Вы тут

Аграпарк па перапрацоўцы садавіны і гародніны з'явіцца на Гродзеншчыне


Першы ў Беларусі аграпрамысловы парк з міні-заводам па перапрацоўцы ягад, садавіны і агародніны будзе дзейнічаць у Гродзенскай вобласці

Многія ведаюць: каб захаваць сабраны з агарода і саду ўраджай, — трэба яго перапрацаваць. Хтосьці кансервуе, хтосьці кладзе ў маразільнік, а нехта — у сушыльную камеру. Здаецца, справа няхітрая. І ўсё ж для таго, каб яе засвоіць, у Гродне створаны цэлы аграпарк.


Работа парка будзе падпарадкавана навуцы. Таму і базай абрана галоўная навучальная ўстанова дадзенага профілю ў рэгіёне — Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Тут будуць праходзіць семінары, кансультацыі, але не толькі. Вытворцы змогуць убачыць працэс сушкі і замарозкі на сучасным тэхналагічным абсталяванні.

Сёння фермеры актыўна пераходзяць на садова-ягадныя культуры, паведамілі ў Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў. Новы кірунак можа стаць прыбытковым для рэгіёна, калі наладзіць тут перапрацоўку. У прыватнасці, выкарыстаць метад шокавай замарозкі. Такія ягады карыстаюцца попытам, таму што не губляюць сваіх пажыўных рэчываў.

— Тут поле дзейнасці вялікае, — адзначае дацэнт кафедры агульнага земляробства Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, кіраўнік праекта Андрэй Рэгілевіч. — Напрыклад, вытворцам трэба ведаць, пры якой тэмпературы захоўваюцца карысныя рэчывы, а пры якой ужо не. Тая ж чорная парэчка, у якой безліч вітамінаў, пры звычайным відзе замарозкі губляе 30 працэнтаў гэтых вітамінаў, а пры шокавай — усяго 5—7 працэнтаў.

Праект у першую чаргу будзе скіраваны на вытворчасць агародніны і садавіны. Пакуль фермерскі патэнцыял у гэтай справе невысокі. Бо многія задумваюцца: а куды потым падзець свой ураджай?

Адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельгаспрадукцыі Гродзеншчыны Генрых Мыслівец таксама паскардзіўся, што не ўся агародніна рэалізуецца. Ён таксама пачынае наладжваць у сябе перапрацоўку, таму праяўляе інтарэс да новага праекта.

— Мы бачым зацікаўленасць фермераў, асабліва ў пытаннях вырошчвання прадукцыі, гэта і новыя гатункі і новыя тэхналогіі, — расказвае экспертны менеджар і каардынатар праекта па стварэнні Гродзенскага аграпрамысловага парка Павел Песціс. — Для вучобы будзем прыцягваць не толькі беларускіх спецыялістаў, але і замежных, у прыватнасці з Польшчы. Праект накіраваны на развіццё перапрацоўкі — замарозкі, сушкі, вытворчасць сокаў. Мы імкнёмся прыцягнуць да гэтага прыватны сектар. У рамках праекта плануем правесці сертыфікацыю прадукцыі фермера Генрыха Мысліўца з Мастоўскага раёна, а таксама адной з гаспадарак Гродзенскага раёна. Усяго 3-4 вытворцы атрымаюць сертыфікаты якасці

Па словах навукоўцаў, фермеры маюць патрэбу ў кансультацыях. Таму база ВНУ стане яшчэ і цэнтрам прадпрымальніцтва аграрнага сектара рэгіёна. Тут будзе аказвацца падтрымка ў напісанні бізнес-планаў, вядзенні бухгалтарскай і фінансавай дзейнасці. Можна будзе скарыстацца вучэбнымі праграмамі з методыкай і тэхналогіяй перапрацоўкі і захавання сельгаспрадукцыі, што павінна садзейнічаць устойліваму развіццю. Плануецца набыць мабільныя міні-лабараторыі для глебава-расліннай дыягностыкі, якія будуць працаваць у палявых умовах. Набудуць высокаэфектыўны храматограф, які вызначае змест амінакіслот, вітамінаў, мікатаксінаў у агародніне. Ёсць патрэба і ў інфраскане — прыборы для вызначэння клятчаткі, тлушчаў, бялкоў, маслаў у збожжавых, бабовых, алейных культурах.

