20 Верасень, чацвер

Вы тут

18 жніўня ў Талачыне адсвяткавалі 585-ю гадавіну горада


Пасля мітынгу адбылося адно з самых яскравых мерапрыемстваў — тэатралізаванае шэсце «Гісторыя Талачына ў падзеях і тварах», падчас якога гараджане прайшліся ў «калоне часу». Уперадзе брава маршыраваў ваенны духавы аркестр. За ім ішлі «прадстаўнікі» розных эпох.


У ліку іншага ў шэсці ўзялі ўдзел спартсмены, барабаншчыцы, пенсіянеркі, якія паказалі майстар-клас гімнастыкі, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Пад бурныя апладысменты праехалі рэтра-аўто.

На свяце прэзентавалі мастацкую кампазіцыю «Талака». Гэта — персанаж фальклору, які апякае тых, хто працуе на зямлі.

Дарэчы, адна з самых цікавых версій паходжання назвы горада заключаецца ў тым, што ён быў пад заступніцтвам Талакі. У якасці падзякі паселішча назвалі ў яе гонар.

А яшчэ, калі беларусы даўней талакой нешта рабілі, добры вынік у іх атрымліваўся. На тэрыторыі сучаснага Талачына людзі збіраліся ў талаку, каб будаваць, абараняць... Бадай, яшчэ, каб цягнуць па зямлі судны з ракі Усвейка ў Друць. У любым выпадку слова «талака» для жыхароў Талачына вельмі важнае, і кожны яго па-рознаму асэнсоўвае.

Новую скульптуру адкрылі кіраўнік райвыканкама Сяргей Ягораў і старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў (на фота). Адказваючы на пытанні «Звязды», старшыня аблсавета адзначыў, што ў раёне многае робіцца для развіцця інфраструктуры. І гэта добры прыклад змен у глыбінцы.

Як расказаў Сяргей Ягораў, ва ўсім раёне напярэдадні святкавання наводзілі парадак. На тэрыторыі старажытнага Друцкага гарадзішча правялі некалькі суботнікаў.

— Устанавілі там альтанкі, стварылі зоны адпачынку. Але гэта толькі першы этап. У перспектыве плануем стварыць музей пад адкрытым небам: народных рамёстваў і народнага побыту. Сярод іншага там можна будзе ўбачыць інструменты і прыстасаванні, якія выкарыстоўвалі нашы продкі: апрацоўвалі зямлю, ткалі, шылі і гэтак далей, — удакладніў ён.

На свяце было весела. Дзясяткі людзей у гэты дзень не паленаваліся прыехаць у Талачын з усёй краіны. У гонар святкавання ў горадзе адкрылі так званы знак нулявога кіламетра. З яго дапамогай можна даведацца, якая адлегласць да абласной і рэспубліканскай сталіц, а таксама да гарадоў-пабрацімаў.

Шмат людзей заходзіла на падворкі сельсаветаў. Там можна было даведацца пра асаблівасці кожнага, паглядзець на выступленні самадзейных артыстаў, паспытаць на смак стравы традыцыйнай нацыянальнай кухні.

Мінакоў прываблівалі інтэрактыўная выставачная пляцоўка «Музей запрашае гасцей», імправізаваны тэматычны бульвар каля гарадской бібліятэкі, паэтычная гасцёўня «Друць». З аншлагам правялі акцыю «Музыка талачынскіх вуліц» — з удзелам таленавітых выканаўцаў мясцовай дзіцячай школы мастацтваў. Яскравай падзеяй сталі і выступленні ансамбля старадаўняй музыкі «Друцічы», народнага клуба «Ветэран».

Вельмі відовішчнымі былі паказальныя выступленні ваеннаслужачых мабільных сіл, кінолагаў.

Позна вечарам і ноччу гараджане і госці ўбачылі фаер-шоу і феерверк. Несумненна, свята будуць доўга згадваць у чаканні чарговага.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: «Імяніны» Талакі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.