Вы тут

Рамесніцтва сёння — хобі ці спосаб пракарміць сям'ю?


Віталя Шапялевіча аўтар гэтых радкоў не раз сустракала на «Дажынках», іншых кірмашах і святах Брэстчыны. Майстар з Ганцавічаў прадаваў свае вырабы з гліны: вялікія збанкі і гладышы, а таксама маленькія сувенірныя вазы. Адна з такіх ваз стаіць на маім рабочым стале каля камп'ютара. Відавочна, многія любяць, а таксама набываюць кераміку не толькі ў якасці сувеніраў, але і карыстаюцца ёю як посудам. Таму асобныя з нашых майстроў са свайго рамяства сталі ўтрымліваць сям'ю.


Ві­таль  Ша­пя­ле­віч  за работай.

На керамічнай аснове

Прыкладам можа служыць сям'я нашага героя. Віталь з жонкай — шматдзетныя бацькі, яны гадуюць сямёра дзяцей. Старэйшы 15-гадовы сын стаў ужо памочнікам бацьку, наступныя па ўзросце сын і дачка таксама асвойваюць ганчарскую справу. Так што будзе каму перадаваць майстэрства. Віталь Леанідавіч у свой час скончыў Мірскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці ганчарская справа. Спачатку працаваў на Гродзеншчыне, потым вярнуўся на малую радзіму. Купіў неабходнае абсталяванне, уладкаваў майстэрню.

І справы пайшлі. Ганчар Шапялевіч пастаянны ўдзельнік розных выставак і пленэраў. Адзін з самых значных форумаў праводзіцца ў Гарадной Столінскага раёна, там бываюць умельцы і з Беларусі, і з бліжняга ды дальняга замежжа. Ёсць у каго павучыцца, каб плённа працаваць. Для вялікай сям'і Віталь Шапялевіч пабудаваў дом і зарабляе, што называецца, на хлеб надзённы любімай справай.

— Прадаю свае вырабы ў асноўным на розных святах ды кірмашах, а таксама ў салонах-магазінах Мінска, Брэста, іншых гарадоў, — гаворыць майстар.

Прадавец-кансультант брэсцкага салона мастацкіх вырабаў «Скарбніца» Нэля Сафіна расказала, што кераміка Віталя Шапялевіча добра прадаецца. «Вось і нядаўна дзяўчына з Новасібірска купіла гаршчок. Яна казала, што ў Расіі сваёй керамікі хапае, вырабы разнастайныя, але вандроўніца любіць прывозіць сувеніры з розных краін. Такім чынам, вырабы нашых майстроў разлічаны ў першую чаргу на турыстаў, — гаворыць Нэля. — Але ж асноўнымі пакупнікамі з'яўляюцца нашы суайчыннікі. Людзі пачалі звяртаць увагу на праблемы экалогіі, а таксама экалагічнасці побыту. А ў гэтым сэнсе пластыкавая талерка альбо кубак не параўнаюцца з глінянымі. Калі зацікавішся гэтай праблемай, можна атрымаць шмат інфармацыі. Вось і я, — паказвае дзяўчына, — чай п'ю цяпер толькі з керамічнага кубка».

Яшчэ супрацоўніца «Скарбніцы» звярнула маю ўвагу на прадукцыю брэсцкіх ганчароў Тамары і Віктара Тромзаў. Лінейка посуду з цёмнай керамікі выглядала даволі стыльна.

Тамара Тромза пазней расказала аўтару гэтых радкоў, што ўжо тры гады яны з мужам жывуць менавіта на сродкі ад ганчарства. Выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў вырабамі з гліны захапілася яшчэ ў студэнцкія гады. Потым вырашыла асвоіць тэхналогію вытворчасці чорнаглянцаванай керамікі, якая была распаўсюджана на тэрыторыі Пружаншчыны яшчэ з часоў Сярэднявечча. Апошнім вядомым майстрам гэтай справы быў Антон Такарэўскі, якога заўсёды згадваюць на гараднянскім пленэры. Цяпер толькі лічаныя майстры асвоілі названую тэхналогію, сярод іх і Тамара з Віктарам. Традыцыйную народную кераміку яны збольшага адаптавалі пад сучаснасць, вырабляюць гаршкі, кубкі, чайнікі, цукарніцы, пасудзіны для захоўвання сыпкіх прадуктаў, а таксама розныя сувеніры-свістулькі. Талеркі майстры часта робяць з узорамі альбо адбіткамі лістоў і кветак.

Сужэнцы Тромза некалькі разоў на год бываюць на тэматычных форумах, яны не прапускаюць фестываляў, пленэраў, у тым ліку міжнародных, што дае магчымасць развівацца, дзяліцца ўласным досведам. Цяпер ужо самі рыхтуюцца ў сваёй майстэрні праводзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых.

