Вы тут

Канстанцін Шаршуновіч пра розныя падыходы да вырашэння праблем


Канстанцін ШАРШУНОВІЧ, начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, чатыры скліканні адпрацаваў у абласным Савеце дэпутатаў. Таму Канстанціна Яўгенавіча, відаць, можна назваць дэпутатам-ветэранам. І яго вопыт, а таксама разважанні, меркаванні могуць стаць цікавымі для тых, хто сёння ідзе на выбары ў мясцовыя Саветы і рыхтуецца прадстаўляць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў.


— Пачаць размову хацелася б з пытання пра тое, што даў вам асабіста гэты вопыт, чаму навучыў, аб чым прымусіў разважаць? Чатыры скліканні гэта не жарты: удзельнічаць у выбарных кампаніях, працаваць у рознай эканамічнай сітуацыі — як у перыяды стабільнасці, так і эканамічнага крызісу. Усё гэта, несумненна, накладвала адбітак на агульны настрой людзей, іх запыты, прапановы. Чым адрозніваецца выбаршчык сённяшні ад таго, які ішоў на прыём да дэпутата дзясятак і больш гадоў таму?

— Цяперашнім кандыдатам у дэпутаты хачу нагадаць, што работа ў мясцовых Саветах грамадская, за яе не плацяць, на яе трэба ахвяраваць свой асабісты час альбо адрываць яго ад асноўнай работы. Трэба быць гатовым да таго, што не заўсёды людзі ідуць з абгрунтаванымі скаргамі і рэальнымі просьбамі ды прапановамі... Але ж разам з тым падчас сесій, падрыхтоўкі да іх, стасункаў з калегамі вучышся мысліць больш маштабна, па-дзяржаўнаму, выходзіш за рамкі сваёй работы, сваёй спецыяльнасці ў ацэнцы многіх падзей і з'яў. Ну і, вядома, вучышся слухаць, разумець людзей.

І яшчэ. Не ведаю, ці так супала, ці сапраўды выбаршчыкі пасталелі, павысілася іх прававая культура, бо іх праблемы і пытанні ў апошнія гады значна адрозніваліся ад тых, што былі на пачатку маёй дэпутацкай работы. Напрыклад, раней найбольш пытанняў датычылася забеспячэння жыллём, часам зварот зводзіўся амаль да простага: «Дэпутат, паспрыяй, каб мне далі кватэру». Даводзілася цярпліва тлумачыць, што ёсць гарадская чарга і законны парадак пастаноўкі ў яе. Цяпер такіх зваротаў амаль няма. Я ўдзячны сваім выбаршчыкам, што яны заклапочаныя навядзеннем парадку ў горадзе. Адзначу, што па ініцыятыве і з дапамогай грамадзян, з прыцягненнем іншых службаў удалося ліквідаваць несанкцыянаваныя звалкі будаўнічых адходаў.

Некаторыя ішлі менавіта як да начальніка ўпраўлення МНС, бо ўздымалі пытанні бяспекі пражывання ў асобных дамах, паказвалі на парушэнні. І мы, вядома, неадкладна рэагавалі. Яшчэ хацелася б сказаць словы ўдзячнасці асобным пажылым выбаршчыкам, якія прыходзілі не прасіць нешта для сябе, а выказвалі заклапочанасць выхаваннем моладзі. Людзі разважалі аб тым, які ўплыў на дзяцей аказваюць сучаснае тэлебачанне ды інтэрнэт, яны прапаноўвалі ачысціць сродкі інфармацыі ад сцэн гвалту і кровапраліцця. Даводзілася тлумачыць, што абласны Савет пры ўсім жаданні не можа вырашыць гэтыя пытанні, а вось улічваць пазіцыю старэйшага пакалення, агучваць яе пры кожным зручным выпадку, каб неяк уплываць на фарміраванне грамадскай думкі, дэпутат можа.

— Якія праблемы ў акрузе альбо горадзе ўдалося вырашыць і сёння можна запісаць гэта ў ваш дэпутацкі актыў?

