Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Горкі прысмак... халвы

За «ўсю Адэсу» я, вядома ж, не скажу — толькі за сябе: ну не люблю я сучасную ўпакоўку прадуктаў! І нават ведаю, за што.

Па-першае, досыць часта яна, гэтая ўпакоўка, як мне здаецца, каштуе куды даражэй, чым само яе змесціва; па-другое, — часам патрабуецца сіла (і немалая!), каб дастаць з яе тое ж марозіва, а бывае — неабыякая лоўкасць рук, каб адкрыць пакет і пры гэтым не рассыпаць на падлогу крупы ці цукар...

Не «ўтаптаць» асобныя пакеты і ў вядро для смецця — яны то «растапырваюцца» ва ўсю шырыню-глыбіню, то імкнуцца вонкі.

А самае крыўднае, што абгортка, упакоўка досыць часта падманвае нас, прычым самым нахабным чынам: «купляешся» — выбіраеш яе, прыгожую, яркую і... траціш грошы на абы-што.

Некалі, у крамах майго дзяцінства, было зусім не гэтак.

...У тыя часы прафесія прадаўца лічылася вельмі прэстыжнай. Ва ўсякім разе, калі ў адной дзяўчынкі настаўніца спытала, кім яна хоча стаць, тая тут жа адказала: «Дамасканіхай!», дзе Дамасканава, калі не зразумелі, прозвішча прадавачкі.

Дык вось, яе вясковую краму зараз назвалі б нейкім міні-маркетам, бо там было ці не ўсё. У невялічкім па плошчы памяшканні прадаваліся і харчовыя тавары, і прамысловыя, і з дзясятак кніг...

Мне ж найбольш падабаўся куток, дзе ляжалі косы, сякеры, малаткі, стаялі чыгункі і патэльні, раскрытыя скрыні з цвікамі ды іншым скабяным таварам. А побач з ім...

Дакладней — амаль побач — ляжала... мара майго жыцця: вялікая «пліта» халвы. Не ведаю, дзе яе тады выраблялі, але помню, у што ўпакоўвалі: у шчыльную празрыстую паперу. Пад сонцам яна літаральна «ўядалася» ў прадукт, але горшым яго не рабіла, — хутчэй наадварот: трымала форму, дазваляла ацаніць знешні выгляд, а ўжо смак... Халва — злёгку «падплаўленая» сонцам, да таго ж сапраўдная, са сланечніку (не тое, што сённяшні «сушняк») — выглядала вельмі апетытна!

Ці бачылі гэта мухі? Ну вядома ж! Але прадавачка з імі змагалася: ва ўсякім разе летам у краме заўсёды віселі адмысловыя стужкі. Мухі ліплі да іх, гінулі, а тыя, што заставаліся...

Столькі халвы пры ўсім жаданні яны з'есці не маглі!

Я — мог бы, здаецца, вось толькі грашыма ў дзяцінстве мяне не песцілі (як, зрэшты, і зараз), таму прысмакі купляў хіба зрэдку і вельмі мала.

Але аднойчы...

Помню як зараз: прадавачка ўзважыла — мне! — ажно дзвесце грамаў халвы!

Я разлічыўся, заціснуў яе ў руцэ і, шчаслівы (мара збылася!), лётам панёсся дамоў.

На тое, каб аддыхацца, часу, вядома ж, не меў: сеў за стол, разгарнуў упакоўку, зубамі ўпіўся ў смакоцце і... скрывіўся, бо нож у краме (я потым датумкаў) быў, напэўна, адзін. І прадавачка ім рэзала ўсё: некаму, у прыватнасці... селядзец, а потым ужо мне халву, ад чаго і пах яе, і прысмак...

Ад крыўды, ад роспачы я тады ледзь не плакаў! Але ж і спыніцца не мог: умінаў за абедзве шчакі той ласунак — да апошняй крошкі.

Адкуль выснова: нават найлепшыя прадукты можна лёгка сапсаваць — неахайным продажам альбо ўпакоўкай.

Яўген Шастакоў, г. Гомель


Калі дзеці былі малыя

У маленстве ды ў маладосці мы, згадзіцеся, больш лёгкія на пад'ём: купляем білеты, некуды ходзім і ездзім, наведваем, праведваем, чуем, бачым... Потым жа, пасталеўшы, а то і пастарэўшы, з усіх месцаў адпачынку выбіраем... канапу: садзімся альбо лажымся там, уключаем тэлевізар і — як здаецца, далібог не ўставалі б (у прыватнасці для таго, каб пайсці ў тэатр, цырк альбо парк), калі б не дзеці!.. А між іншым, эмоцый ды ўспамінаў ад гэтага — на ўсё жыццё. Ну вось напрыклад.

