Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


«Князёўна Мэры»

TV1000 Kіnо RU, 27 жніўня

Безразважная гульня прапаршчыка Пячорына, які ад нудоты ў курортным Пяцігорску ўлюбляе ў сябе прадмет уздыханняў юнкера Грушніцкага, прыводзіць да трагічнага выніку... На экран трапіла ўсяго адна з частак рамана Лермантава «Герой нашага часу», а падстаў для роздуму яна пакідае безліч. Нездарма раман экранізавалі ажно пяць разоў, і гэта не ўлічваючы тэле- і радыёспектакляў. Словам, калі вашых старшакласнікаў не ўдаецца пасадзіць за «Героя нашага часу», прапануйце ім паглядзець «Князёўну Мэры». Для пачатку.

«Каменная кветка»

«МІР», 1 і 2 верасня

Уральскія сказы, памятныя многім яшчэ з сярэдніх класаў школы, зачароўваюць асаблівым рытмам і вобразамі, а фільм-казка Аляксандра Птушко, нягледзячы на шаноўны ўзрост (больш як 70 гадоў!), узмацняе ўражанне з дапамогай дэталяў і падрабязнасцяў. І вось яны нібы сыходзяць проста з кніжных старонак — Даніла-майстар, яго каханая Каця і Гаспадыня Меднай гары, якая спрабуе каштоўнымі камянямі ды сакрэтамі майстэрства засціць вочы і шлях назад, да людзей...

«Аляксандр Неўскі»

«Беларусь 3», 30 жніўня

І зноў у кадры школьная праграма — гэтым разам ажывае ўрок гісторыі. Гісторыя старажытнарускага князя, які ўшчэнт разбіў войскі Тэўтонскага ордэна на Чудскім возеры ў красавіку 1242-га, стала адной з найлепшых работ Сяргея Эйзенштэйна. Стужка, зробленая па дзяржаўным заказе, прынесла аўтару Сталінскую прэмію і ступень доктара мастацтвазнаўства, а ў гледачоў і ў даваенны час, і пазней мела ашаламляльны поспех, параўнальны хіба з «Чапаевым».

«Пудзіла»

ТВ3, 1 верасня

Гісторыя адной мужнай і самаахвярнай шасцікласніцы, якая змагла выстаяць у супрацьстаянні з чэрствасцю і жорсткасцю цэлага класа, знятая 35 гадоў таму, але актуальная і сёння. І, мабыць, сёння, у час татальнага дэфіцыту чалавечай цеплыні, нават больш, чым раней. Прысвячаецца не толькі дзецям, якія вучацца спазнаваць розныя адценні свету, але і ўсім дарослым, якія дагэтуль лічаць школьнае цкаванне, яно ж булінг, «дзіцячымі сваркамі» і што «самі разбяруцца».

«Добры хлопчык»

АНТ, 2 верасня

Вучань 9-га класа Коля Смірноў закахаўся ў настаўніцу англійскай мовы, а тым часам хтосьці падпаліў школьную прыбудову з новымі камп'ютарамі, тата прымусіў сям'ю жыць па рэжыме 12/36 (12 гадзін спаць, а потым 36 — займацца справамі), з-за чаго ва ўсіх татальны недасып, а тут яшчэ дачка дырэктара пачала заляцацца да самога Колі... У хлопца ёсць усяго некалькі дзён да свята школы, каб разабрацца з асабістым жыццём, наладзіць стасункі з бацькамі і выкрыць падпальшчыка.

Загаловак у газеце: Хутка ў школу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.