23 Верасень, нядзеля

Вы тут

«Пастараешся — і 1500 рублёў атрымаеш»


Як працуе камісія па садзейнічанні занятасці ў Клецкім раёне.

Падабраць вакансію, дапамагчы аформіць групу інваліднасці, адправіць на лячэнне ад алкагольнай залежнасці... Камісіі па садзейнічанні занятасці на месцах спрабуюць ахапіць куды больш задач, чым толькі працаўладкаванне. Якую работу прапануюць у рэгіёнах, ці рэальна ў вёсцы атрымліваць «па пяцьсот» і што перашкаджае забяспечыць вакансіямі ўсіх, мы паглядзелі на прыкладзе Клецкага раёна.


Звольненыя — на кантролі

Камісія збіраецца двойчы на месяц — кожны другі і чацвёрты чацвер. Адно пасяджэнне праходзіць у горадзе, другое — на вёсцы. Практыка апраўданая: тры чвэрці тых, хто звяртаецца, жывуць у сельскай мясцовасці.

Як выяўляюць незанятых грамадзян?

— На вёсцы старшыня сельсавета ведае практычна ўсіх. Нашы сельсаветы невялікія — паўтары-дзве тысячы чалавек. Таму тыя, хто не працуе, на віду. Плюс аддзел арганізацыйна-кадравай работы выканкама запытвае інфармацыю аб звольненых, празвоньвае тых, хто не ўладкаваўся на работу. Апавяшчаем пра пасяджэнне камісіі праз аб'яву ў газеце, у сацыяльных сетках. Яшчэ не было такога, каб не прыйшоў ніводзін чалавек. Сама меней — чатыры, — расказвае старшыня Клецкага раённага Савета дэпутатаў Святлана ЧЭКУН, якая ўзначальвае камісію.

У яе склад уваходзяць таксама намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы, спецыялісты службы занятасці, аддзела адукацыі, РАУС, ЖКГ, намеснік галоўнага ўрача Клецкай цэнтральнай раённай бальніцы, старшыня раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў, юрыст, прадстаўнік рэдакцыі. Прысутнічаюць і кіраўнікі арганізацый.

З лютага прайшло 11 пасяджэнняў. Па дапамогу звярнуліся 84 чалавекі, 65 з якіх накіравалі на працаўладкаванне. 25 застаюцца на рабоце і сёння. Вакансіі падабралі розныя: кухар у дзіцячым садку, кладаўшчык у прытулку, рабочы ў сельгасарганізацыі, бухгалтар у райвыканкаме.

— Чаму людзі звяртаюцца ў камісію? Напэўна, разумеюць, што гэта больш аператыўна. Мы валодаем інфармацыяй, хто дзе звольнены. З апошніх сітуацый. Прыйшла маладая жанчына, у якой вось-вось заканчваецца дэкрэтны водпуск. Арганізацыя, у якой яна працавала, ліквідавана. Жанчына была інжынерам па ахове працы, паглядзела, што вакансій такіх няма, і куды выходзіць, не ведала. Тут жа члены камісіі маюць інфармацыю, што кіраўнік адной гаспадаркі шукае кандыдатуру на падобную пасаду, там якраз пенсіянер плануе звальняцца, — прыводзіць прыклад дэпутат.

На пасяджэнні прыходзяць і людзі, якія не працуюць з-за праблем са здароўем (такіх было 13 %). Ім выдаюць накіраванне ў бальніцу на медагляд. Такім чынам чатыры жыхары раёна атрымалі групу інваліднасці, яшчэ двое пралячыліся і прыступілі да працы.

Галоўная праблема — нізкая матывацыя

Ёсць і адваротны бок. 41,5 % з тых, што былі накіраваны камісіяй на працаўладкаванне, да наймальніка так і не дайшлі. А 9,2 % адмовіліся ад работы пасля наведвання арганізацыі.

— З агульнай колькасці грамадзян, што не звярнуліся да наймальнікаў, каля 70 % складаюць асобы, якія маюць судзімасць і вядуць асацыяльны лад жыцця, — адзначае Святлана Чэкун. — Гэта кажа аб нізкай матывацыі да працы дадзенай катэгорыі і з'яўляецца, на наш погляд, самай галоўнай праблемай у рэалізацыі Дэкрэта № 1. Тым не менш работа не спыняецца. Людзі, якія вядуць амаральны лад жыцця, знаходзяцца на пастаянным кантролі ў работнікаў РАУС, цэнтральнай раённай бальніцы. Толькі за 2018 год 63 чалавекі пралечаны ад алкагольнай залежнасці, 22 — накіраваны ў ЛПП, 29, што маюць судзімасць, —працаўладкаваны.

Некаторыя на пасяджэннях з парога заяўляюць: «А што вы ўвогуле ад мяне хочаце? Мне і так добра». Кагосьці заробак па вакансіях не задавальняе. Але хто працуе, можа годна атрымліваць, упэўнена дэпутат.

