25 Верасень, аўторак

Вы тут

«Знаёмства з патэнцыялам Слаўгарадскага раёна не расчаравала»


Пры падвядзенні вынікаў работы выязнога пасяджэння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што знаёмства з патэнцыялам Слаўгарадскага раёна не расчаравала. Відаць, што тут шмат чаго робіцца і прыносіць станоўчыя вынікі. Але трэба працаваць з яшчэ большай стараннасцю, каб краіна змагла выйсці на новы ўзровень эканомікі.


Удзель­ні­кі пля­нар­на­га па­ся­джэн­ня (зле­ва на­пра­ва): стар­шы­ня Ма­гі­лёў­ска­га абл­вы­кан­ка­ма Ула­дзі­мір Да­ма­неў­скі, стар­шы­ня Са­ве­та Рэс­пуб­лі­кі На­цы­я­наль­на­га схо­ду Бе­ла­русі Мі­ха­іл Мяс­ні­ко­віч, стар­шы­ня Па­ста­ян­най ка­мі­сіі Са­ве­та Рэс­пуб­лі­кі На­цы­я­наль­на­га схо­ду па рэ­гі­я­наль­най па­лі­ты­цы і мяс­цо­вым са­ма­кі­ра­ван­ні Аляк­сандр Па­пкоў.

— Будзем разбірацца з праблемнымі сельскімі гаспадаркамі, дадзім ацэнку кадрам і адпаведным Саветам дэпутатаў. І аргументаў накшталт «я ўсё зрабіў, што мог, гэта там, наверсе, не вырашаецца» быць не павінна. На тое ты і кіраўнік, каб патрабаваць, каб ісці да вышэйстаячых структур, да міністраў. Павінна быць актыўнасць, пераканаўчыя аргументы, асабісты прыклад.

Падчас пленарнага пасяджэння былі заслуханы выступленні прадстаўнікоў міністэрстваў і рэспубліканскіх органаў. Першы намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Ірына Кангро расказала пра асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Магілёўскай і Гомельскай абласцей па выніках 2017-га і першага квартала 2018 года. І гэтыя лічбы паказалі, што органам мясцовага самакіравання трэба будзе добра папрацаваць для паляпшэння становішча і павышэння якасці жыцця насельніцтва.

— З канца 2016 года адзначаецца пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Насельніцтва Гомельскай вобласці паменшылася амаль на пяць тысяч чалавек, Магілёўскай — на 5,7 тысячы, — адзначыла Ірына Кангро. — Колькасць людзей працаздольнага ўзросту зменшылася на пачатку года ў краіне больш чым на 1000 чалавек. Доля насельніцтва з узроўнем даходаў ніжэй за бюджэт пражытачнага мінімуму ў краіне павялічылася да 5,9 %, у Гомельскай вобласці — да 8,1 %, Магілёўскай — 7,6 %. Гомельская вобласць па ўзроўні сярэдняй заработнай платы стабільна займае трэцяе месца, а Магілёўская з перадапошняга месца па выніках 2017 года апусцілася на апошняе ў пачатку гэтага года. Колькасць людзей, занятых на рынку працы, працягвае скарачацца. Самае заўважнае зніжэнне занятых у эканоміцы адбылося ў Магілёўскай вобласці — звольненых тут па-ранейшаму больш, чым прынятых на работу. Летась у краіне планавалася працаўладкаваць 70 тысяч грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы, але Магілёўская вобласць не забяспечыла прагнозны паказчык. Узровень фактычнага беспрацоўя погоршыўся. Мае месца такая негатыўная з'ява, як адток насельніцтва на работу за мяжу. Колькасць дасягнула самага высокага ўзроўню за апошнія шэсць гадоў і ў параўнанні з 2016 годам вырасла ў Гомельскай вобласці на 66 %, у Магілёўскай — на 29 %.

Па выніках 2017 года на Магілёўшчыне адзначаны самы нізкі тэмп унутранага рэгіянальнага прадукту, з тэмпам росту 104 % у першым квартале гэтага года яна па-ранейшаму апошняя.

Намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко расказаў пра ролю мясцовых дэпутатаў у фарміраванні мясцовых бюджэтаў і за кошт чаго гэтыя бюджэты будуць папаўняцца. Слаўгарадскі раён, напрыклад, датуецца на 60 %. Фінансава падмацаваць раён дапаможа прадпрымальніцкая дзейнасць, бо падаткі ад яе застаюцца ў мясцовых бюджэтах.

Аляксандр Каліноўскі, намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі, звярнуў увагу на тое, што трэба ствараць як мага больш цэнтраў эканамічнага росту з высокімі характарыстыкамі інвестыцыйнай прывабнасці, дзе можна атрымаць значныя эканамічныя эфекты. Зараз іх па краіне 62, у Магілёўскай вобласці — восем, у Гомельскай — дзесяць. «Без праектаў, без новай эканомікі дасягнуць ВУП у 100 мільярдаў долараў будзе нерэальна. Стаўка робіцца на бізнес. І Дэкрэт № 7 даў новы імпульс для развіцця прадпрымальніцтва», — падкрэсліў ён.

На жаль, не атрымалі жаданага эканамічнага эфекту ад рэалізацыі на тэрыторыі Магілёўшчыны Указа № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна». Сваімі заўвагамі падзяліўся старшыня Магілёўскага абласнога Савета Дзмітрый Харытончык.

