Праект «Аднаўленне асушаных тарфянікаў у Беларусі» Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прэзентавала ў ААН. Прапанова была ўхвалена Сакратарыятам Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем у тых краінах, якія адчуваюць сур'ёзную засуху і/або апустыньванне, асабліва ў Афрыцы.
Як расказалі ў Мінпрыроды, беларускі праект стаў часткай мерапрыемстваў Чангвонскай ініцыятывы «Партнёрства па азеляненні засушлівых зямель», якая фінансуецца са сродкаў Міністэрства харчавання, сельскай гаспадаркі, лясной гаспадаркі і рыбалоўства Паўднёвай Карэі. У межах гэтай міжнароднай ініцыятывы Беларусь была адабрана сярод краін рэгіёна Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі для ажыццяўлення дэманстрацыйнага праекта па экалагічнай рэабілітацыі дэградаваных тэрыторый і ўкараненні падыходу па нейтральнай дэградацыі зямель на мясцовым узроўні.
Сродкі, выдзеленыя на рэалізацыю пілотнага праекта, дазволяць аднавіць парушаныя тарфянікі ў Магілёўскай вобласці. У прыватнасці, будзе здзейснена экалагічная рэабілітацыя (праз пасадку лесу альбо забалочванне) не менш за 1000 га асушаных тарфянікаў для ўключэння іх у гаспадарчы абарот. Адбор канкрэтных тэрыторый для вядзення работ адбудзецца ў маі-чэрвені 2018 года, а само аднаўленне — на працягу 2018—2019 гадоў. Таксама са сродкаў праекта прафінансуюць мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і прадухіленне дэградацыі зямель у будучым.
Рэалізацыя гэтага праекта будзе спрыяць выкананню задач сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці.
Маргарыта ДРАЗДОВА
Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве
Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.