— Мы нядаўна сустракаліся з калектывам фермы філіяла «Клецкі» Слуцкага сыраробнага камбіната. Там сярэдні заробак у даярак — 800—900 рублёў. Працуюць два праз два. Гэта нармальныя грошы для сельскай мясцовасці. На механічным заводзе, дзе ствараюць новыя месцы, заробак залежыць ад выпрацоўкі. Пастараешся — і 1500 рублёў атрымаеш.

Пытаемся наконт цяжкіх жыццёвых сітуацый, з-за якіх людзі не могуць працаваць: з чым даводзіцца сутыкацца? Святлана Чэкун вылучае некалькі момантаў. Напрыклад, патрэбны штодзённы догляд хворых бацькоў. Не заўсёды можна аформіць гэты догляд афіцыйна — толькі калі ў сваяка ёсць І група інваліднасці ці ён старэйшы за 80 гадоў. Яшчэ адна сітуацыя — калі чалавеку па стане здароўя паказана лёгкая праца, а знайсці такую не атрымліваецца. На прыём у службу занятасці якраз прыйшоў мужчына з такой праблемай. Яму 60, на пенсію толькі праз паўтара года. Уладкавацца па сваёй будаўнічай спецыяльнасці не можа: ногі хворыя. Пакуль пагадзіўся на часовую работу — перабіраць смецце. А потым паспрабуе вывучыцца на качагара, калі ў бальніцу не пакладуць.

— У цэлым Дэкрэт № 1 пашырыў пералік цяжкіх сітуацый. Улічылі і бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей да сямі гадоў, і тых, у каго ёсць асабістая падсобная гаспадарка. Вядома, прадугледзець усе жыццёвыя сітуацыі немагчыма. Таму да кожнай падыходзім індывідуальна, — дзеліцца дэпутат.

Ад жывёлавода да балетмайстра

На сёння ў Клецкім раёне 276 свабодных рабочых месцаў. Вакансіі розныя. «Вельмі запатрабаваны работнікі ў сельскай гаспадарцы: жывёлаводы, паляводы, аператары машыннага даення, ветэрынары, заатэхнікі, кіроўцы, механізатары. У прамысловасці неабходны слесары механазборачных работ, швачкі. Акрамя таго, не хапае старшага і сярэдняга медперсаналу. Ёсць вакансіі для культработнікаў, — пералічвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ала МЯЛЮК.

Трактарысту-машыністу ў адной з гаспадарак прапануюць 510 рублёў, галоўнаму інжынеру на іншым сельгаспрадпрыемстве — 970. Фельчару абяцаюць 370 рублёў, хірургу — 490. Шукаюць таксама харэографа на заробак у 305 рублёў і балетмайстра — на паўстаўкі, за 153 рублі ў месяц. «Наймальнікі пазначаюць мінімальны заробак — без прэмій і надбавак», — тлумачыць Ала Мялюк.

На ўліку ў службе занятасці стаіць 57 беспрацоўных. Атрымліваецца, на аднаго прыпадае пяць вакансій. Але пры гэтым існуе дысбаланс па кваліфікацыях. Так, цяжка знайсці работу спецыялістам эканамічнага профілю: вакансій бухгалтара няма, а ў даяркі чалавек з вышэйшай адукацыяй наўрад ці пойдзе.

— На жаль, тэндэнцыя такая, што тэрмін працягласці беспрацоўя павялічваецца. На ўлік становяцца тыя, у каго ў большасці выпадкаў вельмі нізкая матывацыя да працы. Думаюць: «Замацаваўся, не дармаед — значыць, прэтэнзій быць не павінна». У 46 % незанятых грамадзян толькі агульная сярэдняя ці базавая адукацыя. Практычна 32 % маюць доўгі перапынак у рабоце — год і больш. 30 % не могуць працаўладкавацца па стане здароўя.

З пачатку года 538 чалавек, ці 63 % тых, хто звярнуўся ў службу занятасці, атрымалі пастаянную работу. 15 % пайшлі на часовыя работы — грамадскія, сезонныя. Вось прыклад: падчас ацяпляльнага перыяду людзі працуюць качагарамі, а потым — рабочымі зялёнага будаўніцтва (іх бяруць сельвыканкамы, ЖКГ).

Тых, каму не ўдаецца падабраць вакансію, адпраўляюць на бясплатныя курсы. З пачатку года іх прайшло 26 мясцовых жыхароў. Хтосьці перакваліфікаваўся ў кухара, хтосьці — у будаўніка.

— Стараемся тут, у Клецку, навучыць, бо беспрацоўныя, як правіла, маюць свае сем'і, ім складана кудысьці паехаць, — каментуе начальнік упраўлення.

Прапануюць і варыянт самазанятасці. На старт сваёй справы выдзяляюць субсідыю — 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму гараджанам (гэта 2350 рублёў) і 15 (ці 3205 рублёў) — вяскоўцам. З пачатку года такой магчымасцю скарысталіся шэсць чалавек. У асноўным жыхары Клецкага раёна прапануюць цырульніцкія і будаўнічыя паслугі, манікюр, дыягностыку і рамонт аўтамабіляў. Апошнія гады папулярныя таксама бухгалтарскія паслугі: відаць, эканамісты, якія не могуць знайсці вакансію, вырашаюць стварыць яе для сябе самі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА, г. Клецк

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.