Вы тут

Чым небяспечны вірус папіломы чалавека


У віруса папіломы чалавека (ВПЧ) некалькі соцень штамаў. Некаторыя з іх не наносяць ніякай шкоды арганізму чалавека, а некаторыя могуць выклікаць анкалагічныя хваробы ў жанчын. Як ад яго засцерагчыся і выявіць, у якіх выпадках вірус знікае сам, а ў якіх прыходзіцца дапамагчы яму пакінуць арганізм, чаму мэтазгодна прышчэпліваць ад яго дзяўчынак, расказала ўрач-гінеколаг 2-й Цэнтральнай раённай паліклінікі Мінска Аляксандра БУРГУТА.


— Аляксандра Дзмітрыеўна, ці ёсць нейкія сімптомы, калі чалавек заразіўся ВПЧ?

— Кожны штам ВПЧ мае свае праявы. Асобныя віды выклікаюць скурныя праявы — папіломы, кандыломы, анагенітальныя бародаўкі — тое, што можа заўважыць сама жанчына ці ўрач любой спецыяльнасці, які яе аглядае. Найбольшую небяспеку для жаночага здароўя ўяўляюць ВПЧ так званай высокай канцэрагеннай рызыкі. Гэта некалькі дзясяткаў штамаў, вылучаных у пэўную групу. Менавіта яны, на жаль, не даюць ніякіх клінічных сімптомаў. Іх выяўляюць толькі з дапамогай лабараторнай дыягностыкі і спецыяльнага гінекалагічнага абследавання, якое ўключае мазкі на цыталогію, на атыпічныя клеткі, кальпаскапію. Пэўныя сімптомы падчас такога даследавання даюць падставу ўрачу-гінеколагу западозрыць ВПЧ высокай канцэрагеннай рызыкі. Тады для ўдакладнення дыягназу мэтазгодная малекулярная дыягностыка метадам ПЦР, які дазваляе выявіць наяўнасць штамаў і колькасць віруса ў біяматэрыяле.

— Як вірус трапляе ў наш арганізм?

— Выключна палавым шляхам. Усе гісторыі пра тое, што ВПЧ высокай канцэрагеннай рызыкі можна заразіцца ў басейне ці лазні, — вялікі міф. Тыя штамы, якія маюць скурныя праяўленні ў выглядзе бародавак, папілом, тэарэтычна могуць перадавацца кантактным шляхам — праз сродкі агульнай гігіены, у лазні, басейне. Вірус высокай канцэрагеннай рызыкі — толькі палавым шляхам. Прычым, як правіла, жанчына ў першыя гады свайго палавога жыцця ўжо мае кантакт з ВПЧ.

— Здаецца, пасля першага кантакту з гэтым вірусам адбываецца самавылячэнне...

— Гэта залежыць ад стану імунітэту жанчыны. Як правіла, на працягу года ў 90 % жанчын адбываецца самаілюмінацыя — арганізм самастойна пазбаўляецца ад віруса. Калі гэтага не адбываецца, вірус пераходзіць у так званую персістыруючую (хранічную) форму, чалавек становіцца яго носьбітам, і такія пацыенты павінны быць на ўзмоцненым кантролі ўрача.

— Прэзерватыў абараняе ад ВПЧ?

— Апошнім часам гэту гіпотэзу падвяргаюць сумненню. Вірус занадта маленькі, а поры латэксу занадта вялікія. Прэзерватыў у гэтай сітуацыі не дае стапрацэнтнай гарантыі.

— Як тады засцерагчыся ад віруса?

— У многіх развітых краінах Еўропы, у Канадзе і ЗША ў нацыянальных прышчэпкавых календарах маецца прышчэпка ад ВПЧ. У некаторых краінах яна робіцца толькі дзяўчынкам. У іншых, напрыклад у Канадзе, вакцынуюць яшчэ і хлопчыкаў, каб зменшыць колькасць носьбітаў віруса. Тут вялікае значэнне мае ўзрост, ёсць сэнс рабіць такую прышчэпку ва ўзросце ад 6 да 11 гадоў — да меркаванага палавога дэбюту падлетка. Да першага кантакту з вірусам дзіця павінна быць імунізавана. Тут дзейнічае той жа прынцып, як і, скажам, з краснухай: калі ты на яе перахварэў, няма сэнсу рабіць прышчэпку. Ёсць і другасная прафілактыка. Трэба захоўваць гігіену палавога жыцця: мець як мага менш палавых партнёраў. Чым больш палавых партнёраў у жанчыны, тым большая рызыка атрымаць ВПЧ, а таксама іншыя інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам і ствараюць добрую глебу для пранікнення віруса. У жанчыны з хламідыёзам і некаторымі іншымі інфекцыямі эпітэлій пашкоджаны, і гэта стварае спрыяльныя ўмовы для пранікнення ВПЧ.
З інфекцыямі больш шанцаў атрымаць і хранічную форму ВПЧ.

