Вы тут

У Віцебску прапануюць паслугу, пасля якой адкрыецца «трэцяе вока»


Усё больш людзей прыязджаюць на Віцебшчыну з мэтай так званага медыцынскага турызму. Гасцям і тутэйшым прапаноўваюць нават такую экзатычную паслугу як «шырадхара». У перакладзе з індыйскага «shіro» — «галава», «dhara» — «плынь». У Віцебскім абласным клінічным цэнтры дэрматавенералогіі і касметалогіі першымі з дзяржаўных медустаноў Прыдзвіння засвоілі гэтую ўнікальную методыку аздараўлення. Яна заснаваная на старажытным індыйскім вучэнні «Аюрведа». Многія называюць яе нават магічнай, бо пасля працэдуры можа адкрыцца «трэцяе вока». Адным з першых магію адчуў на сабе і наш карэспандэнт.


Кансультацыя «анлайн»

— Нетрадыцыйныя метады лячэння даюць магчымасць пацыентам атрымаць дадатковае аздараўленне. І многія насамрэч адчуваюць сабе лепш. Яшчэ не было выпадкаў, каб нехта выказаў незадавальненне, а тым больш паскардзіўся. Пры гэтым у нашым цэнтры не адстаюць ад часу. Ёсць перадавое абсталяванне для дыягностыкі, лячэння. Ужо звыклымі сталі электронныя рэцэпты. Талон на прыём можна заказаць і па інтэрнэце, як і пракансультавацца ў рэжыме «анлайн». Па скайпе падказваем калегам з глыбінкі, які найбольш эфектыўны метад лячэння выбраць, — расказвае галоўны ўрач медыцынскай установы Віктар СПІРЫДОНАЎ.

Цікава, што ў пацыентаў ёсць індывідуальныя электронныя кабінеты. Укаранілі і яшчэ адно «ноу-хау»: пасля візіту да ўрача можна ацаніць якасць працы медыкаў. Гэта робіцца на планшэце каля рэгістратуры. І найлепшыя з найлепшых атрымліваюць прэміі...

Канешне, зацікаўлены ў цэнтры і ў «медыцынскім турызме» — калі чалавек вырашыць прыехаць у Віцебск, яму нават забраніруюць нумар у гатэлі. Заробленыя грошы трацяцца на набыццё абсталявання, рамонт будынкаў, прэміраванне. Вопыт вывучаецца не толькі ў іншых рэгіёнах, але і за мяжой. У прыватнасці, традыцыйна медыкі расказваюць пра напрацаванае на міжнародных канферэнцыях і сімпозіумах.

Рыбкі, п'яўкі, пчолы

— Нядаўна мяне запрасілі наведаць Латвію, каб расказаць пра тое, што мы можам прапанаваць. На ўзроўні кіраўніцтва вобласці заручыўся падтрымкай на паездку. У выніку браў удзел у ІІІ Міжнароднай латгальскай канферэнцыі апітэрапеўтаў, якая адбылася ў Даўгаўпілсе. Канферэнцыя сабрала больш за 100 спецыялістаў з краін Балтыі. Быў падпісаны двухбаковы дагавор паміж нашай установай аховы здароўя і Латвійскай асацыяцыяй апітэрапіі аб супрацоўніцтве ў сферы развіцця нетрадыцыйных метадаў лячэння, абмену вопытам, укаранення новых распрацовак у практычную дзейнасць, — расказвае Віктар СПІРЫДОНАЎ.

Ён уважліва адсочвае, як зарабляюць на медыцынскім турызме ў розных краінах, у тым ліку і ў пытанні нетрадыцыйных метадаў лячэння. Каб лячыцца п'яўкамі, у горад прыязджалі нават з Францыі. Гэта эфектыўна дзейнічае, напрыклад, пры хранічным дэрматозе. Сотні іншаземцаў праверылі на сабе і ўздзеянне біяполя пчол, атрымалі масаж гарачымі камянямі («стоўн-тэрапія»), прайшлі «фіш-тэрапію». Каністрамі набываюць «жывую» і «мёртвую» ваду...

