Вы тут

Да правядзення пасяўной гатовыя


Работы пачнуцца пасля прагрэву глебы на глыбіні 10 см да плюс 7 градусаў.

Для правядзення пасяўной у краіне сёлета спатрэбіцца 1,9 млрд рублёў, паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун у прэс-цэнтры БЕЛТА.


Грошы — не праблема

«Згодна з разлікамі правядзення веснавой пасяўной кампаніі, каб яе паспяхова правесці, нам трэба 1,9 млрд рублёў. У тым ліку для закупкі гаруча-змазачных матэрыялаў трэба 347 млн, для набыцця мінеральных угнаенняў — 573 млн, на закупку сродкаў аховы раслін — 348 млн рублёў», — паведаміў Уладзімір Гракун.

Паводле слоў намесніка міністра, крыніцы фінансавання пасяўной ужо вызначаны. Гэта ў тым ліку рэспубліканскі бюджэт, сродкі мясцовых бюджэтаў, ільготныя крэдыты банкаў.

План — 9 млн тон збожжа

«Сельскагаспадарчыя арганізацыі краіны гатовыя да правядзення веснавых палявых работ. Распрацаваны комплексны план, вызначаны аб'ёмы вытворчасці прадукцыі, структура пасяўных плошчаў», — адзначыў Уладзімір Гракун. Пасяўная кампанія пачнецца пасля сходу снегу і прагрэву глебы. Па традыцыі ў першую чаргу работы пачынаюцца ў паўднёвых рэгіёнах.

Намеснік міністра нагадаў, што сёлета плануецца сабраць 9 млн тон збожжа, у тым ліку ў сельгасарганізацыях — 8,3 млн тон. У сельскагаспадарчых, сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках плануецца вырабіць каля 5 млн тон цукровых буракоў, 800 тысяч тон алейнага рапсу, больш за 1,2 млн тон бульбы, 180 тысяч тон ільнотрасты, 629 тысяч тон агародніны і 118 тысяч тон пладоў і ягад.

Калі ацэньваць становішча азімых культур, то спецыялісты даюць збожжавым добрую адзнаку.

Патрэба арганізацый у насенні яравых збожжавых і зернебабовых культур забяспечана на 137 %. У дастатковай колькасці маецца насенне яравой пшаніцы, ячменю (у тым ліку піваварных сартоў), аўса, яравога трыцікале, бульбы. Па словах Уладзіміра Гракуна, забяспечанасць сельгасарганізацый мінеральнымі ўгнаеннямі вышэйшая за ўзровень мінулага года на 19 %. Па выніках конкурсу вызначаны аб'ёмы закупкі сродкаў абароны раслін, якія дазваляюць цалкам забяспечыць захаванасць культур.

Працуем на рост экспарту

Наша краіна плануе сёлета павялічыць экспарт прадукцыі раслінаводства ў краіны Азіі. «Думаю, што ў Расію мы, па меншай меры, пастараемся паставіць аб'ёмы прадукцыі, не меншыя за ўзровень 2017 года. Але будзем нарошчваць пастаўкі ў іншыя краіны — Азербайджан, Узбекістан, Грузію, Кітай», — адзначыў Уладзімір Гракун. Разам з тым, калі Расіі спатрэбіцца павялічыць аб'ёмы паставак, Беларусь гатовая будзе гэта зрабіць, удакладніў намеснік міністра, дадаўшы, што гаворка ідзе пра экспарт бульбы, агародніны і пладоў.

Летась наша краіна экспартавала больш за 380 тысяч тон бульбы, і, па словах Уладзіміра Гракуна, гэты аб'ём «нашмат перавышае паказчыкі мінулых гадоў». Беларуская бульба прадавалася ў Расію, Узбекістан, Азербайджан і нават у Сербію. Павелічэнне экспарту адбываецца шмат у чым дзякуючы своечасоваму правядзенню праграм па развіцці бульбаводства, агародніцтва і пладаводства. «Мы здолелі пабудаваць сховішча для захаванасці гэтай прадукцыі — бульбы, агародніны, яблыкаў. Сёння яны дапамагаюць гандляваць у любы час, таму мы можам нарошчваць экспарт», — растлумачыў Уладзімір Гракун.

Вырошчванне буякоў і бахчавых

Па праграме аграбізнесу да 2020 года дзяржава будзе інвеставаць ва ўсе кірункі, якія прыносяць даход сельскай гаспадарцы. Прадугледжваецца ў першую чаргу развіццё пладаводства (выкуп саджанцаў і пасадка садоў), завяршэнне будаўніцтва сховішчаў, якія ў высокай ступені гатоўнасці, развіццё бульбаводства, насенняводства шматгадовых траў. «Таксама гэта пасадка буякоў, бахчавых культур, распрацоўка тэхналогіі для вырошчвання гэтых культур», — удакладніў Уладзімір Гракун.

Ужо традыцыйна сёлета плануецца закласці новыя сады на плошчы не менш за 500 тысяч гектараў. Паводле ацэнкі Мінсельгасхарча, апошнім часам цікавасць да садоўніцтва расце, асабліва з боку моладзі. «Сёння ёсць шэраг заявак ад маладых фермераў, якія хацелі б заняцца пладаводствам», — адзначыў намеснік міністра.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.