Чакай ля мора... пагоды
...Акцыянерных таварыстваў сёння шмат — і адкрытых, і закрытых. Некалі мы верылі ў іх, набывалі акцыі — хто за грошы, хто за чэкі «Маёмасць».
Вось і я туды ж — запісаўся ў акцыянеры досыць прыбытковага на той час рыбгаса, стаў чакаць дывідэндаў... І, трэба сказаць, не марна, аднойчы іх налічылі. «Калі ўтрох скінуцца, то на пляшку хапіла б», — жартавалі знаёмыя акцыянеры. Але гэта было даўно, а тут...
Сустрэліся мы неяк з Міколам, трактарыстам гэтага рыбгаса. Стаім на вуліцы, размаўляем. Бачым, яшчэ адзін хлопец да нас кіруе. І галоўнае, злы такі. Кажа:
— Я гэтай Ларысцы (бухгалтарцы) не ведаю, што зраблю!
— ?!
— ...Спытаўся, як на сябе аформіць бацькавы акцыі, дык яна ведаеце што адказала: «А навошта?.. Дывідэндаў усё роўна не будзе».
— Як не будзе? — адно аднаму падміргнуўшы, «здзівіліся» мы з Міколам, — калі ж ёсць! Іх налічылі... Толькі не грашыма, а гэты раз рыбай.
— Праўда? — не паверыў спачатку Міша.
— А як жа! У мяне вось 50 акцый, — дадаў канкрэтыкі Мікола. — Дык я свае паўпуда рыбы ўжо атрымаў.
— А я сваю сёння забяру, — пахваліўся я.
У Мішы, бачым, аж вочы з арбіт. Кажа:
— Усё, я зараз пайду да гэтай Ларыскі! І... І... Ну не ведаю, што з ёй зраблю!
На гэтым слове хлопец развярнуўся і рушыў у бок канторы.
Мы з Міколам зноў пераглянуліся, засмяяліся, але ж думаем: як бы чаго не выйшла...
— Стой, — крычу я ўслед Міхаілу. — Вярніся назад.
Міша неахвотна спыняецца, потым падыходзіць.
— Мы табе няпраўду сказалі, — прызнаецца Мікалай. — Няма ў рыбгасе прыбыткаў, значыць, няма і дывідэндаў. Пажартавалі мы.
— Як гэта, — не разумее Міша, — праўда пажартавалі? Во дурні...
А калі б я зараз у кантору ўваліўся, калі б гвалту там нарабіў?.. Знайшлі чым жартаваць!
...Знайшлі, прычым не шукаўшы, бо не дарэмна ж кажуць: што каму дапякае, той пра тое і гукае.
Васіль Пяшэвіч,
в. Юркевічы, Жыткавіцкі раён.
Рух — гэта жыццё
Дзядзька Макар быў добры чалавек. Ён і сваю гаспадарку пыніў, і людзям дапамагаў. Не мог сядзець без работы, але ж неяк давялося...
Яшчэ з зімы дзядзька планаваў паставіць новы плот ад суседа, а то яго куры так і лезлі ў гарод, так і дралі жончыны грады.
Праз дзень-другі Васіліна збіралася іх разбіць. І ў яго работы — валам было, а вось здароўя ну зусім ніякага: паясніцу скруціла так, што ні сесці, ні ўстаць, хоць крыкма крычы.
— Васілінка! — паклікаў бедны Макар, — можа б ты мне лекаў дала.
Жонка, уляцеўшы ў пакой, злазіла ў аптэчку, выцягнула адтуль нейкую бутэлечку. Макар начапіў на нос акуляры, узяўся чытаць наклейку:
— Так, «Настойка пярцовая»... Вонкавая... Але ж на яе тэрмін сышоў. Мусіць, вычхлася і ўжо не дапаможа? — спытаў ён у жонкі, але той і след прастыў. Ведама, вясна, гаспадарка.
«Трэба на язык узяць!» — падумаў Макар. І, здавалася, толькі дакрануўся да бутэлечкі, а як да гарачай патэльні — так апаліла, так запякло! Макар кінуўся «праціраць» язык рукавом, прамываць вадой, што стаяла ў кубку...
«Добра пячэ, — прызнаў нарэшце, — значыць, можна паясніцу лячыць. Авось дапаможа».
Марна, аднак, спадзяваўся: ні ў той дзень, ні назаўтра яму не палепшала.
— Ну чаго ты ляжыш ды стогнеш? — пілавала яго Васіліна. — Збірайся і едзь у бальніцу. А то зараз дачцэ пазваню, яна цябе мігам здасць.
— Яшчэ што прыдумай, — абураўся гаспадар, — у дачкі болей спраў няма, ёй трэба па дактарах са мною вазіцца. Сам дабяруся.
Лёгка было сказаць, а вось дабрацца... Тая бальніца далекавата была. Каб зрэзаць трохі дарогі, дзядзька, бедны, праз лес паехаў. Ды на чым — на ровары, які трэсла на кожнай выбоінцы і на кожным карэньчыку. Ад гэтага ў Макара аж у вачах цямнела.