— Яшчэ падчас першага майго склікання давялося займацца аб'ектам, які пагражаў экалогіі мікрараёна. На тэрыторыі акругі быў такі сумна вядомы ўчастак, яго ў народзе называлі «Міцькі». Пра гэта мне людзі нагадвалі яшчэ ў час першай перадвыбарнай кампаніі. Там доўга размяшчаўся склад ядахімікатаў, у якіх скончыўся тэрмін захоўвання. Жыхары літаральна патрабавалі прыбраць гэты склад. У іх, у прыватным сектары, вада стала непрыгоднай для піцця. Пробы з калодзежаў і калонак паказвалі наяўнасць шкодных рэчываў. Гаспадары баяліся нават агароды паліваць такой вадой. Склад знаходзіўся ў былым ваенным капаніры з савецкіх часоў. Сцены ў пабудовы трывалыя, а падлогі там не было, вось гэтыя небяспечныя рэчывы і прасочваліся ў зямлю.

Пытанне адразу ўзнялі на сесіі, потым разгледзелі на пасяджэнні аблвыканкама. Пасля прыняцця адпаведных рашэнняў былі выдзелены сродкі, выраблена каштарысная дакументацыя. Пасля чаго за работу ўзяліся супрацоўнікі МНС. Выгружалі ўсё ўручную, бо капанір вузкі, з тэхнікай туды не ўлезеш. 390 тон ядахімікатаў выгрузілі і адправілі на перапрацоўчае прадпрыемства ў Гомельскую вобласць. Цяпер у тых Міцьках чыстая тэрыторыя. Пробы праводзілі не раз.

А рашэнні, прынятыя тады сесіяй і выканкамам, датычыліся ўсёй вобласці. Бо падобныя, але значна меншыя па памерах, пункты захоўвання гербіцыдаў знаходзіліся яшчэ ў Драгічынскім, Маларыцкім раёнах. Усе яны былі ліквідаваныя.

З абмеркавання на сесіі пачалося і вырашэнне важнага для абласнога цэнтра пытання будаўніцтва яшчэ аднаго пажарнага дэпо. Брэст імкліва расце ў паўднёва-заходнім накірунку. І ўвесь гэты гарадскі масіў з некалькіх мікрараёнаў, які неафіцыйна называюць Зарэчным раёнам, патрабуе асобнай пажарнай часці. У цяперашніх умовах інтэнсіўнага руху і затораў на дарогах становіцца цяжка, а то і немагчыма вытрымліваць нарматыўныя хвіліны ад выкліку да прыбыцця баявога разліку. А гэта датычыцца бяспекі, часам і жыцця людзей. Таму прынцыпова пытанне было вырашана даўно, гадоў пяць таму выраблена праектна-каштарысная дакументацыя, але пачатак работ адкладваўся з-за адсутнасці фінансавання. Тут варта сказаць словы ўдзячнасці і дэпутатам парламента ад нашых акруг і асабліва старшыні Савета Рэспублікі Міхаілу Мясніковічу, які паспрыяў уключэнню названага аб'екта ў план. Такім чынам, грошы з рэспубліканскага бюджэту выдзеленыя і ўжо ў гэтым месяцы плануецца пачаць работы па падрыхтоўцы будаўнічай пляцоўкі.

Дэпутаты ўсіх узроўняў таксама прыклалі пэўныя намаганні, каб забяспечыць Брэст самым сучасным выратавальным абсталяваннем. І сёння мы маем у горадзе аўталесвіцу вышынёй 54 метры нямецкай вытворчасці, што вельмі важна для падтрымання бяспекі на шматлікіх будоўлях. Ды і жылыя дамы ў 20 паверхаў у горадзе ёсць.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

— З прыведзеных прыкладаў можна зрабіць выснову, што на працягу ўсіх сваіх скліканняў вы лабіравалі пытанні бяспекі пражывання, працы, адпачынку.

— Вядома. Гэтак робяць і іншыя дэпутаты. Калі хто прадстаўляе культурную галіну, значыць, і адстойвае інтарэсы культуры, дактары дбаюць пра ўзровень аховы здароўя, настаўнікі клапоцяцца пра адукацыю. Я і ў Савеце заставаўся начальнікам упраўлення МНС, і на кожнай выязной сесіі, па якіх бы праблемах яны ні праводзіліся, звяртаў увагу найперш на свае пытанні. Бо бяспека і захаванне жыцця, пагадзіцеся, важней за ўсё. Потым ужо можна вырашаць эканамічныя і сацыяльныя праблемы.

