумаць, што гэта ўпершыню. Як падап'е, дык вечна ў яго то панос, то залатуха», — падумала Маня, а ўголас буркнула:

— Халера з ім, з тваім жыватом. Пабаліць ды зараз перастане.

Але муж хвілін праз колькі зноў:

— Не перастае, Маня... Рэжа, як нажом. Можа, ты мне таблетак якіх падала б?

— Не маленькі — сам устань ды вазьмі, — загадала жонка. — У шуфлядцы, чорныя такія (вугаль значыць).

Лёша са стогнамі падняўся, папоўз да буфета, адчыніў шуфлядку і зноўку голас падае:

— Маня, а Маня, а як іх піць? Яны ж вялікія, у глотку не ўлезуць.

Маня з той злосці:

— Як на гарэлку, дык глотка ў цябе шырокая — шклянкамі заліваеш. А як таблетачка, дык ужо не лезе! Раскусі, калі табе вялікая, ці разламі.

Муж, як відаць, гэтак і зрабіў, бо Маню ж трэба слухацца, Маня ж ведае.

А потым да ложка прытупаў, побач лёг. Але ж не супакоіўся, наадварот — завойкаў яшчэ больш:

— Маня, а Маня, нешта ў мяне кішкі як агнём гараць. Можа, ты доктара паклікала б?

Тут ужо Маня ўсхапілася, уключыла святло, глянула на мужа і ледзь не самлела: рот у яго быў... зялёны-зялёны. Якраз у такі вось колер яна спадніцу фарбаваць збіралася — адмысловай фарбы купіла (у «таблетках», па пятаку) ды паклала ў шуфлядку. Лёша, выходзіць, пераблытаў, і што — атруціўся?

Маня куляй паляцела па доктара.

Той, дзякаваць богу, у нас чалавекам быў: ад слова прыйшоў, выслухаў-агледзеў хворага, потым доўга «паласкаў» яго і зверху, і знізу — аж да чыстай вады.

А назаўтра яшчэ і ў паліклініку адправіў, каб аналізы паздаваў, бо хто яго ведае — жывот анілінам яшчэ ніхто не лячыў. Апроч Мані.

А ўжо яна дык «ратавала» потым не толькі мужа: усім, хто скардзіўся на жывот, у вёсцы яшчэ доўга казалі: «Табе да Мані трэба... Маня абавязкова вылечыць».

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.