Вы тут

Гродзенскія дэпутаты шукалі «болевыя» пункты дзіцячага аздараўлення


Члены прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і асацыяцыі мясцовых Саветаў выехалі ў летнікі, дзе ўбачылі, як адпачываюць школьнікі падчас канікул, і вызначылі, што трэба скарэктаваць у арганізацыі дзіцячага аздараўлення.


Летнік «Сузор'е» ў аграгарадку Парэчча Гродзенскага раёна — адзін з найлепшых не толькі ў вобласці, але і ў краіне. Ён пераможца ў розных намінацыях рэспубліканскага конкурсу. Узначальвае яго Андрэй Мацкевіч, прафесійны псіхолаг, былы выкладчык ГрДУ імя Янкі Купалы. Ён лічыць, што адпачынак можа быць не толькі цікавы, але і карысны. Таму кожная змена мае сваю канцэпцыю. Адна прысвечана Году малой радзімы, другая здароваму ладу жыцця, трэцяя — правілам бяспекі. Апошняя змена мае прафесійную накіраванасць. Тэорыя суправаджаецца практычнымі навыкамі. Значную ролю адыгрывае і прыгожы ландшафт з возерам. Сёлета, напрыклад, тут адпачнуць больш за тысячу школьнікаў. Летнік добра ведаюць і сюды імкнуцца трапіць з усяе вобласці.

Шлях да такой папулярнасці быў няпросты. Як расказала начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага райвыканкама Таццяна Аксаміт, за летнік узяліся 10 гадоў таму, калі яго перадалі на баланс аддзела адукацыі. Па яе словах, комплекс прасцей было знесці, чым аднавіць. Спатрэбілася нямала намаганняў і фінансавых сродкаў, каб давесці яго да належнага стану. У планах — адрамантаваць яшчэ адзін будынак пад медыцынскі корпус, напрыклад, адкрыць там масажны кабінет. Зараз некаторыя паслугі дзеці могуць бясплатна атрымаць у санаторыі «Парэчча».

Такі адпачынак у маляўнічай зоне вельмі карысны для дзяцей, лічыць старшыня абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Нікіцін. На яго думку, такіх летнікаў можа быць больш, але не ўсе яны працуюць. У іх ліку ведамасны летнік «Арляня», які належаў УУС. Зараз аб'ект на 100 месцаў пустуе, хоць і знаходзіцца непадалёк ад «Сузор'я». Анатоль Нікіцін прапанаваў аднавіць летнік агульнымі намаганнямі, каб прадпрыемствы і сельскія гаспадаркі адрамантавалі па доміку.

Аб'ёмы растуць

У вобласці назіраецца вялікі попыт менавіта на стацыянарныя летнікі, але месцаў не хапае, хоць яны і працуюць у чатыры змены. Таму ў Гродзенскай вобласці два гады таму распачалі праект па выкарыстанні пад кругласутачныя летнікі ўстаноў адукацыі. Базу падбіралі ў экалагічна чыстых месцах, дзе населеныя пункты маюць маляўнічыя краявіды. Такім чынам за два сезоны колькасць аздараўленчых баз вырасла з 35 да 65. Адпаведна, і дзетак у іх адпачыла значна больш. Па словах першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіны Курганскай, у рэзерве яшчэ 15 такіх школ, усе яны знаходзяцца каля лясоў і азёраў.

— Аб'ёмы аздараўлення растуць, — падкрэсліла яна. — Сёлета мы аздаравім 60 тысяч дзяцей ад 6 да 16 гадоў. Гэта на 12 % больш, чым летась. Усе летнікі працуюць на поўную магутнасць. Налета плануем аздаравіць 70 тысяч дзетак. Рэзерв ёсць. Будзем прапаноўваць гродзенцам ехаць на аздараўленне ў іншыя раёны, а не ствараць ажыятаж у прыгарадных летніках.

Змена з робатамі, пагранічны атрад і юныя ляснічыя

Насамрэч у школьнікаў вобласці ёсць нямала альтэрнатыў у выбары летняга адпачынку. Многія аддаюць перавагу профільнаму кірунку.

