Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


«Сальса»

АНТ, з 8 студзеня

Шматсерыйная меладрама распавядае пра паспяховую масквічку, бізнес-лэдзі Ірыну. Яна адбылася ў жыцці і ў прафесіі — самастойна выхавала сына, пабудавала кар'еру і ва ўзросце крыху за сорак у якасці новага хобі вырашыла паспрабаваць заняткі сальсай, а атрымала...

Ірына ўмудрылася закахацца адразу ў двух мужчын: гарачага танцора і ўплывовага банкіра — і гэта пачуццё літаральна збіла яе з ног і паставіла тлусты крыж на ранейшым, спакойным і размераным, жыцці. Бо разам з танцамі ў яе будні ўвайшлі не толькі станоўчыя эмоцыі, але таксама інтрыгі, палымяная рэўнасць і падман. Разабрацца ва ўсіх гэтых лацінаамерыканскіх жарсцях далёка не так проста, як здаецца пабочным назіральнікам, але гераіня вырашыла, расстаўляючы кропкі над «і», пайсці да канца і высветліць, дзе знаходзіцца сапраўднае, а дзе ўяўнае...


«Сакрэтная папка»

«Беларусь 3», з 8 студзеня па буднях

Што схавана за бліскучымі перамогамі і вялікімі здзяйсненнямі найноўшай гісторыі, хто стаіць за таемнымі змовамі і ашаламляльнымі паражэннямі ў, здавалася б, дэталёва прадуманых вайсковых аперацыях? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні шукаюць стваральнікі дакументальна-палітычнага, публіцыстычна-аналітычнага і перадусім гістарычнага тэлепраекта — цыкла дакументальных фільмаў «Сакрэтная папка».

Вядучы праграмы Дзмітрый Дзіброў абяцае расказаць гледачам невядомыя падрабязнасці і дзіўныя факты з самых што ні на ёсць надзейных крыніц. Напрыклад, у першых выпусках на «Беларусь 3» гаворка пойдзе пра памылкі нямецкай разведкі і пра тое, хто перашкодзіў Берліну атрымаць канкрэтныя звесткі пра будучага праціўніка напярэдадні нападу нацысцкай Германіі на СССР...


«Асаблівасці нацыянальнай падлёднай лоўлі, або адрыў напоўніцу»

«МІР», 14 студзеня

Прысвячаецца прыхільнікам камедыйнай серыі фільмаў «Нацыянальных асаблівасцяў». Канкрэтна гэта, пятая, частка цыкла была знятая ў 2007-м і, магчыма, таму, што да яе ўжо не меў дачынення заснавальнік серыі рэжысёр Аляксандр Рагожкін, стала апошняй.

Уласна, з любімага многімі акцёрскага ансамбля тут засталіся толькі Сямён Стругачоў і Андрэй Федарцоў — яны сыгралі старадаўніх сяброў — рэстараннага музыканта і кампазітара Зіновія і кухара вышэйшага разраду Толіка, чыё жаданне адправіцца на зімовую рыбалку прывяло іх на льдзіну пасярод адкрытай вады, і ў чаканні дапамогі сябры-авантурысты міжволі прыгадваюць розныя экстрэмальныя выпадкі і прыгоды са сваёй багатай біяграфіі. Словам, як і раней, героі п'юць, выдаюць часткова забаўныя, часткова высмактаныя з пальцаў абедзвюх рук малапрыстойныя жарты і філасофствуюць. На гэтым і ўсё, далей сэнс у фільме можна не шукаць. Але, напэўна, на вечар ды пад успаміны пра рыбацкія подзвігі — свае ці сяброў — пойдзе.

Загаловак у газеце: Шматсерыйны інтарэс

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.