Вы тут

У Гомелі адкрылі жыллёвы комплекс з дзіцячым садком на першым паверсе


Больш за 23 тысячы дашкольнікаў абласнога цэнтра забяспечаны месцамі, але не ўсе бацькі маюць магчымасць вадзіць дзіця ў садок каля дома. Новая ўстанова можа стаць прыкладам вырашэння гэтай праблемы для ўсёй краіны. Новы садок разлічаны на 60 дзетак.


Ён быў запраектаваны і пабудаваны Гомельскім домабудаўнічым камбінатам. Актуальнасць відавочная — у маладым 19-м мікрараёне Гомеля не хапае ўстаноў для дашкалят. Пры гэтым варыянт з убудаванымі памяшканнямі эканамічна выгадны для горада. Такім чынам скарачаюцца выдаткі на будаўніцтва камунікацый, больш эфектыўна выкарыстоўваецца прастора.

Аб'ект увялі датэрмінова. Яшчэ тры месяцы таму дом быў гатовы толькі на 35 %, а цяпер вось рыхтуецца прыняць маленькіх жыхароў. Таму тэрмінова сабрана мэбля, устаноўлена абсталяванне для харчаблока, памыты падлогі і вокны.

Дашкольнай установе прысвоены нумар 100. У ёй будзе тры групы па дваццаць дзяцей у кожнай. Агульныя — харчаблок, студыя для заняткаў танцамі, музыкай і гімнастыкай. У дзіцячым садку вядзецца кругласутачнае відэаназіранне, абсталявана санкавая, дзе ў зімовы перыяд бацькі могуць пакідаць санкі, улетку — самакаты і веласіпеды. Побач размешчана пляцоўка з верандамі і гульнявымі збудаваннямі. Уваходы ў дашкольную ўстанову і пад'езды ёсць з усіх бакоў будынка. Рух транспарту па тэрыторыі забаронены.

Ужо 3 студзеня 2018 года пачалася звычайная работа дашкольнай установы. Да яе гатовыя шэсць выхавальнікаў, два кухары, медыцынская сястра, пяць чалавек тэхперсаналу і тры вартаўнікі. На цырымоніі адкрыцця старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка адзначыў, што праект не стане першым і апошнім для Гомеля:

— Гэта альтэрнатыва звычайнаму тыпавому дзіцячаму садку на 200—240 месцаў, будаўніцтва якога абышлося б у разы даражэй. Але галоўнае, мы даказалі: можна не чакаць лепшых часоў, не адкладаць будаўніцтва аб'ектаў інфраструктуры на нявызначаную будучыню, а кожны год уводзіць падобны аб'ект.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Крокавая даступнасць і значная эканомія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.