Вы тут

Хто стварае зону камфорту


Колькі кіламетраў цеплатрасы пракладуць работнікі ўнітарнага жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага прадпрыемства. Аб гэтым і многім іншым расказаў дырэктар УЖРЭП Кастрычніцкага раёна Гродна Мар'ян ЖУК.


— Мар'ян Станіслававіч, чым займаецца ваша прадпрыемства?

— Наша прадпрыемства створана для абслугоўвання жыллёвага фонду Кастрычніцкага раёна. Мы тыя, хто рэдка на вачах ва ўсіх. А калі нас не бачаць, значыць, абслугоўванне жыллёвага фонду вядзецца станоўча. Я лічу, што прадпрыемства на 50 % стварае пазітыўную аўру жыхарам раёна, працаўнікам, якія прыходзяць пасля работы дамоў. У іх ёсць электраэнергія, гарачая вада, цяпло, і ім не трэба аб гэтым клапаціцца. Яны адпачылі і са спакойнай душой пайшлі на работу. Але калі чалавек прыходзіць і ў яго няма, напрыклад, электрычнасці, і ў халадзільніку псуюцца прадукты, тады і ў нашага гараджаніна псуецца настрой і прыбаўляецца клопатаў. А гэта можа адбіцца і на яго працы.

Калі ёсць усе камунальныя паслугі, гэтага ніхто не бычыць. Але калі здараецца нейкі збой, гэта бачаць усе. Мы стараемся так працаваць, каб у нашых спажыўцоў не ўзнікала нараканняў.

— Якім чынам вы забяспечваеце такую работу?

— На прадпрыемстве развіты ўсе вытворчыя ўчасткі: на транспартна-механічным участку займаюцца рамонтам рухавікоў. Калі гэта ўчастак па азеляненні — вядзецца азеляненне і знос аварыйных дрэў — іх мы стараемся зносіць вясной і восенню. Зараз брыгада вядзе касьбу, трэба каб горад выглядаў прыгожа і радаваў вока гасцей і гараджан сваім дагледжаным відам.

Сталярны цэх ажыццяўляе рамонт і забяспечвае сталярнымі вырабамі. Тут працуюць высокапрафесійныя спецыялісты. Сёння яны заняты заказам на агароджу, робяць драўляны плот для гарадской ускраіны, каб быў прыгожы выгляд на ўезде ў горад з боку Літвы. Нашымі драўлянымі фігуркамі ўпрыгожаны горад і тэрыторыя прадпрыемства. Асабліва прыгожа яны глядзяцца на дзіцячых пляцоўках. І сёлета ў рамках месячніка па навядзенні парадку, мы зрабілі прыгожую пляцоўку ў мікрараёне Фолюш, там, стварецца паркавая зона.

Адзін з важных участкаў — па інжынерным абсталяванні. Менавіта тут займаюцца ліквідацыяй усіх аварыйных сітуацый, звязаных з пастаўкай вады і цяпла. Таксама яны вядуць перакладку цеплатрас, замену старых на новыя. На гэтым участку ў нас пяць брыгад, якія практычна працуюць без выхадных, па графіку. Адна з пяці брыгад заўсёды на дзяжурстве. І прытым, людзі не сядзяць і не чакаюць аварыі, а працуюць, выконваюць сваю работу, напрыклад, па перакладцы сетак. Такая работа вядзецца на некалькіх участках у горадзе. Але калі раптам дзесьці аварыя, яны едуць туды. У асенні перыяд чысцяць цеплавыя камеры, калодзежы.

Тэхнікай таксама забяспечаны?

— Мы маем усю патрэбную тэхніку. Ёсць свой пад'ёмны кран, чатыры экскаватары, якія могуць выкарыстоўвацца і для іншых работ, не толькі ў межах нашага прадпрыемства. Сёння я магу стварыць брыгаду з 30 чалавек на касьбу. У нас 13 мотакос, чатыры мотаблокі і машыны для касьбы. Акрамя гэтага ва ўсіх 9 ЖЭСах — па дзве-тры мотакасы. Калі ўчастак па азеляненні УЖРЭПа займаецца выкошваннем цэнтральных вуліц, ЖЭСы косяць у мікрараёнах.

Усяго ў нас 23 адзінкі тэхнікі, у асноўным трактары для расчысткі снегу, з адваламі і шчоткамі. Пры моцных снегападах горад не будзе паралізаваны з-за снежных заносаў, усё хутка пачысцяць. Сёлета асаблівай неабходнасці не было, у адрозненне ад іншых абласцей. Мы толькі аднойчы выпусцілі 11 трактароў, якія лакалізавалі наступствы снегападу.

Маем чатыры вышкі, ад 23 да 28 метраў. У нас працуюць 10 прамысловых альпіністаў, якія могуць дабрацца ў любое месца.

— Якія актуальныя задачы стаяць перад вамі ў гэты перыяд?

— Як я адзначыў, мы заўсёды стаім на ахове інтарэсаў жыхароў нашага раёна. Для гэтага працуе даволі вялікі калектыў — у нашым штаце тысяча чалавек.

Зараз актуальная праблема — перакладка цеплатрасы. Работа патрэбная, бо забяспечвае бесперабойную падачу цяпла ў мікрараёны. Невядома, якой была б сітуацыя, калі б гэтага не рабіць. Можа і не было б таго цяпла. Ці аварыі здараліся б раз-пораз.

Планы складаем на год. Цяпер, напрыклад, ва ўсіх вертыкалях улады — ад раёна да вобласці — прайшлі пасяджэнні, на якіх разгледжаны вынікі ацяпляльнага сезона і пастаўлены задачы на будучы. Згодна з планам, нам неабходна перакласці 10,5 км цеплатрасы. Гэта ўчасткі ад 300 м да 7 км у розных канцах Кастрычніцкага раёна. Летась мы пераклалі каля 6 км цеплатрасы, сёлета трэба зрабіць значна больш. І з гэтай работай, мы, без сумнення, справімся.

— Ці шмат у вас неплацельшчыкаў? Якія меры вы прымаеце да іх?

— Тых, хто мае вялікую запазычанасць, не сказаць, што іх шмат. Пераважная большасць жыхароў своечасова разлічваюцца. Назіраецца тэндэнцыя да зніжэння колькасці і тых, хто мае запазычанасці. Калі ў студзені было 8,3 % пратэрмінаваных плацяжоў, у лютым — 8,1 %, а ў сакавіку — 7,3 %. Трэба сказаць, што да злосных неплацельшчыкаў мы таксама падыходзім жорстка. Закон дазваляе іх высяляць, летась жыхароў 12 кватэр прыйшлося выселіць.

— А якія дасягненні ў вашага канкрэтнага прадпрыемства?

— У нас іх шмат. Бадай, штогод мы дабіваемся высокіх паказчыкаў у працы. Вынікі падводзяцца падчас рэспубліканскага агляду-конкурсу па ўтрыманні і тэхнічным стане жыллёвага фонду. Дык вось, наша прадпрыемства ў 2009, 2011, 2013, 2014, 2015 гадах займала першыя месцы як у абласным, так і рэспубліканскім конкурсе. У 2010 і 2012 годзе прадпрыемства было адзначана Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі за станоўчую работу і найлепшыя паказчыкі. У 2016-м мы таксама першае месца занялі. За 2017 год яшчэ будуць падводзіць вынікі...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.