Вы тут

Цэнтр адпачынку з'явіцца ў комплексе «Свяцк», што пад Гроднам


Да нядаўняга часу работы вяліся галоўным чынам унутры палаца. Зараз пачалося вонкавае аднаўленне аб'екта, які хутка паўстане ва ўсім сваім харастве. На завяршальным этапе пройдуць работы з інтэр'ерам, у якім захавалася нямала гістарычных элементаў. Як толькі на гэта будзе падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, рэканструкцыя хутка завершыцца, запэўнілі будаўнікі.


З прыходам цёплага надвор'я работа пайшла значна хутчэй. Амаль гатовы левы флігель, дзе размесціцца гасцініца. У правым крыле такой жа галерэі будзе рэстаран. Больш складана ідуць справы з цэнтральным будынкам палаца. Тут захаваліся тры залы ХVІІІ стагоддзя, рэстаўрацыя якіх патрабуе дадатковых даследаванняў, у тым ліку і апорных канструкцый даху. Па словах галоўнага архітэктара «Гроднажылбуда» Анатоля Пархуты, гэта неабходна, каб забяспечыць аднаўленне гістарычных інтэр'ераў другога паверха і прыстасаванне мансарды пад гасцінічныя нумары. Да таго ж падчас будаўнічых работ пад тынкоўкай знайшлі старажытныя фрэскі. Спецыялісты «Белрэстаўрацыі» пачалі іх аднаўляць. Мяркуецца, што велічныя залы будуць выконваць прадстаўнічыя функцыі. Тут жа размесціцца музей, дзе турысты змогуць даведацца аб гісторыі радавога гнязда Валовічаў, якія і пабудавалі палац.

Дарэчы, сваю сядзібу непадалёк ад Гродна Юзэф Валовіч пабудаваў у канцы ХVІІІ стагоддзя па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ Сака. Палац увасобіў рысы барока і класіцызму. Пазней, на пачатку ХХ стагоддзя, па абодвух баках цэнтральнага будынка з'явіліся бакавыя флігелі і галерэі з калонамі. У такім выглядзе палацавы комплекс разам з гаспадарчымі пабудовамі дайшоў да нашых часоў. Праўда, зараз аб былой велічы нагадваюць толькі дзе-нідзе захаваны дэкор у выглядзе ляпніны на столі, калоны ды каміны. Першапачатковы выгляд захавала і лесвіца, якая вяла ў парадныя залы другога паверха.

Істотную шкоду палацу нанесла Першая сусветная вайна. Будынкі рабавалі, разбуралі, адсюль вынеслі амаль усе рэчы. У такім стане шляхецкая сядзіба ў 20-я гады перайшла ў дзяржаўную ўласнасць. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут быў арганізаваны шпіталь для інвалідаў, а з 1971-га па 2005 год — санаторый для хворых на сухоты. Такім чынам сядзіба роду Валовічаў набыла новы статус — аздараўленчага цэнтра. Такі кірунак захаваецца тут і надалей. Новыя ўласнікі палаца — санаторый «Азёрны» — мяркуюць стварыць многафункцыянальны аздараўленчы турыстычны комплекс з рознымі медыцынскімі паслугамі, у тым ліку спа-працэдурамі. Але гэта далёка не ўсё, чым зможа парадаваць сябе турыст, які прыедзе на адпачынак.

У палацавы комплекс уваходзіць яшчэ шэраг цікавых пабудоў. Напрыклад, тут, акрамя гасцінічных нумароў, музея і рэстарана, прадугледжана адкрыццё вытворчасці жывога піва і непасрэдна піўны бар. Бровар тут быў і раней, але ён амаль поўнасцю разбураны. Зараз будаўнікі завяршаюць работы па яго аднаўленні. Начальнік мікрараёна забудовы «Гроднажылбуда» Віктар Барташ паведаміў, што ідзе актыўная фаза работ. З пачатку года разам з палацам адноўлены гаспадарчыя пабудовы — пральня, канюшні і кацельня. Узведзены будынак для адміністрацыі.

Гэтыя мясціны прывабныя і сваёй паркавай зонай з вадаёмамі, якія звязаны паміж сабой судаходным шлюзам. Дарэчы, уласнікі добраўпарадкавалі тэрыторыю, пакуль ішлі праектныя работы па палацы. Побач з ім і паркам стаіць сямейная каплічка Валовічаў. Доўгі час тут была пошта, а зараз гэта месца для богаслужэнняў, куды раз на тыдзень прыязджае святар.

Мясцовыя ўлады надаюць важнае значэнне рэканструкцыі палаца. Па-першае, гэта гісторыка-культурны аб'ект нашай спадчыны, які амаль 10 гадоў стаяў занядбаны, па-другое, сюды ўкладзена больш за 10 млн долараў. Губернатар Уладзімір Краўцоў два гады запар працаваў тут падчас рэспубліканскага суботніка і змог ацаніць маштабы таго, што зроблена за год. Праўда, на тэмпы рэканструкцыі ўплываюць эксперты-рэстаўратары. Сапраўды, за пяць гадоў ужо складзена пяць тамоў даследаванняў, як праекціроўшчыкі вывучалі архіўныя дакументы, каб узнавіць воблік палаца часоў Юзэфа Валовіча. І сёння яшчэ не ўсе работы ў гэтым кірунку завершаны, у праект увесь час уносяцца змены. Таму вырашана, што аб'ект будзе ўводзіцца паэтапна. Па словах губернатара, да канца года сюды змогуць наведацца першыя турысты.

Нядаўна на будаўнічай пляцоўцы пабываў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко. Ён падкрэсліў, што аздараўленча-забаўляльны комплекс будзе мець важнае значэнне ў турыстычнай інфраструктуры з улікам бязвізавага рэжыму і блізкасці да Аўгустоўскага канала. У наступным годзе чакаецца павелічэнне турыстычнага патоку ў сувязі з правядзеннем у Беларусі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Свяцк да гэтага таксама павінен быць гатовы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Цэнтр адпачынку ў старажытным палацы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.