Вы тут

У Гродзенскім заапарку з'явіліся экзатычныя віды жывёл


Навасёламі сталі трубказубы і некалькі відаў гіен. Усе жывёлы лічацца рэдкімі, і не кожны заапарк можа пахваліцца такімі насельнікамі. Асабліва цікава выглядаюць трубказубы, якія маюць свіны лычык, заячыя вушы, хвост кенгуру і лапы мурашкаеда.


Разварушыць такіх лежабокаў няпроста. Каб зрабіць здымак, намесніку дырэктара заапарка Віталю Гуменнаму нават прыйшлося пацягаць аднаго з іх за хвост. Толькі тады яны падняліся і мірна паазіраліся вакол. У гэты момант і ўдалося зрабіць некалькі здымкаў (гл. фота на 5-й стар.), пасля чаго парачка трубказубаў зноў прымасцілася адзін каля аднаго.

Па словах Віталя Гуменнага, такі лад жыцця характэрны для гэтых экзатычных жывёл, якія насяляюць толькі Афрыканскі кантынент. Іх паводзіны нагадваюць і парсючкоў, і мурашкаедаў. У дзікай прыродзе яны харчуюцца насякомымі — моцнымі лапамі разграбаюць тэрмітнікі, любяць рыць зямлю, адкуль доўгімі языкамі дастаюць розных жучкоў і чарвячкоў. Пасля таго, як падмацуюцца, зноў залягаюць у спячку. Многія мужчыны зайздросцілі б такому ладу жыцця, жартуе Віталь Гуменны. Устаў, паеў, пачасаўся — і зноў на бакавую. За суткі ў бадзёрым стане знаходзяцца, можа, гадзіну. У заапарку трубказубы не здраджваюць сваім звычкам. Ім нават яшчэ больш часу застаецца на сон, бо ежу здабываць не прыходзіцца — яе ў цёплыя вальеры прыносіць іх даглядчыца Эльвіра.

Побач з трубказубамі пасялілася пара рэдкіх відаў гіен — земляных ваўкоў. Іх таксама завезлі нядаўна. Не кожны заасад можа пахваліцца такім відам, кажа Віталь Гуменны. Яны таксама насельнікі Афрыкі, харчуюцца дробнымі насякомымі і вядуць парна-адзіночны лад жыцця. Падчас наведвання земляныя ваўкі ціха ляжалі ў сваім доміку, амаль не рэагуючы на прысутных. Мабыць, ужо крыху абжыліся на новым месцы.

А вось для двух пар плямістых і паласатых гіен рыхтуюць вальеры з выхадам на вуліцу. Гэтыя віды таксама засяліліся нядаўна. Найбольш рэдкія з іх — плямістыя. Такіх гіен нідзе ў Беларусі не ўбачыш, і ў Гродзенскі заапарк яны трапілі ўпершыню. А вось паласатыя набытыя раней і нават маюць прыплод. Такім чынам, з чатырох відаў гіен тут знаходзіцца тры, што вялікая рэдкасць для заапаркаў. Віталь Гуменны адзначыў, што цяпер навукоўцы не лічаць пятністых гіен трупаедамі, як паласатых. Аказваецца, яны самі вядуць паляванне на жывёл і нават складаюць канкурэнцыю такім драпежнікам, як ільвы і тыгры. Але, у адрозненне ад каціных, яны усю здабычу поўнасцю ўтылізуюць.

І гіены, і трубказубы прывезены ў Гродна з Расіі на часовую экспазіцыю. Праўда, як доўга яны будуць тут, невядома. Магчыма да тае пары, пакуль на іх не будуць знойдзены пакупнікі. Паколькі ўсе віды парныя, то і прыплод таксама будзе належаць гаспадарам.

У найбліжэйшых планах ёсць намер набыць новыя віды жывёл. А вось канкрэтна якія — гаварыць рана, растлумачыў Віталь Гуменны. Паколькі большая частка паступае з Расійскай Федэрацыі, ёсць праблемы з афармленнем дакументаў, у тым ліку мытных працэдур. Гэтыя пытанні па-ранейшаму складаныя, хоць краіны знаходзяцца ў адзінай мытнай прасторы. І ўсё ж у студзені жывёлы павінны паступіць у Гродзенскі заапарк праз абменны фонд, у склад якога ўваходзяць альпакі, ламы, тыгры, зубры. Дарэчы, сімвалам Гродзенскага заапарка з'яўляецца менавіта зубр, яго выява размешчана на эмблеме.

Нядаўна ў заапарк паступіла пара рэдкіх белагорлых варанаў, якіх напярэдадні Новага года знайшлі на мяжы беларускія мытнікі. Вараны знаходзіліся ў сумцы, а гаспадары іх чамусьці так і не аб'явіліся. Мытнікі перадалі сумку з варанамі на ўтрыманне ў заапарк да тае пары, пакуль не вызначыцца іх лёс. Зараз па гэтым факце вядзецца расследаванне, шукаюць уладальнікаў каштоўнага грузу. Калі не знойдуць, суд вырашыць, куды накіраваць рэдкіх яшчарак. Пакуль яны выстаўлены для агляду ў заапарку. Ёсць верагоднасць, што тут і застануцца.

Што датычыцца продажу жывёл, то цяпер попыт у асноўным на дробных грызуноў. А вось некалькі гадоў таму добра куплялі ліс, кажуць, што для палявання. Можна набыць нават кенгуру, зараз, напрыклад, на рэалізацыі малады кенгуру Бенета. Гэты від сумчатых названы ў гонар аўстралійскага натураліста. А ўсяго ў заапарку ўтрымліваецца чатыры асобіны гэтага віду. Таксама рэалізуюцца капытныя — ламы, альпакі. Можна арандаваць гэтых і іншых жывёл для фотасесіі. Вядома, акрамя драпежнікаў. З гэтымі насельнікамі трэба абыходзіцца асцярожна, бо нават мірныя на выгляд каціныя тояць у сабе пагрозу. Не так даўно тут быў выпадак, калі львіца адкусіла руку даглядчыцы.

Некаторыя жывёлы маюць сваіх апекуноў. Імі з'яўляюцца прадпрыемствы і прадпрымальнікі. Шэфская падтрымка аказваецца яванскай макацы, буслам, у тым ліку чорным, яноту-паласкуну і іншым. У заапарку рады кожнаму апекуну.

Што датычыцца набыцця экзатычных відаў, то, згодна з апытаннем на сайце заапарка, наведвальнікі хацелі б у першую чаргу бачыць тут слана (35 %). На другім месцы — панда (22 %), на трэцім — жырафа (22 %). Менш за 10 % галасоў набралі такія жывёлы, як бегемот, лемур, качканос. Дарэчы, у заапарку жылі сланы, і не адзін. Апошнім быў слон Сурак, які загінуў ад хваробы ног гадоў дзесяць таму. Некалькі разоў былі спробы зноў набыць шэрага волата, але ўсё зрывалася. Хоць сланоўнік пабудаваны і чакае свайго насельніка.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сонная парачка і земляны воўк

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.