Вы тут

Навошта Каспію асаблівы статус?


У канцы мінулага тыдня ў казахскім горадзе-порце Актау адбылася насамрэч гістарычная падзея. Тут прайшоў юбілейны — пяты — Каспійскі форум. Мерапрыемства завяршылася зацвярджэннем канвенцыі аб прававым статусе Каспійскага мора (якую ўжо ахрысцілі «канстытуцыяй Каспія») — знакавага для рэгіёна дакумента, праца над якім вялася з 1996 года. Подпісы пад канвенцыяй на ўрачыстай цырымоніі паставілі пяць прэзідэнтаў: Азербайджана — Ільхам Аліеў, Ірана — Хасан Роўхані, Казахстана — Нурсултан Назарбаеў, Расіі — Уладзімір Пуцін і Туркменіі — Гурбангулы Бердымухамедаў. Такім чынам, краіны «каспійскай пяцёркі» пасля амаль трох дзесяцігоддзяў разладу вырашылі спыніць спрэчкі пра статус найбуйнейшага ў свеце замкнёнага вадаёма. У выніку дамовіліся фактычна лічыць дно морам, а тоўшчу вады — возерам. Навошта Каспію такі мудрагелісты статус?


Пытанне на 10 трыльёнаў долараў

Крыху «навігацыі». Каспій — гіганцкі вадаём, які можна залічваць як да азёр (паколькі бяссцёкавы), так і да мораў (з-за вельмі вялікіх памераў). Яго працягласць з поўначы на поўдзень складае прыкладна 1200 км, шырыня з захаду на ўсход — ад 195 да 435 км.

Даўжыня берагавой лініі ацэньваецца прыкладна ў 6500—6700 км, з астравамі — да 7000 км. Плошча складае прыкладна 371 тысячу кв. км, максімальная глыбіня — 1025 м. У Каспійскае мора ўпадае звыш 130 рэк, з іх найбольш буйныя — Волга, Урал, Церак. Прыродныя рэсурсы мора ўключаюць звыш 500 відаў раслін і 854 — рыб, з іх каля 30 маюць прамысловае значэнне: бялуга, сяўруга, сцерлядзь, судак, асетр. З Каспія ў сусветную акіянскую акваторыю судны трапляюць праз Азоўскае мора — з дапамогай Волга-Данскога канала. На берагавой лініі Каспія размешчаны пяць дзяржаў: на паўночным захадзе і захадзе — Расія (Астраханская вобласць, Дагестан і Калмыкія; працягласць берагавой лініі 695 км), на ўсходзе і паўночным усходзе — Казахстан (2320 км); на паўднёвым усходзе — Туркменія (1200 км), на паўднёвым захадзе — Азербайджан (955 км); на поўдні — Іран (724 км).

Найбуйнейшыя нафтагазавыя радовішчы рэгіёна распрацоўваюцца з удзелам міжнародных транснацыянальных кансорцыумаў і замежных кампаній з ЗША, Італіі, Францыі, Нідэрландаў і Вялікабрытаніі. На багатым вуглевадародамі шэльфе Каспія, па самых прыблізных прыкідках амерыканскай Energy Іnformatіon Admіnіstratіon, змяшчаецца да 6,5 мільярда тон даказаных запасаў нафты і газу ў нафтавым эквіваленце і ў некалькі разоў больш — прагнозных. Больш запасаў вуглевадародаў на планеце сканцэнтравана толькі ў Персідскім заліве. Паводле ацэнак экспертаў, рэсурс Каспія — гэта 19 працэнтаў сусветных запасаў нафты, 45 працэнтаў — газу, а яшчэ 90 працэнтаў — асятровых, а значыць, каштоўнага экспартнага тавару — ікры. Усё разам, паводле розных ацэнак, — 8—10 трыльёнаў долараў.

Калі пароўну несправядліва

Праблема статусу Каспійскага мора ўпершыню паўстала пасля Персідскага паходу Пятра І у 1722—1723 гадах. Расійска-персідскія дагаворы таго часу давалі Расіі выключнае права мець ваенны флот на Каспійскім моры на вечныя часы, а Персіі дазвалялі мець толькі гандлёвы флот.

