Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Не было б шчасця, ды няшчасце памагло

...Канстанцінавіч, калгасны каваль, гаспадарку трымаў вялікую: толькі авечак дзясятка паўтара — на чале з Тайфунам.

Гэта, як вы разумееце, баран.

Разумных сярод іх, паводле Кандрата Крапівы, «наогул жа нямнога». Тайфун быў якраз недурны, працавіты. Кожны дзень, у прыватнасці, ён шліфаваў сваё баявое майстэрства — то на варотах, то на суседскай альтанцы, то на дубе, да якога прывязваў гаспадар... Аднак людзей — пры ўсёй сваёй ваяўнічасці — ніколі не чапаў. Наадварот, рады быў кожнаму прыходу суседскай дзяўчынкі Наташы, якая частавала яго пернікамі. Альбо другой суседкі, цёткі Сцяпанаўны (у яе, праўда, не тое што перніка, снегу зімой не выпрасіш)... Дык тая прыйдзе па ваду да кавалёвай студні, напоўніць вёдры, — баран як з-пад зямлі... Рогі настаўляе, разганяецца і па іх... «Каб ты здох, чорт рагаты!» — крычыць тады Сцяпанаўна і зноў набірае ваду...

Вечна п'янага цялятніка Мішаню (той, было, не дапаўзаў да хаты — засынаў дзе-небудзь ля плота) Тайфун таксама не паважаў, але ж каб біць — ды божа барані! Баран яму «масаж» рабіў (то-бок з задавальненнем па ім таптаўся), мог яшчэ «гарошкам» пасыпаць.

«Бач, разбіраецца ў людзях... Не горш за розных псіхолагаў», — гаварыў пра яго каваль. І як у ваду глядзеў.

Рэч у тым, што была ў яго дарослая дачка, і да яе, вядома ж, заляцаліся кавалеры. Найболей — два: адзін — з мясцовых, са шматдзетнай сям'і, разумны, працавіты, другі — з райцэнтра, багаты, адзіны сынок у бацькоў...

Таня душой гарнулася да першага, і бацька гэты выбар падтрымліваў. А вось маці...

— Дачушка, што тая любоў, — уголас разважала яна, — калі ў хлопца за душой ні капейкі... Кутка свайго няма, прафесіі таксама няма (калі ён тую вучобу скончыць, калі зарабляць пачне?)... Ты думаеш, лёгка ўсё нажыць? За ім ты будзеш працаваць з ранку да вечара, як я за бацькам... А як за багацейшага ды за гарадскога пойдзеш, — лягчэй зажывеш, падладзішся неяк, прывыкнеш.

Таня гэтыя маналогі слухала (бо матуля ж дрэннага не параіць?), але ж каб выбар зрабіць... Ну ніяк не магла — нечага ўсё не хапала.

...Хто ведае, колькі б так цягнулася, калі б не адзін выпадак. Неяк пад вечар прыехаў да яе кавалер з райцэнтра. Авечкі ў хляве ўжо былі, Тайфун гуляў па дварышчы. Заўважыў нечаканага госця, а той — яго, абодва насцярожыліся — трохі падумалі. А потым баран з хуткасцю японскай «хонды» рвануўся з месца, падскочыў да спуджанага кавалера, але не ўдарыў — проста вырваў з рук букет гваздзікоў і ўзяўся жаваць.

Хлопец тым часам стаў адступаць да брамкі, да сваіх чырвоных «жыгулёў», што стаялі на вуліцы.

Адкрыў дзверцы, сеў у машыну, але ж пакуль дрыжачай рукой заводзіў яе, Тайфун выплюнуў недаедзены букет і... пайшоў у наступ: з усёй сілы ўдарыў рагамі ў жыгулёўскае крыло, а на развітанне яшчэ і ў бампер...

Недзе праз гадзіну жаніх той прыехаў да кавалёвай хаты яшчэ раз — ужо з бацькамі, для таго, каб спагнаць грошы на рамонт кузава.

Што там за размова была — ніхто не чуў. Вядома толькі, што страты пацярпеламу кампенсаваў спачатку сам гаспадар, а потым і ягоная дачка, бо аддала кавалеру ўсе яго падарункі...

А ў хуткім часе і замуж выйшла за любага сэрцу вяскоўца. Яны добра жывуць, і калі ў Таццяны нехта пытае пра сакрэт сямейнага шчасця, яна са смехам адказвае, што, відаць, не было б яго, тога шчасця, калі б не баран.

Алена Несцяронак, г. Докшыцы


Веру любому зверу...

Да карабейнікаў (вулічных гандляроў) стаўленне ў нас дваякае: адны адмахваюцца, абыходзяць за вярсту, другія шчыра спачуваюць, бо нялёгкая ж праца... Напэўна, таму гэтыя работнікі са сваімі торбамі-бауламі па-ранейшаму з'яўляюцца то дома ў нас, то па месцы работы.

...У тым горадзе і нейкі час яны заходзілі не толькі на прадпрыемствы, але і ў будынак райвыканкама. Ну чаму б і не, калі работнікі яго цікавяцца рознымі навінкамі, да таго ж — людзі і нябедныя, і досыць шчодрыя...

Дык вось аднойчы (ні ахоўнікаў, ні прапускной сістэмы яшчэ не было) у вестыбюль райвыканкама заходзіць чарговы карабейнік. Тут жа, на першым паверсе, сустракае нейкага чыноўніка — прадстаўнічы такі, пры гальштуку...

— Шаноўны, а купіце жонцы сваёй падарунак, — звяртаецца да яго гандляр. (На тое, што гэты бізнес забаронены, увагі мала звярталася.)