— Мы будзем адсочваць увесь шлях агародніны ад насення да перапрацоўкі, — кажа Андрэй Рэгілевіч, — дапаможам знайсці спецыяліста любога ўзроўню, прыцягнуць кампетэнтнага садавода, агранома. Напрыклад, фермера непакоіць праблема — чаму ў яго не расце агурок? Мы з аграномам едзем да яго на поле, робім якасны аналіз глебы і бачым, чаго ў ёй не хапае. Кансультуем па тэхналогіі апрацоўкі глебы. Абгрунтоўваем, якія патрэбны затраты, каб агурок вырас у адпаведнасці са стандартам. Тады будзе эканамічны эфект. Бо калі прадукцыя адпавядае міжнародным стандартам, яна можа не толькі замяніць імпартную, але выйсці на экспартныя пастаўкі.

Гэты аспект вельмі важны для рэгіёна, лічаць спецыялісты абласнога Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Сельгасвытворцы не вельмі зацікаўлены ў вырошчванні агародніны ці садавіны, не кажучы пра ягады, — праблема са збытам ураджаю. Нават фруктовыя кампаненты тых жа ёгуртаў, сыркоў ці іншай прадукцыі ў нас выкарыстоўваюць не мясцовыя, а імпартныя, у прыватнасці з Украіны і Польшчы. Напрыклад, у Гродзенскім раёне вырошчваецца да 30 тон чорных парэчак, але на ўнутраным рынку попыту чамусьці няма, вось і адпраўляюць каштоўную ягаду ў Расію. (Праўда, і гэты кірунак нельга назваць стабільным.) А вось прадаць ягады на малочны завод цяжка, бо тыя ж чорныя парэчкі ці клубніцы трапляюцца толькі з пладаножкамі. Як аказалася, ягаду можна ачысціць у працэсе глыбокай замарозкі спецыяльнымі агрэгатамі. Гэта адзін са спосабаў павысіць канкурэнтнасць прадукцыі. У аграпарку пакажуць, як гэта робіцца.

— На базе аграрнага ўніверсітэта будзе дзейнічаць міні-завод па замарозцы і сушцы садавіны і агародніны, — паведаміў Павел Песціс. — Падрыхтаваны памяшканні, зараз ідзе працэс закупкі абсталявання згодна з міжнародным тэндарам. Вынікі хутка будуць вядомы. Частка абсталявання закуплена. У далейшым універсітэт будзе развіваць гэты напрамак.

У якасці нагляднага матэрыялу навукоўцы будуць выкарыстоўваць сваю прадукцыю з доследнага поля. Мяркуюць пашырыць асартымент, развіваць ягадны напрамак. Асабліваць праекта ў тым, што ён створаны для дэманстрацыі магчымасцяў перапрацоўкі. Да таго ж гэта выдатная база для студэнтаў-аграрыяў. Будучых спецыялістаў рыхтуюць на інжынерна-тэхналагічным факультэце. Студэнты змогуць праходзіць практыку на міні-заводзе. Таксама тут можна павысіць кваліфікацыю, набыць новыя веды, каб пасля пачаць сваю ўласную справу.

— Гэта свайго роду лабараторыя, дзе можна вучыцца малому і сярэдняму бізнесу, — лічыць Андрэй Рэгілевіч. — Тут можна выйсці на новыя віды садова-ягаднай прадукцыі, наладзіць іх перапрацоўку.

У далейшым на базе вопытнага завода можа з'явіцца цэлы холдынг. Адзін фермер пабудуе сховішча, другі — цэх па замарозцы ці сушцы, хтосьці — лінію па вытворчасці соку. Ідэй хапае, тут няма канкурэнцыі, ніша свабодная, кажуць фермеры. Некаторыя з іх гатовы стаць членамі новага кластара. На іх думку, зараз трэба звярнуць увагу на альтэратыўныя віды — клубніцы, вішню, агрэст. Збываць іх у замарожаным выглядзе прасцей. Але пакуль што гэта прадукцыя не даводзіцца да патрэбнай кандыцыі.

Наша даведка

Гродзенскі аграпрамысловы парк створаны ў рамках праекта тэхнічнай міжнароднай дапамогі ААН па прамысловым развіцці (ЮНІДА). Тэрмін дзеяння — тры гады. Агульны бюджэт праграмы складае 980 тысяч долараў, з іх на стварэнне аграпарка выдаткавана каля 300 тысяч. Фінансавым донарам з'яўляецца Расійская Федэрацыя. Чакаецца, што па заканчэнні праекта аграпарк зможа служыць у якасці мадэлі развіцця не толькі ў рэгіёнах Беларусі, але і ў іншых краінах.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Вішню — на мароз, яблык — на сушку

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.