Савецкая Расія адмовілася ад манапольных правоў на Каспій, і бестэрміновыя савецка-іранскія дагаворы 1921, 1935 і 1940 гадоў замацавалі сумесныя і роўныя правы дзвюх сумежных дзяржаў — СССР і Ірана. Прычым у межах да дзесяці марскіх міль ад свайго ўзбярэжжа кожная з краін мела выключнае права карыстання гэтай прасторай. Расія як правапераемніца СССР і Іран як правапераемнік Персіі ў прынцыпе маглі б далей карыстацца Каспіем па ўзаемнай згодзе.

Але пасля распаду СССР у 1991 годзе на карце з’явіліся яшчэ дзяржавы, якія маюць берагавую лінію на Каспійскім моры: Азербайджан, Туркменія і Казахстан. І паўстаў тупік, паколькі прыняць канвенцыю аб прававым статусе можна толькі кансэнсусам, са згоды ўсіх зацікаўленых бакоў. А яго дасягнуць не ўдалося. Размешчанае на стыку Еўропы і Азіі, Каспійскае мора многія гады не мела дакладных тэрытарыяльных межаў.

Тэгеран прапанаваў ператварыць Каспій у «кандамініум», гэта значыць валодаць морам, у тым ліку яго нетрамі, разам. Распараджацца агульнай часткай павінен быў калектыўны орган, які выдаваў бы ліцэнзіі нафтаздабываючым і рыбалоўным кампаніям. Баку быў не супраць таго, каб падзяліць Каспій на пяць роўных нацыянальных долей — па 20 працэнтаў кожнай з пяці дзяржаў. Расія ж выступіла супраць падзелу мора на сектары. У 2002 годзе на саміце прыкаспійскіх дзяржаў Расійская Федэрацыя прапанавала іншы спосаб дэлімітацыі — падзелу і вызначэння межаў Каспійскага мора — па формуле «мадыфікаванай сярэдзіннай лініі» (лінія, кожная кропка якой знаходзіцца на роўным аддаленні ад адпаведных найбліжэйшых кропак на ўзбярэжжах гэтых дзяржаў). Паводле гэтага прынцыпу, водная паверхня застаецца агульнай для суднаходства, а дно Каспія дзеліцца з дапамогай сярэдзінных ліній.

У гэтым выпадку Расіі належала б 20 працэнтаў дна, Казахстану — 29,5, Азербайджану — 21, Туркменістану — 17. Іран атрымаў бы менш за ўсіх — 12,5 працэнта. Вядома, Тэгеран не пагадзіўся. Астана і Баку, якія атрымалі б больш за ўсіх, пагадзіліся. Ашхабад таксама быў супраць, Туркменія заўважала, што дэлімітацыя Каспійскага мора павінна ажыццяўляцца без уліку паўвострава Апшэрон і вострава Жылы, якія з’яўляюцца «асаблівымі абставінамі» па міжнародным марскім праве і, адпаведна, не павінны прымацца пад увагу пры правядзенні сярэдзіннай лініі або дзяленні мора на нацыянальныя сектары па 20 працэнтаў кожнаму.

Кожная з прыкаспійскіх дзяржаў дагэтуль без праблем распрацоўвала радовішчы, прыналежнасць якіх пры кожным дзяленні Каспія не выклікала сумненняў. Аднак перспектыўныя блокі на прымежных пляцоўках шэльфа выклікалі бязлітасныя спрэчкі, і справа даходзіла да бразгання зброяй. Разгортваўся працяглы канфлікт Ірана з адным з галоўных атрымальнікаў савецкай каспійскай спадчыны — Азербайджанам. Асабліва ён абвастрыўся ў 2011 годзе пасля адкрыцця радовішча Сардар Джангал, на які заявілі свае афіцыйныя прэтэнзіі і Тэгеран, і Баку. Іранцы знайшлі саюзніка ў асобе Туркменіі, якая таксама ж мела нявырашаную спрэчку па радовішчах з Азербайджанам. У выніку да апошняга часу сітуацыя выглядала тупіковай. Іран не хацеў ісці на саступкі. Карыстаючыся нявызначанасцю прававога пытання аб статусе акваторыі, афіцыйны Тэгеран лічыў за лепшае асвойваць той жа спрэчны Сардар Джангал самастойна, ставячы свайго суседа, на яго незадавальненне, перад фактам.