Міжнародны сакратаўскі камітэт, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Оксфардзе, прысудзіў медустанове медаль менавіта за немедыкаментознае лячэнне. А нядаўна галоўны ўрач стаў ініцыятарам укаранення «шырадхары».

І мае сакральны сэнс

Паводле слоў загадчыцы аддзялення нетрадыцыйных метадаў лячэння Галіны СЕРЖАНАВАЙ, «шырадхара» спалучае ў сабе індыйскую масажную тэхніку з уздзеяннем кропель спецыяльнага араматычнага алею, якія падаюць на галаву.

— Гэтая працэдура дабратворна ўплывае на ўвесь арганізм, пачынаючы ад нервовай сістэмы і заканчваючы разгладжваннем маршчын на твары. Стымуляванне вобласці «трэцяга вока» аказвае моцны ўплыў на мазгавыя цэнтры, якія вылучаюць сератанін. Гэтае хімічнае рэчыва выклікае адчуванне задавальнення і расслаблення, — сказала доктар.

«Шырадхара» таксама вызваляе тонкія энергіі ў каналах, размешчаных уздоўж пазваночніка, дапамагаючы супакоіць і «зрабіць чыстым» розум. Сакральны сэнс працэдуры заключаецца ў тым, што, за кошт уздзеяння спецыяльнай сумесі алеяў на чакры і адкрыцця «трэцяга вока», аднаўляецца энергетычнае поле чалавека. Паралельна нівеліруецца негатыўнае ўздзеянне вонкавага свету.

Культ «трэцяга вока» мае старажытныя карані. У многіх усходніх вераваннях яно — абавязковая прыналежнасць багоў. Гэта дазваляла ім бачыць усю перадгісторыю сусвету, будучыню, бесперашкодна зазіраць у любыя куткі свету. Малюнак «трэцяга вока» на лбе бостваў часта можна сустрэць у роспісах і на скульптурах будыйскіх храмаў.

Пад гукі музыкі...

Вядома, што журналісты часцей за усё з гадамі становяцца скептыкамі. І аўтар гэтых радкоў — не выключэнне. Калі мяне папярэдзілі, што некаторыя пацыенты ў першыя хвіліны пасля сеансу забывалі сваё прозвішча, міжвольна ўсміхнуўся. Не верыў! Але, калі пасля ванначкі для ног лёг на масажны стол і пад гукі спецыяльнай музыкі мне пачалі масіраваць галаву, нешта прыемнае адчуў.

Потым быў масаж цела. А падчас «вадаспада» алею з пераменай тэмпературы перыядычна ў думках кудысьці «перамяшчаўся»: туды, дзе мора, цёпла і ніякіх праблем. Шчыра прызнаюся: заснуў. Устаць было нялёгка, бо такі рэлакс атрымаў, што словамі не апісаць. Потым, калі ішоў у карпункт, быццам бы ўзлятаў ад лёгкасці ў целе. І не пашкадаваў, канешне, што «магія» доўжылася каля 1,5 гадзіны. (У пачатку і не думаў, што гэта зойме так шмат часу.)

Як расказалі медыкі, каб адчуць эфект, неабходны не адзін сеанс аздараўлення. Супрацьпаказанняў нямнога: цяжарнасць, анкалагічныя хваробы і расстройства псіхікі.

Дарэчы, каштуе незабыўнае задавальненне ўсяго каля 23 рублёў. Гэта і для Беларусі параўнальна нямнога. Замежныя турысткі канстатавалі, што ў буйных гарадах Расіі нешта аналагічнае каштуе каля 150 долараў. Але пры гэтым там прапануюць не ўвесь «набор» маніпуляцый, якія робяць у Віцебску.

Урачы канстатуюць, што і гараджане сёлета пачалі часта цікавіцца прапановай. І сталі дарыць каханым магчымасць «адкрыць трэцяе вока». Папулярныя і іншыя нетрадыцыйныя метады лячэння. Напэўна, гэта новая тэндэнцыя: людзі пачынаюць разумець, што галоўнае — здароўе і ўнутраная гармонія.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: «Трэцяе вока», адкрыйся!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.