Напрыклад, у Лойкаўскай сярэдняй школе працуе палатачны перасовачны летнік «Следапыт». Сёлета яго ўдзельнікі за дзевяць дзён прайшлі амаль 80 кіламетраў. Са сваіх паходаў яны прынеслі экспанаты ў школьны музей.

Гродзенскі раён — прыгранічны. Школьнікі ахвотна едуць у летнікі, якія працуюць на пагранічных заставах. Іх створана 19. Як расказаў дырэктар патрыятычнага летніка Раціцкай СШ Максім Цяцерскі, перш-наперш сюды бяруць праблемных дзяцей і дзяцей з малазабяспечаных сем'яў. Палаткі ставяцца на самой тэрыторыі заставы, дзеці вучацца разбіраць і збіраць зброю, авалодваюць навыкамі следапытаў. Для многіх гэта першы крок у будучую прафесію.

У Скідзелі прышкольны летнік аб'яднаў 60 аматараў робататэхнікі. Школьнікі сталі пераможцамі першага абласнога конкурсу і прынялі ўдзел у фестывалі ў Мінску. Важна, што летнік з ІТ-ухілам працуе на бюджэтнай аснове.

У рамках летняй змены арганізаваны атрад юных ляснічых у аграгарадку Індура Гродзенскага раёна. Трапіць у яго не проста, бо мясцовае лясніцтва плаціць школьнікам за пасадкі і розныя іншыя работы. Гэта і заробак, і аздараўленне адначасова.

Профільны летнік «Навука» сабраў школьную інтэлектуальную эліту вобласці ў Парэцкай школе-інтэрнаце. Дарэчы, аб'ект задзейнічаны на ўвесь сезон.

Профільныя летнікі становяцца ўсе больш прывабнымі, бо дзяцей аб'ядноўваюць агульныя інтарэсы і цікавыя справы. Гэта перспектыўны напрамак, і ён будзе развівацца, запэўнілі спецыялісты адукацыі.

Палепшыць абсталяванне і адкрыць басейн

У ліку «болевых» пунктаў дэпутаты адзначылі некалькі момантаў.

Дэпутат гарадскога Савета, галоўны ўрач 1-й дзіцячай паліклінікі Гродна Ірына Луканская звярнула ўвагу на аздараўленне дзяцей, якія маюць хранічную паталогію. Яна прапанавала ўвесці санаторныя змены ў спецыялізаваных школах-інтэрнатах. Напрыклад, у Азёрскай санаторнай школе-інтэрнаце можна прымаць дзетак са скаліёзам. У школе пяць гадоў не працуе басейн, а вада вельмі спрыяльна дзейнічае на мышцы. Была агучана прапанова яго адрамантаваць. Ужо некалькі гадоў аб'ект не трапляе ў абласную інвестпраграму, магчыма, дэпутатам удасца ўключыць яго ў спіс. Ёсць патрэба і ў медыцынскім пераабсталяванні спецыялізаваных школьных устаноў.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук звярнуў увагу на ўдасканаленне дзіцячага адпачынку.

— Сёлета на падрыхтоўку аздараўленчага сезона ў вобласці затрачана больш за мільён рублёў. Працуе каля тысячы летнікаў розных тыпаў. Мы цалкам ахапілі дзяцей-сірот, але ёсць катэгорыя, якая патрабуе большай увагі, — гэта дзеці-інваліды. З іх праходзіць аздараўленне толькі 24 %. У «Сузор'і» будзе аздароўлена 15 чалавек. Трэба ўдасканальваць гэты кірунак. Дэпутаты павінны садзейнічаць развіццю сістэмы аздараўлення, прадугледжваць на гэта сродкі пры размеркаванні бюджэту ў раёнах, — падкрэсліў ён.

Члены абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў выйшлі з ініцыятывай забеспячэння бясплатнага праезду школьнікам, якія ў летні час наведваюць прышкольныя летнікі. Такое пажаданне выказалі многія бацькі. На сённяшні дзень бясплатны праезд дзейнічае па 30 чэрвеня. У некаторых рэгіёнах, у тым ліку ў сталіцы, такія льготы для школьнікаў ужо дзейнічаюць.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Каб летнік прынёс радасць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.