Тады ў бакоў быў аргумент: статус Каспія не вызначаны, таму спрэчныя пытанні павінны развязваць усе пяць дзяржаў. Зараз гэта справа суседзяў. «Павышэнне прадказальнасці і зніжэнне розных рызык у адным з найважнейшых раёнаў Еўразіі выгаднае ўсім нам, — заўважыў статс-сакратар, намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін у інтэрв’ю газеце «Коммерсантъ». — Мы ж суседзі і хочам жыць мірна і дружна».

Сітуацыя нечакана змянілася, калі сёлета ў маі ЗША выйшлі з ядзернай здзелкі з Іранам. У гэтых умовах Тэгеран пагадзіўся з прапановай Расіі па так званай сярэдзіннай лініі. Пры падпісанні пагаднення прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Хасан Роўхані ўсё ж зрабіў агаворку з нагоды падзелу дна пра тое, што да гэтай тэмы прыйдзецца вярнуцца. Але цяпер гэта не адаб’ецца на дзейнасці іншых прыкаспійскіх краін.

Астравы і трубаправоды

Як растлумачыў Рыгор Карасін, Каспій не будзе лічыцца ні морам, ні возерам. Паводле яго слоў, у гэтага вадаёма будзе асаблівы прававы статус. «Гэта тлумачыцца наборам спецыфічных геаграфічных, гідралагічных і іншых характарыстык. Каспій уяўляе сабой унутрыкантынентальны вадаём, які не мае прамой сувязі з Сусветным акіянам, а таму не можа разглядацца ў якасці мора, — адзначыў дыпламат. — Але адначасова ў сілу сваіх памераў, складу вады і асаблівасцяў дна Каспій не можа лічыцца і возерам. У гэтай сувязі да яго не прымяняльныя як палажэнні Канвенцыі ААН па марскім праве 1982 года, так і прынцыпы, якія выкарыстоўваюцца ў дачыненні да трансгранічных азёр: на сектары размяжоўваецца толькі яго дно, суверэнітэт у дачыненні да воднай тоўшчы ўстанаўліваецца на падставе іншых прынцыпаў».

Згодна з канвенцыяй, акваторыя Каспія дзеліцца на ўнутраныя і тэрытарыяльныя воды, рыбалоўныя зоны і агульную водную прастору. Тэрытарыяльныя воды — гэта 15 марскіх міль для кожнай краіны. Іх знешняя мяжа, згодна з канвенцыяй, набывае статус дзяржаўнай. Да іх прымыкае 10-мільная рыбалоўная зона, у якой кожная краіна валодае выключным правам на промысел. Агульная водная прастора захоўваецца за межамі рыбалоўных зон, па-за якіх будзе дзейнічаць свабода мараплаўства для суднаў пад сцягамі прыбярэжных краін.

Такім чынам, большая частка акваторыі і біярэсурсаў Каспія застаецца ў агульным карыстанні. Суднаходства, рыбалоўства, навуковыя даследаванні і пракладка магістральных трубаправодаў праводзяцца па ўзгодненых правілах. У абавязковым парадку ўлічваецца экалагічны фактар пры рэалізацыі маштабных марскіх праектаў. Забараняецца дзейнасць, якая наносіць шкоду біялагічнай разнастайнасці. Дно і нетры будуць падзелены краінамі паміж сабой пасля заключэння двухбаковых пагадненняў. У краін «каспійскай пяцёркі» ёсць права будаваць штучныя астравы і рэгуляваць іх стварэнне і выкарыстанне. Іх зоны бяспекі не будуць распасцірацца больш чым на 500 метраў.