— Ды з задавальненнем, — кажа той, — але зараз часу не маю... Вы падніміцеся на чацвёрты паверх, зайдзіце ў кабінет нумар сем. Там шмат што ў вас купяць. Скажыце: я накіраваў. А завуць мяне Мікалай Іванавіч.

— Шчыры дзякуй, — кінуў яму карабейнік і паспяшыў у бок лесвіцы. Па ёй на чацвёрты паверх са сваім нялёгкім баулам і час ад часу адпачываючы, ён «запоўз»-такі на чацвёрты паверх, пайшоў па доўгім калідоры.

Вось ён, нарэшце, той самы сёмы кабінет. На дзвярах пад лічбай нейкая таблічка яшчэ, але ж добра стаміўшыся, чытаць яе прадпрымальнік не стаў: «нацягнуў» на твар дзяжурную ўсмешку, пераступіў парог.

Кабінет аказаўся досыць прасторны, і сядзелі ў ім пяць чалавек. Што здзівіла крыху — мужчыны. «Значыць, і сярод іх (Мікалай Іванавіч хлусіць не будзе, бо навошта яму?) сустракаюцца аматары шопінгу», — падумаў карабейнік. А таму...

— Вітаю вас, — пачаў «выступленне» ён, смела расчыніўшы дзверы. — Дазвольце прапанаваць для вашых каханых жанчын касметыку, парфумерыю, прылады для кухні... Прамаўляючы гэты даўно завучаны маналог, карабейнік стаў выцягваць з баула ўзоры сваіх тавараў, прычым кожны расхвальваў ну проста да нябёсаў!

— Мужык, а ты адрас не зблытаў? — перапыніў яго адзін з чыноўнікаў.

— Не, гэта ж кабінет нумар сем, я не памыліўся?

— Не...

— Дык якраз сюды мне параіў зайсці Мікалай Іванавіч. Ён, відаць, ваш начальнік?

— А, Мікалай Іванавіч, — твары «пакупнікоў» адразу ж пасвятлелі, — тады давайце, расказвайце пра свой тавар. Можа, мы нешта і купім.

На здзіўленне «карабейніка» ўсе слухалі яго і вельмі ўважліва, і не моўчкі, а калі ўсе дыялогі скончыліся, самы цікаўны спытаў:

— А калі мы ўвесь ваш тавар забяром, зніжка будзе?

— Вы жартуеце, — засумняваўся прадавец, — наўрад ці возьмеце ўсё.

— Ды якія там жарты? Бяром, оптам... Ці — дакладней — канфіскуем, а замест грошай дадзім вам копію вопісу.

— Не маеце права, — западозрыўшы няладнае, «карабейнік» стаў ціснуцца да дзвярэй. Але адыход яму быў адрэзаны.

— Вы ў сваёй справе, відаць, навічок, ці ўпершыню ў нашым горадзе? — удакладніў той самы цікаўны. — Інакш нелегальны тавар ніколі б не прыйшлі прадаваць падатковым інспектарам... Хоць бы шыльду на дзвярах прачыталі... Так што сядайце, будзем з вамі акт складаць.

...Шлях у вялікі бізнес пачынаўся ва ўсіх па-рознаму. Непрыемнасцяў і хапала, і хапае ў кожнага. А найбольш у тых, хто схільны многае браць на веру.

Анатоль Палынскі, г. Беразіно


Рухавік падвёў

...Лён некалі нашы жанчыны рвалі рукамі, вязалі ў снапкі, састаўлялі ў кучкі для прасушкі. Потым мужчыны ды падлеткі на конях звозілі яго на ток, дзе здабывалася льняное семя: галоўкі льну «расціраліся» паміж драўляных валкоў, якія прыводзіў у рух так званы ЗіДок — серабрысты рухавічок вытворчасці завода імя Дзяржынскага.

Абслугоўваць гэтую тэхніку зусім няцяжка было: усяго і клопату, што час ад часу падліваць бензіну, падмазваць восі валкоў ды заводзіць... А далей — стой сабе ды любуйся, як завіхаюцца працаўніцы-жанчыны.

Карацей — панская работа ў Сцяпана была. Не дзіва, што ад такой яго ўсё часцей стала на подзвігі цягнуць — на любошчы.

Адну саламяную ўдаву — таксама: спеліся неяк. А каб выкраіць час на лагічны працяг адносін, Любка (звычайна перад абедзенным перапынкам) замест аднаго снапка, як быццам выпадкова, брала ў рукі... тры (маўляў, счапіліся, чэрці), сунула ў валкі, тыя іх «пражаваць» не маглі — пас звальваўся, рухавік спыняўся.

— Рамонт, — камандаваў «механік», і жанкі, як тыя птушкі, адразу ж разляталіся хто куды. Некаму з даёнкай трэ было збегаць на пашу — падаіць каровак, некаму — накарміць дзяцей, мужоў, парасят, ды і самім нешта з'есці...

Не спяшалася хіба Любка, бо куды — мужыка і дзяцей няма, а скаціна ж нідзе не дзенецца — пачакае.

Як, здавалася, і жонка таго «механіка»: яна збірала нешта на стол, чакала свайго сужэнца палуднаваць — і адзін раз, і другі, і трэці...

Муж свае спазненні тлумачыў коратка:

— Матор падвёў: рамантаваць прыйшлося.

Але ж вёска не без пільных людзей: згледзелі яны, што ў Любкі са Сцяпанам службовы раман, ды і данеслі пра гэта жонцы. Тая падчас чарговага «рамонту» наведалася на ток...

«Уляцела» тады Любцы па першае чысло! І мужу не меней: жонка гнала яго дамоў, як тога палоннага — з крыкам, з праклёнамі...

Вяскоўцы, што назіралі за «шэсцем», усяго і казалі:

— Ну што ты зробіш: ЗіДок падвёў.

Іван Сіманёнак, г. Паставы

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.