Вы тут

На што спадзяецца Данія


Амаль палова спажытай у Даніі летась электраэнергіі — рэкордныя для ўсяго свету 43,4 працэнта — была згенераваная з дапамогай ветраных установак. Пра гэта паведаміў агенцтву Rеutеrs міністр клімату і энергетыкі краіны Ларс Крысціян Лілехольт. «Гэта будзе не апошні рэкорд, які мы ўстанаўліваем», — заявіў міністр, растлумачыўшы, што краіна ў будучыні мае намер цалкам адмовіцца ад выкапнёвых энерганосьбітаў на карысць аднаўляльных крыніц энергіі. На што спадзяецца Данія?


Паўночны хай-тэк

Данія — самая паўднёвая са скандынаўскіх краін, яна абмываецца Балтыйскім і Паўночным морамі. Тэрыторыя каралеўства ўключае ў сябе вялікі паўвостраў Ютландыю і 409 астравоў Дацкага архіпелага. Фармальна ў склад краіны ўваходзіць самы буйны ў свеце востраў — Грэнландыя, а таксама Фарэрскія астравы. Аднак гэтыя тэрыторыі карыстаюцца самакіраваннем, якое робіць іх практычна незалежнымі. Плошча краіны складае каля 43 тыс. кв. кіламетраў (працягласць берагавой лініі — звыш 7,3 тыс. км), колькасць насельніцтва, паводле апошніх даных, — 5,7 млн чалавек. Данія — канстытуцыйная манархія, кіраўніком дзяржавы з'яўляецца манарх, які ажыццяўляе заканадаўчую ўладу сумесна з аднапалатным парламентам — фолькетынгам. Гэтая краіна з'яўляецца членам ЕС з 1973 года, але дагэтуль не ўваходзіць у Еўразону. Паўночнае каралеўства — адзін з заснавальнікаў НАТА і Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР).

Дацкая эканоміка — сучасная рынкавая сістэма, якая ўключае ў сябе высокатэхналагічную сельскую гаспадарку, прамысловасць, шырокія меры дзяржаўнай падтрымкі, высокі ўзровень жыцця, а таксама значную залежнасць ад знешняга гандлю.

Вядучыя галіны — металаапрацоўка, машынабудаванне (асабліва электратэхнічнае і радыёэлектроннае), харчовая, хімічная, цэлюлозапапяровая, тэкстыльная, моцная і прыбытковая вытворчасць хай-тэк. У сельскай гаспадарцы вядучая роля належыць мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Данія з'яўляецца стратэгічным транспартным хабам. Доўгі час адной з вядучых галін прамысловасці краіны было суднабудаванне, але за апошні час яго доля ў сусветнай вытворчасці скарацілася.

У дацкай эканоміцы заўсёды пераважалі малыя і сярэднія прадпрыемствы. Урад актыўна падтрымлівае і развівае стартапы, стымулюючы прадпрымальнікаў генераваць новыя ідэі, ствараць інавацыйныя праекты і працоўныя месцы. У Даніі можна хутка і без стартавага капіталу зарэгістраваць уласную кампанію, маючы ўсяго 1 крону (32 капейкі), пры гэтым яна вызваляецца ад выплаты падаткаў да таго часу, пакуль абаротны капітал не перавысіць 50 тысяч крон (каля 16 тыс. рублёў). Кампанію можна зарэгістраваць анлайн на працягу 15 хвілін, падаўшы электронную заяўку і запоўніўшы ўсе неабходныя дакументы. Урад краіны аказвае фінансавую падтрымку найбольш тэхналагічным і інавацыйным стартапам. Так, дапамога кампаніям за чатыры гады склала 128 млн еўра. Ініцыятыва ўрада стымулявала і прыватных інвестараў, аб'ём інвестыцый якіх у стартапы ўжо перавысіў дзяржаўныя ў пяць разоў.

Дарэчы, прызначаны першы ў свеце «лічбавы» пасол МЗС Даніі для ўзаемадзеяння з сусветнымі лідарамі ІT-бізнесу. Ва ўрадзе лічаць, што сусветныя ІT-кампаніі сталі чымсьці накшталт новых краін, і дзяржава павінна рэагаваць адпаведным чынам. Карпарацыі станоўча паставіліся да ініцыятывы. Напрыклад, ІBM адкрывае ў Капенгагене цэнтр па распрацоўцы праграмнага забеспячэння, а Аррlе і Fасеbооk вядуць будаўніцтва ў краіне буйных dаtа-цэнтраў.