Змок, як мыш, пакуль да доктара дабраўся. Потым досыць доўга пасядзеў у чарзе. Але ж, калі нарэшце трапіў на прыём і расказаў, што баліць, лекар супакоіў. Сказаў:
— Не хвалюйся, ратунак ад гэтай хваробы ёсць — гадамі правераны... Я зараз рэцэпт выпішу...
З ім, з гэтым рэцэптам, Макар зайшоў у аптэку і купіў там... «Настойку пярцовую».
— Во ліха, — сказаў аптэкарцы, — мне ж гэтыя лекі Васіліна, жонка мая «прапісала». Чаго я тады ў бальніцу папёрся, чаго ў чарзе тут сядзеў?
Аптэкарка на гэта нічога не сказала. А дзядзька ў хуткім часе паправіўся: можа, яму настойка дапамагла (свежая, прыдатная), а можа, тое, што педалі пакруціў, праехаўся — туды ды назад. Нездарма ж людзі кажуць, што рух можа замяніць чалавеку любыя лекарствы. І ніводны з іх, з гэтых лекаў, не заменіць руху.
Галіна Нічыпаровіч,
в. Магільна, Уздзенскі раён.
План «Перахоп»
Гэта здарылася як быццам даўно, але ж не забылася і дагэтуль.
...Мужа свайго Марына любіла і цаніла, таму чарку дараваць ну ніяк не магла. Ды яшчэ і раўнавала. З-за гэтага яны часта сварыліся, ды так, што Лёнька хапаў свае рэчы і цягу...
Ён меў куды ўцякаць: у райцэнтры жыла яго родная сястра. За выпіўку яна яго таксама не хваліла, але ж шкадавала: як магла суцяшала, разважала, давала прытулак у сваёй кватэры. Лёня ў выніку, паплакаўшы ў камізэльку, праз дзень-другі-трэці вяртаўся дамоў да жонкі.
Для вяскоўцаў гэтая карціна была настолькі прывычная, што на яе ўжо і ўвагі ніхто не звяртаў. Ну, пасварыліся, маўляў, і разбегліся, ну, памірыліся і зноў жывуць...
Але ж адна карціна другой не роўная.
У тую нядзелю Лёня святкаваў дзень шафёра, «на грудзі ўзяў» (казалі, нічога лішняга, бо на сваіх дадому прыйшоў).
Жонка аднак не змаўчала: у хаце ўзняўся чарговы вэрхал.
Муж таксама не стрываў. Ён, як заўжды ў гэткіх выпадках, выскачыў з дома, сеў... у машыну і на ёй, новенькай, паехаў у райцэнтр да сваёй заступніцы. Па дарозе, праўда, трохі супакоіўся, сцяміў, што робіць дурное (як пішуць у пратаколах, кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення), што ад сястры (не кажучы ўжо пра міліцыю) за гэта можа ўляцець не менш, чым ад жонкі... А таму на пад'ездзе ён, як той заяц, вырашыў «замесці сляды»: паставіць машыну паводдаль, зрабіць выгляд, што прыехаў на аўтобусе...
Гэта яму ўдалося, прычым лёгка, аднак не ўратавала, бо ў той вечар сястры было, мякка кажучы, усё роўна, на чым ён прыехаў! Ёй збрыдзелі яго частыя выпіўкі і канфлікты ў сям'і, яго няўменне самому вырашаць свае праблемы.
Факт, што яна таксама ледзь не з парога ўзялася прамываць Лёневы мазгі...
Вось такога павароту брат зусім не чакаў. Ён пакрыўдзіўся (яшчэ і на сястру) і таму зноў выскачыў з хаты, вырашыў тут жа сесці ў машыну...
Але на звычным месцы яе не было! «Укралі?!» — ад гэтай думкі ў Лёні пацямнела ў вачах і забалела ў грудзях, бо як жа — ён столькі гадоў і па капеечцы, можна сказаць, збіраў грошы на новую машыну, сядзеў на хлебе з вадой ... І ўсё для чаго? Для таго, каб зараз нейкі зладзюга...
Добра, што паблізу была тэлефонная будка: «пацярпелы» адразу ж выклікаў міліцыю. І толькі тут канчаткова працверазеў: успомніў, што машыну ён паставіў не пад вокнамі ў сястры, а на суседняй вуліцы.
Не чуючы ног, панёсся туды, убачыў сваю «ластаўку», сеў за руль. Ну і газануў бы... У бок дома... Але нават ад'ехаць нікуды не паспеў: дарогу яму загарадзіла ўзнятая па трывозе міліцыя. «Злодзея» на «скрадзеным» аўто затрымалі і даставілі ў райаддзел.
...За руль у стане алкагольнага ап'янення ён не садзіўся болей ніколі. Па-першае, таму, што ў яго забралі правы, па-другое, таму, што меней стаў выпіваць. Ды і не маленькі, — зразумеў, што з агнём не гуляюць, што свабода, жыццё і сям'я лепей, чым турма і нейкая чарка.
Юрый К., Пастаўскі раён.
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.