І Віталь Шапялевіч, і сужэнцы Тромза зарэгістраваныя як рамеснікі. Іх дзейнасць рэгулюецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2005 года. Яны плацяць адну базавую велічыню ў год у якасці падатку і займаюцца сваёй справай.

Але ж атрымліваюць даход ад рамяства ў такім аб'ёме, які дазваляе ўтрымліваць сям'ю, адзінкі. «Мы адчуваем на сабе пакупную здольнасць насельніцтва, — гаворыць Тамара Тромза. — Калі б у нашых землякоў былі большыя даходы, прадукцыя прадавалася б, несумненна, лепей». Пра гэта, дарэчы, мне гаварылі і ў магазіне «Скарбніца». Сёння рамесніку прадаць прадукцыю надзвычай складана, тым больш што яе не аднясеш да прадметаў першай неабходнасці.

У супольнасці лягчэй

Менавіта для таго, каб лягчэй было вырашаць многія прафесійныя праблемы, у Брэсце быў створаны першы ў краіне прафсаюз рамеснікаў. Калі гаварыць строга, творчыя людзі аб'ядналіся, каб адраджаць забытыя народныя рамёствы, развіваць нацыянальнае мастацтва, прадстаўляць наш беларускі эксклюзіў на замежных рынках, разам вырашаць адміністрацыйныя, фінансавыя і творчыя пытанні. А на справе яны яшчэ і дапамагаюць адно аднаму.

Узначаліў прафсаюзную арганізацыю таксама рамеснік Жан Васько. Дарэчы, Жан Генадзевіч адным з першых у свой час аформіў патэнт і заняўся вытворчасцю травянога абутку па тэхналогіі сваёй бабулі.

У Брэсцкую прафсаюзную арганізацыю зараз уваходзяць крыху больш за паўсотні чалавек. А ўсяго ў рэгіёне зарэгістравана больш за 5000 рамеснікаў, што з'яўляецца другім паказчыкам у краіне пасля Мінска.

Старшыня прафсаюзнай суполкі тлумачыць, што асобна ўзятаму майстру як фізічнай асобе купіць, скажам, матэрыял для работы абыдзецца даражэй, чым гэта зробіць арганізацыя, калі закажа вялікі аб'ём тавару і атрымае зніжку. Альбо ўзяць пытанне выезду за мяжу: афармленне дакументаў і атрыманне віз для рамеснікаў, якімі нярэдка з'яўляюцца пенсіянеры, шматдзетныя маці, нават студэнты, даволі складаны працэс. А вось арганізацыя можа вырашыць гэта пытанне хутчэй і без пасярэднікаў. Прафсаюзная пярвічка аб'яднала ўмельцаў самых розных кірункаў — ганчароў, бондараў, майстроў вышыўкі, вязання, шыцця і іншых відаў дзейнасці. І галоўнае — крыху больш за год таму рамеснікі адкрылі сваю краму па вуліцы Астроўскага, гэта практычна ў самым цэнтры горада. Тут можна не толькі набыць тое, што выстаўлена на продаж, але і заказаць падарунак. Напрыклад, дубовую бочачку з манаграмай імянінніка альбо тканую вазу, пантофлі з ільняных вяровак ці бранзалет з лекавых траў, сабраных у Белавежскай пушчы і прыгатаваных па рэцэптах, якім не адна сотня гадоў.

Жан Васько лічыць, што сапраўднае рамесніцтва — тое, што мае на ўвазе работу ўручную, — усё ж з'яўляецца хобі, а не сродкам утрымання сям'і. Тых, хто можа дазволіць сабе жыць за кошт рамяства, зусім нямнога. Як паказвае практыка, 80 працэнтаў майстроў маюць асноўную работу, а творчасць з'яўляецца заняткам для душы і спосабам падпрацоўкі. Старшыня прафсаюза адзначыў такі негатыўны факт, калі асобныя нядобрасумленныя людзі купляюць станкі і абсталяванне, але выдаюць свае вырабы за ручную работу. Яны, па сутнасці, займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, хаваюцца ад падаткаў пад маркай рамесніцтва і гоняць шырспажыў. Іх не варта блытаць з майстрамі.

А майстрам можна назваць таго, хто сваімі рукамі адраджае справу дзядоў. Напрыклад, Алу Панасік з Радванічаў Брэсцкага раёна. Яна знайшла бабулін табурэт, а потым асвоіла рэдкі промысел, які называецца вышыўкай па дрэве. У драўляным вырабе свідруюцца дзірачкі, праз якія працягваюцца ніткі. Дык вось, Ала Антонаўна сказала, што з матэрыяламі ёй істотна дапамог прафсаюз рамеснікаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Вышытая дошка, чорнаглянцаваны гладыш, травяны бранзалет

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.