— Праграма пакуль так і не стала дзяржаўнай, — канстатаваў ён падчас пленарнага пасяджэння. — Тыя льготы і прэферэнцыі, якія агаворваліся, не працуюць. Па сутнасці сёння, на паўднёвым усходзе дзейнічаюць тыя ж умовы, што і на ўсіх сельскіх тэрыторыях, якія трапляюць пад дзеянне Дэкрэта № 6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх пасяленняў, сельскай мясцовасці».

Падчас выязнога пасяджэння.

Старшыня аблсавета адзначыў, што развіццё адстаючых рэгіёнаў — задача не толькі адной вобласці, бо зрабіць гэта не дазваляюць аб'ёмы фінансавання. Але ёсць унікальная магчымасць на прыкладзе Магілёўшчыны адпрацаваць механізм, які будзе карысны ў цэлым для краіны.

— Інвестара перш за ўсё цікавіць інфраструктура, гэта дае яму магчымасць знізіць капітальныя ўкладанні да 30 і больш працэнтаў, — паведаміў ён. — Наша мэта — у кожным райцэнтры стварыць па адным індустрыяльным парку. Гэта павінны быць цалкам падрыхтаваныя зямельныя ўчасткі з выразна прапісанымі юрыдычнымі правамі і камунікацыямі, каб на іх можна было размясціць любыя вытворчасці. Правільным будзе падключыць да рашэння гэтага пытання навукова-даследчыя інстытуты, каб больш глыбока вывучыць яго і ўнесці прапановы па комплексным і прававым рэгуляванні.

Дзмітрый Харытончык звярнуў увагу яшчэ на тое, што механізм выдачы крэдытаў Банкам развіцця вельмі складаны. «За два гады з яго дапамогай мы змаглі прафінансаваць у вобласці толькі адзін праект», — падкрэсліў ён.

Вопытам работы Нараўлянскага сельскага Савета дэпутатаў падзялілася яго старшыня Ала Навуменка. Гэта адзін з найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС раён, з карты якога зніклі 40 населеных пунктаў. Але раён адраджаецца і паказвае вельмі добрыя вынікі па занятасці насельніцтва. За 2016—2017 гады тут створана 113 рабочых месцаў на працуючых прадпрыемствах. На прадпрыемстве «Чырвоны мазыранін», прадукцыя якога карыстаецца попытам нават у далёкім замежжы, рэалізаваны інвестыцыйны праект комплекснага тэхнічнага перааснашчэння з укараненнем прагрэсіўных тэхналогій. Шмат увагі ўдзяляецца прыватнаму бізнесу. За мінулы-пазамінулы гады адкрылася дзевяць прадпрыемстваў, восем з якіх — у вытворчай сферы. На 1 красавіка ў раёне зарэгістравана 130 аб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Па выніках гэтага года чакаецца стварэнне 56 працоўных месцаў.

Пры падвядзенні вынікаў пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання былі сфармуляваны рэкамендацыі, якія дапамогуць скаардынаваць работу Саветаў дэпутатаў і павысіць эфектыўнасць іх дзейнасці.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў прапанаваў пры ўзгадненні законапраектаў накіроўваць іх не толькі ў абласныя Саветы, але і ў раённыя. «Галоўнае, каб вы рэагавалі, уносілі свае прапановы, раіліся з насельніцтвам», — падкрэсліў ён. У парламенце таксама збіраюцца прааналізаваць, як у раёнах рэалізуюць канкрэтныя задачы, якія ставіць перад імі Савет па ўзаемадзеянні. «Паспрабуем абагульніць найлепшы вопыт раённых Саветаў і давесці яго праз газету «Мясцовае самакіраванне», — удакладніў Аляксандр Папкоў. — Вельмі шмат чаго станоўчага ёсць у нас».


Аляксандр Папкоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні:

— На прыкладзе Слаўгарадскага раёна мы разгледзелі праблемы, характэрныя для пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС Магілёўскай і Гомельскай абласцей, і паспрабавалі знайсці шляхі іх рашэння. Мы ўбачылі, што ў раёне ёсць дасягненні ў галіне сацыяльнага і эканамічнага развіцця, праглядаюцца вельмі сур'ёзныя перспектывы. Райсаветы, мясцовая ўлада адказваюць за ўсе пытанні, звязаныя з жыццезабеспячэннем чалавека. І мы пастараліся выпрацаваць нейкую пэўную сістэму, каб не было разрыву паміж «нізамі» і «вярхамі». Мы пашукалі новыя формы работы, якія будзем рэалізоўваць. На наступным пасяджэнні, якое адбудзецца на базе Барысаўскага райвыканкама, разгледзім пытанні, звязаныя з гарадской гаспадаркай — развіццём прамысловасці, стварэннем новых працоўных месцаў, рашэннем сацыяльных пытанняў. Нас хвалюе, што трэба рабіць сёння, каб даходная частка бюджэту папаўнялася. Пры гэтым павінна быць сацыяльная абароненасць кожнага чалавека. Кіраўніком дзяржавы пастаўлены задачы па павелічэнні зарплаты, пенсій, стыпендый, і формы работы тут могуць быць самыя розныя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Асабісты прыклад плюс аргументы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.