Амбіцыйная мэта

Данія бедная карыснымі выкапнямі, таму залежыць ад знешняга рынку. Аднак у плане энергарэсурсаў гэтая краіна цалкам самадастатковая — вядзецца здабыча нафты, прыроднага газу, энергія выпрацоўваецца пры дапамозе ветраной, сонечнай і біяэнергетыкі. Каралеўства ў сусветных лідарах па долі даходаў ад выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў ВУП. Цяпер у гэтай сферы занятыя 67 тысяч чалавек — удвая больш, чым у нафтагазавай галіне.

Каралеўства з'яўляецца «калыскай» ветраэнергетыкі. Дацкая Vеstаs з'яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам ветрагенератараў, а Оrstеd (былая DОNG Еnеrgу) — найбуйнейшым будаўніком ветрапаркаў марскога базавання.

Летась ветрагенератары ў Даніі выпрацавалі 14,7 тысячы ГВт/гадзін, паведаміла Rеnеwаblеs Nоw са спасылкай на дацкую энергетычную асацыяцыю (DЕА). Краіна з кожным годам павялічвае магутнасці ветрагенератараў. Па звестках DЕА, з 2001-га агульная магутнасць ветравых электрастанцый (ВЭС) вырасла ўдвая. Пры гэтым колькасць турбін зменшылася на 20 працэнтаў. Гэта тлумачыцца ўдасканаленнем тэхналогій — для выпрацоўкі адпаведнай колькасці энергіі патрабуецца менш установак.

Агульная магутнасць ВЭС у Даніі — як наземных, так і марскіх — складае 5,3 ГВт. Апошнія 15 гадоў каралеўства ўпэўнена лідзіруе ў выпрацоўцы электрычнасці ветравымі электрастанцыямі сярод краін АЭСР. Толькі за апошні год краіна ўстанавіла некалькі новых рэкордаў. Як стала вядома ў студзені 2017-га, ветравая турбіна ў горадзе Остэрлід за суткі выпрацавала амаль 216 тысяч кВт/гадзін электраэнергіі. Гэтага дастаткова, напрыклад, каб забяспечваць электрычнасцю стандартны амерыканскі дом на працягу 20 гадоў. У зімовыя месяцы ў краіне ўстанаўліваецца ветранае надвор'е — як следства, ВЭС б'юць новыя рэкорды. У лютым мінулага года ветравыя турбіны Даніі выпрацавалі дастаткова электраэнергіі, каб забяспечыць патрэбы ўсёй краіны. Ветрагенератары на сушы выпрацавалі 70 ГВт/гадзін энергіі, а марскія станцыі дадалі яшчэ 27 ГВт/гадзін.

Гэтыя лічбы адлюстроўваюць значнае павелічэнне долі вытворчасці аднаўляльнай энергіі ў каралеўстве з 2008 года, калі яна складала ўсяго 19,3 працэнта. «Мы яшчэ раз паказалі ўсяму свету, што ў Даніі найлепшая энергетычная сістэма ў свеце», — сказаў міністр Ларс Крысціян Лілехольт у заяве для прэсы. У найбліжэйшыя гады ў каралеўстве будуць устаноўлены новыя ветраныя электрастанцыі. «Урад прыкладае намаганні да таго, каб да 2030 года ў Даніі не менш за 50 працэнтаў энергетычных патрэб краіны было пакрыта за кошт аднаўляльных крыніц энергіі, такіх як энергія ветру і сонечная энергія. Гэта вельмі амбіцыйная мэта таксама можа прывесці да стварэння новых працоўных месцаў у каралеўстве», — заўважыў Лілехольт. «Сувязі з еўрапейскім рынкам таксама дазваляюць дацкім вытворцам прадаваць ветраэнергетыку за мяжу», — адзначаецца ў паведамленні міністэрства клімату і энергетыкі краіны, паведамляе Thе Lосаl.

Развітанне з вуглевадародамі

Нафтавы крызіс 1973 года нанёс моцны ўдар па дацкай эканоміцы, следствам чаго стала ўнутраная палітычная нестабільнасць: цягам наступнага дзесяцігоддзя ні адной партыі не ўдалося сфарміраваць доўгатэрміновую ўрадавую кааліцыю. Не дзіўна, што Данія адкрыта дэманструе сваю цікавасць да аднаўляльных крыніц энергіі. Хоць на тэрыторыі краіны працягваецца здабыча «чорнага золата», каралеўства ўжо не валодае ніводнай нафтавай кампаніяй. У жніўні мінулага года дацкая кампанія АР Mоllеr-Mаеrsk абвясціла аб продажы свайго нафтагазавага прадпрыемства французскаму гіганту Tоtаl за $7,45 млрд. Гэтае падраздзяленне займаецца здабычай і перапрацоўкай нафты і газу, якія здабываюцца ў Паўночным моры, а таксама ўдзельнічае ў розных праектах у Казахстане, Алжыры, Анголе, Кеніі, Бразіліі, Іраку і Мексіканскім заліве. У 2016 годзе аб'ём здабычы склаў 313 тыс. бараляў у нафтавым эквіваленце ў дзень. «Гэта пагадненне прыкметна ўмацуе фінансавую гнуткасць нашай кампаніі і вызваліць рэсурсы для канцэнтрацыі на такіх відах дзейнасці, як кантэйнерныя перавозкі, парты і лагістыка», — адзначыў гендырэктар Mоllеr-Mаеrsk Серэну Скоў.