У прынятай «канстытуцыі Каспія» дакладна вызначана, што краіны могуць пракладваць па дне вадаёма трубаправоды, прычым для гэтага патрабуецца ўзгадненне толькі таго боку, праз сектар якога ён пройдзе. Суседзям толькі неабходна паведаміць аб маршрутах пракладкі трубаправода. Такім чынам, фармальна гэта адчыняе дзверы для будаўніцтва Транскаспійскага газаправода з Туркменіі ў Азербайджан. Падобны праект абмяркоўваецца з сярэдзіны 1990-х гадоў, яго сутнасць у тым, каб, злучыўшы газатранспартныя сістэмы гэтых краін, пастаўляць туркменскі газ транзітам праз Грузію і Турцыю ў Еўропу. Гэты план заўсёды карыстаўся актыўнай падтрымкай ЗША і Еўракамісіі, паколькі даваў Старому Свету рэальную альтэрнатыву расійскаму газу дзякуючы доступу да значных туркменскіх рэсурсаў (чацвёртае месца ў свеце па запасах «блакітанага паліва»). Галоўнай перашкодай для праекта заўсёды лічыўся неўрэгуляваны статус Каспія. З прыняццем канвенцыі гэта перашкода фармальна знікае. Праўда, згодна з гэтым дакументам, краіны «пяцёркі» фактычна могуць заблакаваць будаўніцтва любога трубаправода, пракладзенага праз акваторыю Каспія.

Ход флатыліі

«Важна, што канвенцыя дакладна рэгламентуе пытанні неабходных размежаванняў, рэжымаў суднаходства і рыбалоўства, фіксуе прынцыпы ваенна-палітычнага ўзаемадзеяння краін-удзельніц, гарантуе выкарыстанне Каспія выключна ў мірных мэтах і непрысутнасць на моры ўзброеных сіл пазарэгіянальных дзяржаў», — падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Цяпер Каспій дэ-юрэ ператвараецца ў вадаём для ўнутранага карыстання, дзе чужым з’яўляцца будзе як мінімум складаней. Як заўважыў эксперт у галіне энергетыкі і міжнароднай бяспекі Вышэйшай школы эканомікі Аляксандр Сіманаў, рэсурсны патэнцыял Каспія з’яўляецца значным фактарам глабальнай бяспекі. Зараз прыкаспійскія дзяржавы абавязуюцца не даваць сваю тэрыторыю каму-небудзь «для здзяйснення агрэсіі і іншых ваенных дзеянняў супраць любога з бакоў». Самі ж яны маюць намер забяспечваць «стабільны баланс узбраенняў» і «ажыццяўляць ваеннае будаўніцтва ў межах разумнай дастатковасці з улікам інтарэсаў усіх бакоў».

Актыўна разгортваюць сваю ваенную прысутнасць на Каспіі Расія і Іран. У прыватнасці, у красавіку міністр абароны Расійскай Федэрацыі Сяргей Шайгу заявіў аб планах па перадыслакацыі галоўнай базы каспійскай флатыліі (з караблёў якой адбыўся запуск крылатых ракет комплексу «Калібр» па цэлях у Сірыі) з Астрахані ў Каспійск. Як паведамляў «Коммерсантъ», гэтае рашэнне прадыктавана жаданнем «павысіць мабільнасць асноўных сіл аб’яднання»: вайскоўцы палічылі, што караблі флатыліі маюць занадта працяглы выхад з Астрахані. Як чакаецца, новая база ў Каспійску пачне паўнавартасна функцыянаваць ужо ў канцы гэтага года.

«Увогуле кажучы, прынятая канвенцыя — асноўны дакумент, які рэгулюе большасць усіх пытанняў, якія ёсць у Каспійскім басейне, — растлумачыў vz.ru дырэктар расійскага Цэнтра вывучэння сучаснага Ірана Раджаб Сафараў. — Гэтага цалкам дастаткова, каб пачаць распрацоўку радовішчаў, прыцягнуць інвестыцыі і арыентаваць эканоміку на рэсурсы Каспія».

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.