Вы тут

Брэсцкі раён аказаўся першым на шляху захопнікаў


Заўтра ў Брэсце адзначаць 77-ю гадавіну пачатку вайны. Па традыцыі, якой больш за паўвека, на досвітку ў крэпасці пройдзе мітынг-рэквіем. Пасля — рэканструкцыя падзей таго далёкага чэрвеньскага дня.


У гэты дзень людзі збіраюцца ў Брэсцкай крэпасці яшчэ да раніцы. А палове на чацвёртую, калі з розных канцоў горада пачынаюць падцягвацца гараджане, яшчэ стаіць начны змрок, не спяваюць птушкі, цытадэль сустракае напружанай цішынёй. Тады ахоплівае асаблівае пачуццё, відаць, яго можна назваць пачуццём вайны. Яна прыйшла, абрынулася ў такі ж перадсвітальны час. І пачуццё гэтае нарастае, захоплівае, трывожыць...

За радком мемуараў

Даўнавата ўжо ў Музеі абароны Брэсцкай крэпасці давялося гартаць старонкі кнігі нямецкага гісторыка П. Карэла. Ён адзін з тых, што наступалі на брэсцкім напрамку ў 1941 годзе. Гэтыя радкі і сёння выклікаюць дрыжыкі: «Было тры гадзіны 12 хвілін. Кожны глядзеў на цыферблат. У кожнага быў камяк у горле. У кожнага пачашчана білася сэрца. Цішыня была невыноснай. 3 гадзіны 13 хвілін. Яшчэ было не позна змяніць ход падзей. Пачатак незваротнага яшчэ не адбыўся. Але далей паўзлі па цыферблаце стрэлкі, і вайна супраць Савецкага Саюза, які ляжаў наперадзе, у мёртвай цішыні, набліжалася няўхільна. 3 гадзіны 14 хвілін. Як прывід, драўляная вежа Вулькі Дабрыньскай вызначалася на фоне неба. Першае бледнае святло з'явілася на гарызонце. Мёртвая цішыня ўсё яшчэ панавала па ўсім участку групы армій «Цэнтр». Лясы спалі. Палі былі спакойныя... Роўна ў 3.15 пачаўся ўраган і пранёсся над нашымі галовамі з такой сілай, якой мы ні разу не адчувалі ні да гэтага, ні ва ўсім наступным ходзе вайны. Гэты гіганцкі канцэнтраваны агнявы вал літаральна скалынуў зямлю. Над цытадэллю як грыбы выраслі густыя чорныя фантаны зямлі і дыму».

Так гэта бачылася з боку тых, хто прынёс сюды смерць. А ў крэпасці, напрыклад, дзясяткі людзей загінулі, нават не паспеўшы зразумець, што здарылася. І не толькі ў крэпасці. Згаданы нямецкім мемуарыстам гіганцкі агнявы вал абрынуўся таксама і на навакольныя вёскі, на пагранічныя заставы, якія знаходзіліся ўздоўж мяжы. У вёсках загарэліся хаты, у пошуках ратунку людзі беглі ў поле і лес. Карэл у сваёй кнізе згадвае не толькі Вульку Дабрыньскую, яшчэ Кацельню Баярскую, іншыя населеныя пункты. Дык вось Вулька Дабрыньская цяпер знаходзіцца з польскага боку, а Кацельня Баярская — у Брэсцкім раёне, амаль на самай мяжы. Толькі апошні карэнны жыхар вёскі ўжо адышоў у іншы свет, а нябедныя брастаўчане, якія пабудавалі там летнія дамы, пра вайну расказаць не могуць.

Застава каля вёскі Чылеева

Што здзіўляцца? 77 гадоў прайшло. Але і праз столькі гадоў унук капітана Грыненкі, абаронцы 5-й памежнай заставы, якая дыслацыравалася каля вёскі Чылеева, шукае магілу свайго дзеда. Байцы чылееўскай заставы аднымі з першых сустрэлі вайну, большасць з іх загінула. А родныя Сямёна Грыненкі атрымалі паведамленне, што іх муж і бацька прапаў без вестак. Самая крыўдная фармулёўка таго часу. Бо выраз «прапаў без вестак» мае нейкую двухсэнсоўнасць. Жонка Сямёна Максімавіча Марыя Уладзіміраўна, пакуль жыла, спрабавала адшукаць магілу мужа. Ёй дапамагала дачка Ала Сямёнаўна Пічугіна. Справу працягнуў унук франтавіка расіянін Аляксандр Пічугін.

