Вы тут

Андрэю Мягкову і Ліі Ахеджакавай споўнілася па 80 гадоў


8 ліпеня народнаму артысту тэатра і кіно Андрэю Мягкову, а 9 ліпеня — народнай артыстцы тэатра і кіно Ліі Ахеджакавай споўнілася па 80 гадоў.


Ахеджакава нарадзілася ў Днепрапятроўску, але дзяцінства правяла ў Адыгеі. Маці Юлія Аляксандрава іграла ў адным з мясцовых тэатраў, а айчым Меджыд Салеханавіч быў галоўным рэжысёрам адыгейскага абласнога тэатра. Нягледзячы на гэта, ён быў катэгарычна супраць таго, каб падчарка працягнула сямейную тэатральную дынастыю. Таму айчым настаяў на яе паступленні ў Маскоўскі інстытут каляровых металаў і золата, таму што хацеў, каб яна атрымала «прыстойную» прафесію.

Лія падала дакументы ў тэхнічную ВНУ, але паралельна яна іграла ў самадзейных студэнцкіх спектаклях. Праз паўтара года яна кінула інстытут і паступіла ў ДІТМ, які скончыла ў 1962 годзе. Затым стала працаваць у Маскоўскім тэатры юнага гледача, дзе яна правяла 16 гадоў, сыграўшы ў мностве спектакляў. У 1977 годзе актрыса перайшла ў трупу тэатра «Сучаснік», дзе іграе і па гэты дзень.

Упершыню на экране Лія Ахеджакава з'явілася ў 1968 годзе. Яна выканала эпізадычную ролю сына аднаго з галоўных герояў у карціне «Вяртанне». Аднак сапраўдны поспех да актрысы прыйшоў пасля навагодняй камедыі Эльдара Разанава «Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай!», дзе яна сыграла Таню, сяброўку гераіні Барбары Брыльскай.

Ужо праз два гады, у 1977-м, бліскучая роля сакратаркі Верачкі ў «Службовым рамане» таго ж Разанава зрабіла з Ахеджакавай культавую фігуру. Фразы яе гераіні расцягнулі на цытаты («Менавіта абутак робіць жанчыну жанчынай»), а сама Лія Меджыдаўна за працу ў гэтай стужцы была ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй РСФСР імя братоў Васільевых. Пасля актрыса працягнула супрацоўніцтва з Разанавым і знялася ў яго «Гаражы», «Нябёсах запаветных» і «Старых клячах».

Яна таксама працавала і з іншымі буйнымі айчыннымі рэжысёрамі. Галоўныя ролі ў кінастужках ёй даставаліся досыць рэдка, аднак Ахеджакава палюбілася гледачу менавіта за сваіх самых яскравых другарадных гераінь.

Андрэй Мягкоў нарадзіўся ў Ленінградзе ў сям'і савецкіх інтэлігентаў.

Малады Мягкоў вырашыў пайсці па слядах бацькоў і скончыў Ленінградскі хіміка-тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці «Тэхналогія пластычных мас». Падчас вучобы ён пачаў удзельнічаць у спектаклях, яго заўважылі і прапанавалі паспрабаваць свае сілы на акцёрскай ніве. Мягкоў скарыстаўся парадай — і ў 1965 годзе паступіў у школу-студыю МНАТ. Пасля завяршэння адукацыі ён быў прыняты ў трупу тэатра «Сучаснік».

Яго працу на сцэне тэатра заўважыў рэжысёр Элем Клімаў, які неўзабаве прапанаваў яму ролю Сяргея Часнакова ў сваёй трагікамедыі «Прыгоды зубнога ўрача».

Затым, у канцы 60-х — пачатку 70-х, рушылі ўслед вядучыя ролі ў фільмах, якія сталі вызначальнымі ў лёсе і творчасці акцёра. У 1969 выйшла карціна «Стары дом», у 1971-м — «Сярэбраныя трубы». Яшчэ праз год выйшлі «Гросмайстар» і «Нечаканы госць», а ў 1973-м акцёр выканаў ролю Уладзіміра Леніна ў фільме «Надзея».

У 1975 годзе на экраны выйшла знакамітая камедыя Эльдара Разанава «Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай». Андрэй Мягкоў у ролі Жэні Лукашына зачараваў усю краіну і набыў фантастычную папулярнасць. Характэрна, што Разанаў не хацеў браць яго ў фільм з-за яго сур'ёзнага амплуа, але ўсё ж адважыўся — і не пралічыўся. Стужка стала абсалютным хітом ва ўсіх кутках СССР, а Мягкову за ролю Лукашына ў 1977 годзе далі Дзяржаўную прэмію СССР.

У 1977 годзе Мягкоў зняўся ў яшчэ адным фільме Разанава — «Службовы раман». Роля Анатоля Навасельцава таксама мела велізарны поспех у гледачоў, і акцёр разам з Алісай Фрэйндліх склалі цудоўны акцёрскі дуэт. У 1979 годзе за гэтую ролю яму ўручылі Дзяржаўную прэмію РСФСР імя братоў Васільевых. Пасля гэтага Мягкоў яшчэ некалькі разоў удзельнічаў у фільмах Разанава і з'явіўся ў камедыі «Гараж», а таксама ў драме «Жорсткі раманс».

У 1987 годзе Мягкоў застаўся працаваць з Алегам Яфрэмавым у наваствораным МНАТ імя Чэхава, дзе служыць да гэтага часу.

Загаловак у газеце: Верачцы і Навасельцаву — па 80

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.