Вы тут

«Хто ка­го?» — 2017. Най­леп­шае!


«Так павялося між людзей — год пачынаецца з надзей...» А завяршаецца, як ні круці, успамінамі — рознымі. Дробная драбніца: штогод (а ўсяго іх 15, і з добрым гакам!) чытачы «Звязды» прыдумвалі подпісы да здымкаў ды выбіралі сярод іх самыя-самыя: нечаканыя, вострыя, смешныя...


Прозвішчы аўтараў друкаваліся, пераможцы называліся і нават узнагароджваліся (бясплатнай падпіскай на «Звязду», на квартал). І ўсё, як быццам, добра было? Адзінае — здымак друкаваўся раней, той найлепшы подпіс вызначаўся пазней і такім чынам як бы «адрываўся». Таму сёння «карцінка» ўжо цэлая: рэтраспектыва, конкурс «Хто каго?» — 2017. Найлепшае!

Але ж спачатку... Сустракаючы год сабакі, міжволі ўспомнілі, што на адным са здымкаў ён быў — і нават з курыцай, што вершы пра іх чытачы складалі...

Прыйшлося «падняць» падшыўку за... 2008 год (а здавалася, што ўчора было).

Бягуць, змяняюцца гады — напісанае (у тым ліку і чытачамі) застаецца. Такім чынам — здымкі Анатоля Клешчука. Найлепшыя подпісы да іх (па прызнанні журы) друкуюцца апошнімі, пара-тройка папярэдніх (і, здаецца, не горшых?) толькі прэлюдыя.

Калі раптам, неспадзеўку

Да цябе заблудзіць дзеўка,

На ўвагу не скупіся,

Усім, што маеш, падзяліся!

Спадар Міхаіл Дубовік, Бярэзінскі раён


Заключыў няроўны шлюб —

Сам сабе цяпер не люб...

А жаніўся бы на Жучцы,

Жыў бы панам... І ў будцы.

Спадарыня Данута Федчанка, Лагойскі раён


— Ко-ко-ко, мае вы людцы,

Зразумець цяпер магу,

Як жывецца Бобу ў будцы,

Ды яшчэ й на ланцугу.

Спадар Уладзімір Сітнік, Старадарожскі раён


Вельмі дружнай выйшла пара

Ў куркі Рабы і Мухтара:

Ён вартуе пакрысе,

Яна яйкі ўсім нясе.

Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск



Турбазу сёння тлум запоўніў:

Атрад шугае за атрадам.

Вось толькі...

Дзе знайсці «шпакоўню»?

Казалі, ёсць — за даляглядам...

Спадар Віктар Сабалеўскіг. Узда


Ну вось, прагрэс ужо і ў нас:

З'явіўся біяунітаз.

Як ёсць патрэба — дуй туды...

Ды толькі выйшла як заўжды:

Знайсці з ім прыбіральню

Занятак экстрэмальны!

Спадар Валерый Гаўрышг. Чавусы


Свята йшло,

Каб лепш — не трэба!

Ды узнікла тут патрэба...

Самы б час яе спраўляць,

Ды сарціра — не відаць.

Заклапочаны дзяцюк

Па вяроўцы ўзлез на сук,

Адшукаў арыенцір:

«Шыльда» — ёсць.

А дзе ж сарцір?

Спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны


Каб сужэнцы шчасце мелі,

Разлучыць ніхто не мог,

Цешчы трэба ад вяселля

На замок узяць раток.

Спадарыня Сафія Міцкевіч, Валожынскі раён


З ціхай вёскі мужыкі

Трапілі ў сталіцу.

На вісячыя замкі

Сталі падзівіцца.

— Марнатраўства! —

дзед Анціп

Выдае выснову:

— Сто замкоў!

А плот адзін...

Ды і той не новы.

Спадар Віктар Сабалеўскі, г. Узда


Глядзяць арлы

услед жанчынам,

Як гэта здаўна павялося.

А што яшчэ рабіць

мужчынам?

Старым —

хоць гэта засталося.

