Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


«Масква — Касіяпея», «Юнакі ў Сусвеце»

МІР, 1 і 2 чэрвеня

Фантастычныя прыгоды савецкіх школьнікаў у далёкім космасе выйшлі на экраны амаль 45 гадоў таму — і, магчыма, сёння многае ў фільмах Рычарда Віктарава падасца наіўным, смешным і невідовішчным.

Аднак гэта зусім не прычына, каб ігнараваць выратавальную экспедыцыю шасці выдатнікаў і аднаго хулігана ў сузор'е Касіяпеі і ацаніць іх вынаходлівасць у барацьбе з робатамі, якія пачалі прымусова «ашчасліўліваць» абарыгенаў. Колькі доўжыцца палёт да Касіяпеі, хто такія робаты-вяршыцелі і якую ролю ў лёсе цэлай планеты сыграў звычайны цвік?..


«Піт і ягоны цмок»

«Беларусь 2», 2 чэрвеня

Прыгоды, загадкі і фэнтэзі — амерыканскі рэжысёр Дэвід Лоўры скарыстаў грымучую сумесь, каб зрабіць гэтую захапляльную кінагісторыю (дарэчы, рымейк аднайменнага мюзікла 1977 года).

...Недзе ў 1970-х маленькі Піт едзе з бацькамі па лясной дарозе, але трапляе ў аварыю і застаецца зусім адзін. Спалоханы малы ўцякае ў лес, дзе яго акружаюць ваўкі, але раптам тыя разбягаюцца, бо побач з хлопчыкам з'яўляецца вялізны зялёны цмок, падхоплівае дзіця лапамі і ўлятае некуды ўдалечыню. А праз шэсць гадоў Піт і поўны загадкавай магіі цмок, які атрымаў імя Эліят, ужо ў статусе найлепшых сяброў са здзіўленнем бачаць, што ў старажытны лес урываюцца дрывасекі, якія плануюць маштабную вырубку. Праўда, лясны рэйнджар Грэйс спрабуе спыніць незаконныя работы — але тут нехта з прысутных заўважае Піта, а пазней — і Эліята, якога кіраўнік дрывасекаў хоча злавіць і скарыстаць для ўласнага абагачэння...


«Чорная Маланка»

TV1000Ru, 2 і 3 чэрвеня

Супергероямі не нараджаюцца, а становяцца, прычым часта зусім выпадкова — гэта вядома ўсім аматарам коміксаў. Вось і ў расійскім фантастычным баевіку бесклапотны малады чалавек 20 гадоў Дзіма Майкоў проста атрымлівае ад бацькі падарунак — старэнькую чорную «Волгу-21», а ўжо ў працэсе высвятляе, што яго драндулет умее лятаць у паветры не горш за знішчальнікі.

Хлопец з задавальненнем лунае над маскоўскімі пробкамі, пакуль не здараецца бяда — гібель бацькі, якая прымушае Дзіму перагледзець жыццёвыя прынцыпы. Ён вырашае скарыстоўваць цудоўную машыну, каб дапамагаць людзям, і хутка становіцца супергероем — улюбёнцам гараджан і журналістаў, якія даюць загадкаваму гоншчыку мянушку «Чорная Маланка». Неўзабаве новаму герою давядзецца ўсур'ёз змагацца са злом у небе над Масквой...

Загаловак у газеце: Канікулы? Канікулы!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.