Некалькі гадоў таму Аляксандр звярнуўся ў брэсцкія газеты, у савет ветэранаў з просьбай дапамагчы, падзяліцца звесткамі. Многае праяснілася. Напрыклад, у кнізе Уладзіміра Цяльца «Мяжа 41», а таксама ў кнізе «Памяць. Брэсцкі раён» падрабязна апісаныя апошнія дні і апошнія гадзіны чылееўскай заставы.

Пятая застава 17-га Чырванасцяжнага пагранічнага атрада ахоўвала ўчастак мяжы па рацэ Заходні Буг працягласцю шэсць кіламетраў. Літаральна за дзень да вайны на заставу прыбылі начальнік 1-га аддзялення штаба атрада капітан Грыненка і палітрук аддзела прапаганды атрада Грачухін. Камандаванне лічыла гэты ўчастак надзвычай важным, таму ўзмацненне яго было праведзена яшчэ ў маі, сюды камандзіравалі 3-і батальён 125-га стралковага палка 6-й дывізіі. Усяго на заставе з улікам узмацнення было сабрана больш за 100 чалавек. 21 чэрвеня байцы капалі акопы, ставілі абарончыя збудаванні, а на світанні пачалася бамбёжка, і немцы пайшлі ў наступленне.

Камандаванне абаронай, як старшы па званні і пасадзе, прыняў капітан Грыненка. Пагранічнікі сустрэлі ворага кулямётным агнём і змаглі адбіць першую атаку, але сам капітан падчас бою загінуў. Пасля гэтага камандаванне ўзяў на сябе лейтэнант Багамаз — начальнік чылееўскай заставы. Немцы, крыху ачомаўшыся, пусцілі ў ход артылерыю і пад прыкрыццём агню акружылі заставу. Потым пайшлі танкі. Калі стала відавочна, што далей стрымліваць наступленне праціўніка немагчыма, было прынятае рашэнне выходзіць з акружэння. У групе прыкрыцця было 20 байцоў на чале з палітруком Сарокіным. Амаль усе яны загінулі, цяжкапараненыя трапілі ў палон. Усяго некалькі чалавек здолелі адысці ў бок Лышчыц. Некаторыя параненыя дабраліся да Чарнаўчыц, тутэйшы фельчар Сарачынскі ў сваім доме арганізаваў шпіталь. Ён лячыў і Пятра Багамаза. Немцы даведаліся пра лазарэт і аднойчы «завіталі» ў двор да Сарачынскага. Не цяжка ім было высветліць, хто гэтыя цяжкапараненыя. Але прыняўшы да ўвагі той факт, як стойка трымаліся вартавыя мяжы, іх не сталі чапаць, не зачапілі і фельчара. Пазней ён будзе ўзнагароджаны медалём «За адвагу». А Багамаз падлечыцца, дабярэцца да фронту, будзе гераічна ваяваць і загіне пры вызваленні Пскоўскай вобласці.

Помніць — вечна

У сярэдзіне 60-х гадоў рэшткі многіх загінулых у першыя дні вайны і пры вызваленні звозілі ў брацкую магілу ў вёсцы Чарнаўчыцы. Але на гэтай магіле імёны байцоў 5-й заставы не значацца. І толькі нядаўна мясцовыя краязнаўцы высветлілі, што загінулыя пагранічнікі знаходзяцца ў зямлі вакол чылееўскай заставы. Там, вядома, патрэбны памятны знак. Але ж для гэтага належыць правесці вялікую работу, перш за ўсё, пошукавую. Бо, як вядома, вайна не скончана, пакуль не знайшоў супакаенне апошні яе салдат.

Сярод байцоў 5-й заставы, тых, хто застаўся каля вёскі Чылеева навечна, былі і зусім юныя. Згадваю словы загадчыцы экспазіцыі «Музей вайны — тэрыторыя міру» ў крэпасці Алены Грыцук: «Як вядома, у 41-м на вайну прызывалі ўжо юнакоў 1923 года нараджэння, тых, каму споўнілася васямнаццаць. Дык вось са ста франтавікоў згаданага года нараджэння ў жывых застаўся толькі адзін...»

Вось для гэтага і праводзяцца Дні памяці, каб не забываць 99 — з сотні юных, і старэйшых, тых, хто сустрэў вайну і загінуў у крэпасці, хто мужна змагаўся за кожны метр зямлі на пагранічных заставах, і мірных жыхароў, якія палеглі, бо аказаліся на шляху захопнікаў. Дарэчы, брэсцкія пагранічнікі ў гонар папярэднікаў, якія загінулі ў 41-м, праводзяць акцыю «Баявы разлік». 21 чэрвеня яны заступаюць у ганаровы «Баявы разлік» на зямлі крэпасці, каб успомніць байцоў, для якіх той разлік па абароне рубяжоў краіны аказаўся апошнім.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Байцам апошняга «Баявога разліку»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.