Спадар Анатоль Кашэвіч, г. Лельчыцы


Афіцэры у адстаўцы

Не пайшлі сядзець

на лаўцы:

Не ўзялі ў кадравікі —

Дык гайда ў вартаўнікі.

Спадарыня Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


Вешай ты хоць сто замкоў,

Зводзяць дзеўкі мужыкоў!

Спадарыня Войцік, г. Бабруйск



Прыкупіла баба Зося,

Што па зніжках дасталося,

І няхай з яе смяюцца,

Яна мае ў што абуцца!

Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск


Мясціны, дзе баравікі,

Не раскрываюць

Грыбнікі...

Сляды Гануля маскіруе:

Такіх —

ніхто «не расшыфруе»...

Спадар Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Няма часу на яду,

На прысмакі — грошай,

Аж губляе на хаду

Новыя галёшы.

На работу у калгас

Бегае заўзята...

Для яе спыніўся час

У сямідзясятых.

Спадар Віктар Сабалеўскі, г. Узда


Як іду на талаку, —

Ледзьве ногі валаку...

А зайграе дзе гармонь,

Усхаплюся, як агонь!

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Да суседкі баба Феня

Ідзе па бульбу на насенне,

Што не ўлезе ў кошык —

Прынясе ў галёшах.

Спадарыня Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы



У каго сягодня нафта —

У таго й даляры:

Свае фірмы, свае яхты

Вілы на Канарах...

Хто шчыруе на зямлі...

Ці ўзаб'ецца на рублі?..

Але ж вілы мае:

Імі гной кідае.


Спадар Валерый Гаўрыш, г. Чавусы

Да халеры розных знакаў

Начапляў даішнік Якаў,

Ды Маруся напрасткі

Цягне Мілак да ракі.

Для каровак там прысмакі,

А ўсе знакі ёй да с...


Спадарыня Любоў Чыгрынава, г. Мінск

(Ад яе ж і ў тэму бліскучае:

Малаку цана — капейкі,

А гаручаму — рублі.

Так прыдумаў ёлуп нейкі,

Каб сагнаць людзей з зямлі.)

Напаі

кароў вадой —

Атрымаеш

сырадой.

А калі ім

колы даць,

Можна...

віскі атрымаць!

Спадарыня Вера Жук, г. Гродна


У наш век,

такі тэхнічны,

Інтэрнэтаўскі,

хімічны,

Столькі чулі... І такога...

Не здзіўляе ўжо нікога,

Што Лысуха ў цёткі Зіны

Ранкам нюхае бензіну.

І Мальвіна слабасць мае —

Дужа колу паважае.

Спадар Віктар Сабалеўскі, г. Узда

Аўтараў найлепшых подпісаў да здымка з «рыбакамі» (гл.  «Калі жонкі ўжо даўно выгрызлі пячонкі…») журы — і вялікае чытацкае, і маленькае рэдакцыйнае  — назаве ў студзені 2018-га. А пакуль — пішыце (новы конкурсны здымак у тым жа нумары «Звязды» за 12 снежня) і думайце: свет захаваўся, таму, што смяяўся… І думаў.



Эх каханне ты каханне...

Лёгкі смех з яго бярэ:

Каго любіш, той не гляне,

Каго не — дамоў вязе.

Спадарыня Галіна Пятроўская, в. Ардашы, Смаргонскі раён


Здаралася такое не штодня,

Даўно было... А людзі

 не забылі:

У санках, дзе мядзведзь

замест каня,

Магнаты пакуражыцца

любілі...

І ў нашы дні,

калі прыйшла зіма,

Ты, далібог,

сябе адчуеш панам!

Няма мядзведзя?

І каня няма?

Дык дзеўка ж ёсць!

І плёнка з цэлафану...

Спадар Анатоль Гарачоў, в. Даўнары, Іўеўскі раён


Нельга траціцца на санкі:

Эканоміць грошы Янка.

— Маня, — кажа ён, —

не паня:

— Добра ёй і ў цэлафане.

Спадар Мікола Кісель, г. Мінск


Плёткі развялі суседзі,

Што на жонцы Янка едзе.

Паказаў ім Ясь тады,

Хто тут едзе сапраўды.

Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.