Вы тут

Наколькі моцная эканоміка Віцебшчыны?


Калі параўнаць стан эканомікі Віцебшчыны з самаадчуваннем чалавека, можна канстатаваць, што назіраецца яго паляпшэнне. Але пакуль, на жаль, не па ўсюды. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў канстатуе, што прыкладна палова раёнаў цягнуць эканоміку назад. І на многіх прадпрыемствах кіраўнікі робяць не ўсё, каб стан спраў нармалізаваўся. Пры гэтым, паводле слоў губернатара, на месцах разумеюць сутнасць стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці. Кіраўнік улады Прыдзвіння патрабаваў актывізаваць працу эканамічных службаў. Ён упэўнены: калі задзейнічаць усе рэзервы, вобласць можа стаць адным з лідараў.  


Плюсы і мінусы

На чарговым пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама абмяркоўвалі адпаведныя вынікі за першы квартал. Выкананы чатыры з пяці ключавых паказчыкаў, якія ўстанаўліваюцца ўрадам. У тым ліку па прадукцыйнасці працы, экспарту, валавому рэгіянальнаму прадукту. Рэгіён працуе з ростам выручкі ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, прыбыткам ад рэалізацыі прадукцыі...

Кіраўнік аблвыканкама Мікалай Шарснёў упэўнены, што ўжо сёлета вобласць можа зрабіць вялікі крок наперад у эканамічным развіцці. Усё больш прыкладаў тэхнічнай мадэрнізацыі прадпрыемстваў, высокая доля інавацыйнай прадукцыі, якую можна рэалізоўваць не толькі ў краінах СНД, экспарт павялічваецца.

Вёска не буксуе

За першыя тры месяцы тэмп росту валавай прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях досягнуў 103,6 %. Гэта, дарэчы, другі вынік у краіне. Працягваецца рэалізацыя прэзідэнцкага Указа па далейшаму развіццю інтэграцыйных структур. Яны створаны на базе “Віцебскага мясакамбіната”, “Глыбоцкага камбікормавага завода”, аршанскага і полацкага камбінатаў хлебапрадуктаў. Сярод іншага, там вядзецца аднаўленне свінагадоўлі, забеспячэнне жывёлагадоўлі кармамі ўласнай вытворчасці. Плануецца пабудаваць восем малочнатаварных фермаў і чатыры рэпрадуктары. Працягнута работа па тэхнічным пераўзбраенні. У сельскагаспадарчыя арганізацыі трапіла больш за 55 адзінак тэхнікі. Яе агульны кошт -- 3,7 мільёны рублёў.

-- У сельскай гаспадарцы зарабілі 183 мільёны рублёў ад рэалізацыі прадукцыі. І гэта на 21,9% больш, чым годам раней. Чысты прыбытак -- 1,7 мільёна рублёў. Колькасць стратных арганізацый паменшылася і крыху перавышае 60, -- адзначае  старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.

На Віцебшчыне плануюць замацоўваць кадры на сяле, гарантуючы некаторым катэгорыям спецыялістаў высокія заробкі. І гэта нават не 500 долараў у месяц у эквіваленце, а ў разы больш.  

Бізнесмены ажывіліся

18, 1 %  ад агульных паступленняў у бюджэт -- ад суб’ектаў прадпрымальніцтва.

Бізнес-структуры, дзякуючы прэзідэнцкаму Дэкрэту №7,  на поўначы краіны “ажывіліся”.

Усяго ў вобласці каля 30,2 тысячы суб’ектаў малага і сярэдняга прадпрымальніцтва. А яшчэ прыблізна 21, 5 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. У дадатак зарэгістраваны больш за 3,7 тысячы рамеснікаў.  

Акрамя ўсяго іншага, назіраецца станоўчая дынаміка па ўцягванні насельніцтва ў эканоміку рэгіёнаў у рамках Указа № 337, які дазваляе грамадзянам працаваць прадпрымальнікамі па заяўным прынцыпе -- у сакавіку так працавала больш за 500 чалавек (у пачатку года -- 270).

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.