Гэта была апошняя нафтагазавая кампанія, якая належыць Даніі. Продаж Mаеrsk Оіl французам адбыўся ўсяго праз некалькі месяцаў пасля таго, як дзяржаўная дацкая энергакампанія Dоng Еnеrgу прадала брытанскай нафтахімічнай кампаніі ІNЕОS увесь свой нафтагазавы бізнес. Каралеўства развітваецца з вуглевадародамі — Капенгаген пазбаўляецца ад апошніх нафтагазавых актываў.

Як адзначае інфармагенцтва Blооmbеrg, нафта і газ яшчэ спатрэбяцца Даніі, бо менавіта гэтыя рэсурсы дапамогуць фінансаваць пераход на чыстую энергетыку.

Па ўмовах здзелкі, Tоtаl працягне распрацоўку «чорнага золата» ў Паўночным моры. «Чым больш грошай яны заробяць у Паўночным моры, тым больш мы зможам выдаткаваць на пераход да «зялёнай» энергетыкі», — цытуе міністра энергетыкі Даніі Ларса Крысціяна Лілехольта Blооmbеrg. Дарэчы, цяпер паўночны захад Еўропы займае 7-е месца сярод самых актыўных рэгіёнаў па выпрацоўцы нафты і газу ў свеце.

Распродаж нафтагазавых актываў найбуйнейшымі дацкімі прыватнымі і дзяржаўнымі кампаніямі ўваходзіць у рамкі доўгатэрміновай стратэгіі дацкіх улад па нарошчванні долі крыніц аднаўляльнай энергетыкі ў агульнай энергагенерацыі, што было яшчэ раз пацверджана ў праграмным дакладзе дацкага ўпраўлення па энергетыцы за мінулы год. Упраўленне адзначае, што ў 2015-м у Даніі 56 % электрычнага спажывання і 51 % цеплазабеспячэння жылых дамоў забяспечваліся аднаўляльнымі крыніцамі — ветрам, сонцам, біяпалівам. Да 2020 года дацкі ўрад плануе давесці долю аднаўляльных крыніц у вытворчасці электрычнасці да 72 %, а ў ацяпленні — да 71 %.

Зрэшты, энергетычнае ўпраўленне Даніі адзначае, што пасля 2020-га, калі ў ЕС спыніцца дзеянне цяперашняй праграмы ЕU Еnеrgу Еffісіеnсу Dіrесtіvе па субсідаванні альтэрнатыўнай энергетыкі, развіццё гэтага сектара можа запаволіцца. Напрыклад, сістэма адабрэння дзяржаўнай дапамогі пры будаўніцтве наземных ветраных электрастанцый завершыцца ў 2018 годзе, заводаў па вытворчасці біяпаліва — у 2019-м, а па вытворчасці біягазу — у 2023-м. У сувязі з гэтым упраўленне лічыць, што неабходна ўжо зараз пачаць ацэнку эканамічнай мэтазгоднасці далейшага развіцця аднаўляльнай энергетыкі, а для гэтага «неабходна, каб было прынята палітычнае рашэнне аб працягу субсідавання такіх тэхналогій».

Дарэчы, днямі Еўрапарламент ухваліў стратэгічны план «чыстая энергія», які быў вынесены на галасаванне Еўракамісіяй. Як адзначае Еurоnеws, у імкненні дамагчыся поўнай адмовы ЕС ад выкарыстання выкапнёвага паліва Еўрапарламент праявіў сябе яшчэ больш рашуча, чым Еўрапейская камісія. Апошняя настойвала на тым, каб да 2030 года 27 % спажыванай у супольнасці энергіі паступала з аднаўляльных крыніц.

Заканадаўцы ж вырашылі давесці гэтую долю да 35 %. Далей Бруселю трэба будзе перыяд складаных перамоў з урадамі краін — членаў Еўрасаюза. Бакі павінны выпрацаваць агульную пазіцыю да лета бягучага года. А ўласна Данія свой выбар ужо зрабіла і ўпэўнена рушыць па вызначаным шляху.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ветразі каралеўства

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.