Неяк са сваімі малымі я адправіўся ў парк Чалюскінцаў. Прагулачным крокам мы дайшлі да так званага чортава кола і дзеці, вядома ж, захацелі падняцца на ім над зямлёй — паглядзець на сталіцу зверху.

Толькі сабраліся, узялі білеты, — як да нас падыходзіць нейкая маладзіца з малым і напрамілы бог просіць: калі ласка, маўляў, пракаціце майго сынка! Я страшэнна баюся вышыні... А вы ж (гэта мне) чалавек надзейны?

Адмаўляць — жанчыне, пры дзецях і пасля кампліменту — неяк не выпадала. Мы ўзялі ў кабінку яе хлопчыка і тут жа пашкадавалі, бо маці яго не паспела сказаць (а хутчэй спецыяльна не захацела), што сынок у яе... халерык. Мы ледзь пачалі пад'ём, як ён ужо тройчы падскочыў, пакруціўся на адной назе, стаў раскачваць «люльку». А далей — болей, як той казаў — перавешвацца за «борт»...

Ні просьбаў маіх, ні пагроз гэта дзіця не чула. Сядзенні пад намі хадзілі хадуном.

Да сёння помню халодны струменьчык поту, які «працякаў» паміж маімі лапаткамі, і адно, але палкае сваё жаданне — хутчэй спусціцца ўніз (жывым і з жывымі дзецьмі), стаць на зямлю.

...А неяк з малодшым сынам мы гулялі ў парку Горкага. Прыехалі на гадзінку, а «завіслі» на дзве ці нават на тры. Я хацеў, каб дзіця, што называецца, «адарвалася», назапасіла добрых эмоцый...

За што і паплаціўся.

Не, спачатку ўсё было класна: трохгадовы малы з вялікай радасцю перабіраў атракцыёны, еў марозіва, карміў і ганяў «хмару» галубоў і адну — сярод іх — варону...

Дзень тым часам хіліўся да вечара, і я ўжо ўяўляў, як зараз мы прыйдзем дадому, як там я пачну хваліцца сваім бацькоўскім цярпеннем, а сын час ад часу будзе мне паддакваць любімым: «А потым мы з татам...»

Карацей, я загуляўся і забыўся, можна сказаць, што дзіця — не лялька, а жывы чалавек, што ў яго могуць узнікнуць патрэбы, прычым немаленькія і неадкладныя.

...У той момант мы былі ў аддаленым месцы парку і да спецыяльнага «дамка» маглі не паспець. Але ж непадалёк ад нас, за агароджай, узвышалася нейкая будыніна.

Я схапіў малога на рукі і пабег туды.

На шчасце на ўваходзе нас ніхто не спыніў. Мы з касмічнай хуткасцю ўзляцелі на другі, здаецца, паверх, у самым канцы калідора ўбачылі патрэбныя дзверы і (ура!), здаецца, дабеглі!

Я стаў блытацца ў шлейках і гузічках, спускаць дзіцяці штонікі, чакаць...

Цішыня вакол была проста мёртвая (сем гадзін вечара — адкуль тут людзі?), але раптам...

Што гэта? Звонкі... жаночы (?) смех (гэта мы ў спешцы літары зблыталі? Ці яны?), вясёлая гамонка, торганне нашых дзвярэй (добра, што паспеў зачыніцца)... А нарэшце — мы з сынком не ў кабінцы, а ў сапраўднай «пастцы», бо дзяўчаты сталі «размяшчацца абапал»: і злева ад нас, і справа.

Што нам заставалася?

Я прыклаў да вуснаў палец, просячы малога: рабі, што трэба і, калі ласка, маўчы!

Ён — малайчынка — усё зразумеў: стараўся, рабіў (што важна — ціхенька-ціха!), але ўрэшце не стрымаўся і пераможна выдаў:

— Татка, усё!

Кароткая гэта фраза ды і гучала, як быццам, зусім нягучна, але цішыню «ўзарвала» як тая граната: побач і з усіх бакоў пачуліся віскат, крык, ляпанне дзвярэй, стук абцасаў...

Вы скажаце: справа жыццёвая і нічога ў ёй незвычайнага?

І сапраўды — нічога...

Проста неяк весялей на душы ад гэтых успамінаў.

А таму і кажу: людзі, не лянуйцеся, гуляйце з малымі, з дзецьмі, пакуль яны малыя. Канапа ад вас нікуды не дзенецца: хоць на ёй, хоць без яе мы яшчэ наляжымся. Ці не так?

Іван Гаральчук, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж заўсёднае: пішыце! Свет захаваўся таму, што смяяўся. І думаў.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.