Вы тут

Хлопец вучыўся на камунальніка, але пайшоў у... ткачы


Наша знаёмства адбылося на свяце млынароў у Адэльску. У імправізаванай сялянскай хаце з рознымі даўнішнімі прыладамі стаялі, між іншым, і кросны, за якімі сядзеў хлопец. Можа проста месца няма, каб сесці, падумалася. Але раптам заўважыла, што ён працуе, кросны рухаюцца, а з іх спаўзае яркі ў палоску палавік. Такі некалі ткалі на вёсках, а зараз купляюць і для гарадскіх кватэр. Пазнаёміліся.


Аказваецца 20-гадовы Вадзім Гняцецкі даўно захапіўся дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, хоць і выбраў іншую прафесію. Скончыўшы каледж камунальнай гаспадаркі, працаваў у садзе мясцовага СВК. Але вырашыў, што будзе больш толку, калі ён звяжа свой лёс з творчасцю. У мясцовым цэнтры культуры знайшлася стаўка загадчыка творчай лабараторыі. І цяпер, лічыць Вадзім, гэта справа стала сэнсам яго жыцця, бо дае магчымасць удасканальваць майстэрства, рабіць прыгожыя рэчы, паказваць іх на многіх раённых і абласных святах.

Праўда, зарабіць на гэтым пакуль складана, кажа Вадзім. Можа, калі толькі на які вялікі фэст выехаць, такі, напрыклад, як «Славянскі базар». Бо чуў, што там тканыя палавікі бойка ішлі па 15—20 рублёў за метр. Але ў скарбонцы маладога ткача іншыя каштоўнасці — дыпломы, узнагароды за перамогу ў конкурсах, пленэрах. У яго калекцыі вышыўкі ёсць нават абраз Ісуса, які ён асвяціў у мясцовым касцёле.

Дарэчы, з вышыўкі і пачаўся яго творчы шлях.

Чаму так здарылася, хлопец і сам не ведае. Калі яго сябрукі пасля школы спяшаліся ў спартыўную залу ці на стадыён, яго цягнула ў цэнтр культуры. Сюды, на гурток вышыўкі, якім і цяпер кіруе Наталля Кавалькова, ён прыйшоў хіба што ў класе шостым, успамінае Вадзім. Вакол — адны дзяўчаты. Тады, на першым занятку, ледзьве здолеў вышыць елачку, — рукі не слухаліся. Дзіўна, але хлопец гэты «жаночы» занятак не кідаў. Вышыў рушнік вясельны, з якім на конкурсе першае месца заняў. Канцэртныя касцюмы аздобіў прыгожай вышыўкай. А потым узяўся і за «бабуліна» рамяство — паспрабаваў ткаць. Бабуля дапамагала яму разабрацца з мудрагелістай тэхнікай, хоць і не верыла, што ён не кіне гэту справу. «Каб раней мужчыну за ткацкім станком убачылі, дык засмяялі б, — кажа Наталля Кавалькова. — А сёння толькі дзівяцца. На святах падыходзяць да Вадзіма, каб упэўніцца, што ён не падстаўны, а сапраўды ўмее гэта рабіць».

Хлопец не толькі ўмее добра ткаць, але і марыць асвоіць падвойнае ткацтва, калі дзве асновы рознага колеру звязаны паміж сабой контурным абрысам малюнка — светлага на цёмным, і наадварот. Такія падвойныя дываны яшчэ называюць «гродзенскімі». Захавала і перадала гэта майстэрства зямлячка Вадзіма, самая вядомая ў рэгіёне ткачыха з Адэльска, — Ядвіга Райская (1911—2003). Яна ўмела ткаць 12 узораў, а за зіму і вясну магла стварыць да 10 дываноў. У яе перанялі вопыт маладзейшыя рукадзельніцы з вёскі Гудзевічы, і цяпер старадаўняя тэхналогія гудзевіцкіх майстрых увайшла ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Дарэчы, у гэтым спісе — тры элементы ткацтва майстроў Гродзеншчыны, што сведчыць аб важнасці захавання рэгіянальнай традыцыі ў беларускай культуры.

Да старажытнага рамяства далучаюцца і мужчыны. У вобласці многія ведаюць таленавітага ткача Яўгена Маркевіча, які таксама асвоіў тэхніку «гродзенскіх дываноў», хоць сам па прафесіі ўрач. І ўсё ж, хлопцы ў гэтай справе пакуль рэдкасць. Вадзім Гняцецкі — на ўвесь Гродзенскі раён адзіны мужчына-ткач. І вельмі гэтым ганарыцца.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Адзін на ўвесь раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.