— Выязныя сесіі сталі асноўнай формай работы дэпутатаў абласнога Савета. Якая іх эфектыўнасць, на ваш погляд? Што карыснага яны даюць народным абраннікам і гаспадарам тэрыторый, дзе праводзяцца?

— З тым, што сесію трэба праводзіць у раёне, у сельсавеце, а не цалкам у зале пасяджэнняў, думаю, згодны кожны дэпутат. І зноў жа я за сваё, бо ёсць нагода. Адной з самых цікавых ды змястоўных сесій падчас 27-га склікання стаў разгляд пытанняў па сістэме навучання насельніцтва асновам бяспекі жыццядзейнасці. Сесія прайшла на тэрыторыі Камянюцкага сельсавета Камянецкага раёна. Вядома, пры падрыхтоўцы сесіі нашы работнікі не проста прынялі актыўны ўдзел, яны правялі асноўную работу. Таму дэпутатам і шматлікім гасцям было паказана, як праходзіць навучанне ўсіх катэгорый насельніцтва, пачынаючы з дзіцячага садка, потым — школа, працоўны калектыў прамысловага прадпрыемства, установы, далей — работа з камісіяй сельскага Савета, тут жа — роля сельскага сходу.

Потым падчас абмеркавання мы пачулі водгукі старшынь раённых, сельскіх Саветаў: яны гаварылі, што многае возьмуць для работы ў сваіх рэгіёнах. І гэта, лічу, галоўны вынік сесіі.

Можна з кожнага перыяду ці склікання згадваць памятныя, цікавыя, рэзанансныя сесіі. Скажам, у папярэднія гады ў план уключылі форум па падрыхтоўцы пляжаў на вадаёмах да купальнага сезона. Усе ведалі, што будзе праводзіцца сесія, але ніхто не ведаў, у якім раёне, у якім месцы. Значыць, рыхтаваліся ўсе. У дзень сесіі мы аб'ехалі шэраг пляжаў у Бярозаўскім, Івацэвіцкім, Баранавіцкім раёнах. Убачаным у асноўным засталіся задаволеныя. Такім чынам, сесія абласнога Савета падштурхнула раённыя ўлады больш уважліва падысці да адзначанага пытання, выправіць хібы там, дзе яны былі.

Па пытаннях добраўпарадкавання тэрыторый дэпутацкія форумы праходзяць пастаянна. Запомнілася, як мы знаёміліся з работай на прыкладзе Пінска. У горадзе вельмі многае зроблена ў гэтым кірунку, умела выкарыстоўваецца грамадская ініцыятыва. Працуюць органы дваравога, вулічнага самакіравання. Як, дарэчы, і ў Баранавічах. І там мы вывучалі вопыт. Гэта было карысна і цікава ўсім. Тым больш што людзі даволі часта звяртаюцца да дэпутата па пытаннях добраўпарадкавання.

— Прагучалі цікавыя прыклады розных падыходаў да вырашэння задач. А што непакоіць вас як дэпутата са стажам, што застаецца і сёння нявырашаным?

— Тое, аб чым не раз гаварылася на сесіях, на пасяджэннях прэзідыума і камісій: і ў гарадах нашых, і ў вёсках яшчэ многа людзей вядзе асацыяльны лад жыцця. Здараецца, працаздольныя сядзяць на шыі ў бацькоў ці іншых сямейнікаў, а то і ўяўляюць сабой пэўную пагрозу для навакольных. У сельсаветах і іншых структурах існуюць адпаведныя камісіі, праз іх імкнёмся выхоўваць, уздзейнічаць праз грамадскія структуры. І гэта трэба рабіць, нават калі перавыхаванню паддасца адзін са ста... На жаль, выпраўляюцца нямногія... Дастаткова паглядзець нашы зводкі: нецвярозы грамадзянін закурыў, заснуў, справакаваў пажар. Людзі гінуць, застаюцца без жылля, маёмасці. Атрымліваецца, не ўсё мы зрабілі для выхавання суайчыннікаў і паляпшэння грамадскай маралі — значыць, трэба шукаць новыя падыходы.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Чатыры скліканні — гэта не жарты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.