Вы тут

У гэтыя дні «Беларусь 3» адзначае сваё пяцігоддзе


Створаны па даручэнні кіраўніка дзяржавы дзеля папулярызацыі і захавання беларускай культурнай спадчыны, ён пачаў сваё вяшчанне ў пачатку лютага 2013-га. А ўжо сёння штодзень канал у эфіры глядзіць звыш мільёна беларусаў. У яго сотні падпісчыкаў у сацыяльных сетках, праграмы маюць больш за паўтара мільёна праглядаў на YоuTubе.


Павел Лёгкі прызнаўся, што і сам з’яўляецца гледачом «Беларусь-3».

Аснову канала складае тэлевізійная і кінематаграфічная прадукцыя айчыннай вытворчасці. Візітнымі карткамі сталі такія любімыя гледачамі перадачы, як «Калыханка», «Дабраранак», «Размаўляем па-беларуску», «Навукаманія», «Святло далёкай зоркі», «Наперад у мінулае», «Музеі Беларусі», «Камертон», «Святыні Беларусі», «Навіны культуры».

Як адзначыла ў прывітальным адрасе кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, тэлеканал здолеў заняць асаблівую нішу і забяспечыў сабе пастаянную аўдыторыю. Яна ўхваліла прафесіяналізм і кампетэнтнасць калектыву і пажадала «Беларусь 3» доўгай і цікавай тэлевізійнай гісторыі. Намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі заўважыў, што і сам з'яўляецца пастаянным гледачом сацыякультурнага канала:

— Кожную раніцу ўключаю «Беларусь 3», так што я таксама ў ліку той мільённай аўдыторыі гледачоў.

Адметна, што вялікая ўвага на тэлеканале ўдзяляецца папулярызацыі роднай мовы — беларускамоўныя праекты ўласнай вытворчасці складаюць 75 %. Як падкрэсліў стваральнік канала кіраўнік РГА «Белая Русь» Генадзь Давыдзька, Белтэлерадыёкампанія — велізарная нацыянальная каштоўнасць, а «Беларусь 3» — адзін з яе дыяментаў. На яго погляд, у тэлеканала вялікая будучыня, улічваючы дынаміку яго развіцця.

«Беларусь 3» і надалей працягне здзіўляць і радаваць свайго гледача. У эфіры з'явяцца тэлеверсіі ўсіх значных культурных мерапрыемстваў, міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, канцэртаў, найлепшых спектакляў беларускіх тэатраў, творчых сустрэч з вядомымі дзеячамі культуры і мастацтва.

У новым сезоне 2018/2019 чакаецца і шэраг прэм'ер: цыклы праграм аб прадметах культуры і мастацтва «Артэфакты», пра асаблівасці архітэктуры «Архітэктура Беларусі» і пра нематэрыяльную культурную спадчыну «Жывая культура». Але ўсе сакрэты раскрываць не будзем — глядзіце «Беларусь 3» і ўсё пабачыце самі.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Маленькі юбілей важнага тэлеканала

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.