— Дарослым жанчынам ёсць сэнс рабіць такую прышчэпку?

— Не.

— У нашай краіне прышчэпкі пакуль няма ў нацыянальным календары, але іх робяць на платнай аснове...

— Так, вакцыны ёсць амаль ва ўсіх буйных цэнтральных паліклініках, і пакуль прышчэпкі робяцца на платнай аснове. У Беларусі дзве зарэгістраваныя вакцыны: Цэрварыкс і Гардасіл. Цэрварыкс дзейнічае супраць крышачку большай колькасці штамаў, у Гардасіла больш пераканальная «доказная база». Але абедзве вакцыны працуюць.

— Ці варта выдаляць папіломы, кандыломы, якія з'яўляюцца у выніку ўздзеяння віруса?

— Тут усё індывідуальна. Ацэньваецца іх колькасць, наколькі моцна яны турбуюць пацыентку. Калі вобласць высыпання значная, напэўна, выдаленне мае сэнс. Але першапачаткова жанчынам рэкамендуюць варыянты кансерватыўнай тэрапіі для стымулявання ўласнага імунітэту. Папіломы часткова ці цалкам знікаюць, а астатак можна выдаляць.

— Ад віруса можна пазбавіцца з дапамогай тых жа імунамадулятараў?

— Тут тры варыянты развіцця падзей. Альбо імунітэт з вірусам спраўляецца самастойна, паралельна фарміруючы пэўную ўстойлівасць. Альбо мы дапамагаем імунітэту расліннымі ці штучнымі прэпаратамі, бо, на жаль, таблеткі ці свечкі ад гэтага віруса няма, і ўплываць на яго мы можам, толькі ўздзейнічаючы на імунітэт. Трэці варыянт датычыць выпадкаў, калі ВПЧ высокай канцэрагеннай рызыкі пачаў рабіць сваю разбуральную справу на шыйцы маткі, з'явіліся перадракавыя захворванні, тая ж дысплазія шыйкі маткі ці лейкаплакія шыйкі маткі.
У такім выпадку размова будзе ісці аб дэструктыўным лячэнні. Пашкоджаныя вірусам участкі мы разбураем тым ці іншым фізічным метадам — з дапамогай радыёхваляў, лазера, крыадэструкцыі. І прызначаем імунастымулюючую тэрапію.

— Вірус, калі яго не лячыць, выклікае рак шыйкі маткі?

— Многія жанчыны, у якіх знаходзяць ВПЧ, паддаюцца паніцы, быццам бы яны абавязкова захварэюць на рак шыйкі маткі. Але тут доказ ад адваротнага: больш за 90 % жанчын, якія маюць плоскаклетачны рак шыйкі маткі, з'яўляюцца носьбітамі ВПЧ. Але далёка не кожная жанчына, якая мела ці мае ВПЧ, захварэе на рак шыйкі маткі.

— Ці варта спецыяльна на яго правярацца?

— Так, правярацца трэба, прычым мэтазгодна гэта рабіць на штамы высокай канцэрагеннай рызыкі. У лабараторыях яны аб'яднаныя ў асобную групу. Праводзіцца малекулярна-генетычны аналіз для іх выяўлення. На цяперашні момант гэта паслуга платная, за выключэннем некаторых груп насельніцтва, у прыватнасці цяжарных жанчын. Такі аналіз праводзіцца, калі браць Мінск, у скурна-венералагічным дыспансеры, некаторых дзяржаўных паліклініках і шпіталях на камерцыйнай аснове і ў камерцыйных цэнтрах.

— Калі вірус выяўлены, як дзейнічаць?

— Звярнуцца да гінеколага, які абследуе, прызначыць кальпаскапію шыйкі маткі. Калі паталогій не выяўлена, праз год даследаванне варта паўтарыць, бо, як я казала раней, ёсць вялікія шанцы, што за год арганізм справіцца з вірусам самастойна.

Алена КРАВЕЦ

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...