Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


 «Спартклуб»

АНТ, з 11 снежня

У новай спартыўнай праграме, якая будзе выходзіць на тэлеканале кожны панядзелак, вядучыя Марыя Лемешава і Андрэй Бандарэнка абяцаюць нясумны вечар у кампаніі экспертаў і знакамітых спартсменаў, а таксама дынамічны агляд спартыўных падзей тыдня, тэлемасты і прамыя ўключэнні са спаборніцтваў, выязныя студыі і стапрацэнтны інтэрактыў. «Гледачы змогуць не толькі прысылаць пытанні для нашых гасцей або адказваць на пытанне тыдня на сайце АНТ, але і выбіраць з дапамогай галасавання самых яркіх герояў спартыўнага тыдня, — інтрыгуе кіраўнік праграмы Максім Ясін. — Чэмпіён галасавання на наступным тыдні будзе супернічаць з новымі прэтэндэнтамі, а напрыканцы года героя, які пратрымаецца даўжэй за ўсіх, чакае адмысловы прыз».

Першы выпуск «Спартклуба» будзе прысвечаны выступленню, бадай, самага вядомага футбольнага клуба краіны — БАТЭ — у Еўракубках, а адной з «разынак» праграмы абяцае стаць эксклюзіўнае інтэрв'ю легендарнага форварда каманды Віталя Радзівонава. Карацей, калі спорт — ваша тэма, не прапускайце вечары панядзелкаў.


«Прывітанне, Андрэй!»

РТР-Беларусь, з 16 снежня па суботах

Папулярны тэлевядучы Андрэй Малахаў, змяніўшы «прапіску» з Першага канала на «Расію», хутка адаптаваўся на новым месцы і гатовы запусціць сваё новае ток-шоу выхаднога дня.

Змест праграмы, як паведамляе прэс-служба тэлеканала, — сустрэча вядучага са знакамітымі гасцямі, абмеркаванне выключна добрых навін і ўспаміны пра розныя прыемныя падзеі, а таксама сенсацыйныя ролікі з інтэрнэту, абавязковы гумар і песні. Словам, нічога прынцыпова новага «галоўнае суботняе шоу краіны» не пакажа, аднак аматарам жанру і прыхільнікам асабіста Малахава дакладна спадабаецца.

Дарэчы, па неафіцыйных звестках назву праекту дала не завышаная самаацэнка вядучага, а аднайменны радок з песні Ірыны Алегравай, якую Малахаў нібыта вельмі любіць выконваць у караоке.


«Жамчугі»

«Беларусь 1», з 12 снежня па буднях

Чарговую шматсерыйную меладраму расійскай вытворчасці многія гледачы называюць «сучаснай версіяй «Джэйн Эйр», са змяненнямі і дапаўненнямі».

Калі вельмі сцісла, то сюжэт закручаны вакол дзяўчыны Жэні, якая з-за людской зайздрасці і подласці рана застаецца сіратой і трапляе ў дзіцячы дом. Але Жэні шанцуе сустракаць на сваім шляху добрых людзей, да таго ж яна верыць, што яе ахоўвае сямейная рэліквія — унікальныя жамчужныя каралі. Ужо дарослай дзяўчынай яна ўладкоўваецца ў багаты дом вядомага мастака ў якасці няні і хутка разумее, што шыкоўны маёнтак захоўвае ў асобным «сакрэтным пакоі» нейкую змрочную і, напэўна, небяспечную таямніцу. Але Жэня нават не здагадваецца, што жаданне яе разгадаць запусціць цэлы ланцуг падзей, ад трагічных да шчаслівых... Словам, інтрыг і перажыванняў тут напоўніцу — і не на адзін дзясятак серый!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.