Вы тут

Летам беларускія санаторыі былі запоўнены цалкам


Сёлетнім летам беларускія санаторыі былі запоўнены цалкам. З пачатку года ў іх адпачыла 465 тысяч чалавек, у тым ліку 175 тысяч гасцей з замежжа. Пуцёўкі на Новы год у большасці беларускіх здраўніц таксама ўжо выкуплены, а месцаў на кастрычнік і лістапад засталося няшмат — каля 20—30 %. Падвёў вынікі летняй аздараўленчай кампаніі і расказаў аб перспектывах восеньскага адпачынку дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь БАЛБАТОЎСКІ.


Фота: travel.otzyv.by

Па заяўляльным прынцыпе

Асаблівасцю сёлетняй летняй дзіцячай аздараўленчай кампаніі стала тое, што адпачыць маглі ўсе ахвотныя, дастаткова было толькі звярнуцца па пуцёўку. У выніку ў дзіцячых летніках пабывала больш за 381 тысячу школьнікаў — на 13,5 тысячы больш, чым летась.

— Сёлета мы адышлі ад планаў і працавалі па заяўляльным прынцыпе, каб максімальна ахапіць усіх ахвотных, — кажа Генадзь Балбатоўскі. — І мы не памыліліся, бо ў выніку летам у краіне працавала 6 250 лагераў — на 150 больш, чым летась. Як бачна, папулярнасць такога адпачынку толькі расце.

Генадзь Балбатоўскі паведаміў, што на дзіцячае аздараўленне сёлета было накіравана 43 мільёны рублёў — на 3,5 мільёна больш, чым летась. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыянарных лагераў, а іх у Беларусі 147, з розных крыніц паступіла
11 мільёнаў рублёў.

Пуцёўка на 18 дзён у дзіцячы летнік з кругласутачным знаходжаннем каштавала сёлета ў сярэднім 428 рублёў (частку гэтай сумы пакрывалі бюджэтныя сродкі, яшчэ частку — прафсаюзныя арганізацыі). У параўнанні з мінулым годам цана вырасла нязначна — не больш, чым на 5 %.

— Асаблівую ўвагу мы ўдзялілі аздараўленню дзяцей-сірот — больш за 13,5 тысячы такіх адпачылі ў лагерах, — падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. — Пабывала ў дзіцячых санаторыях і аздараўленча-рэабілітацыйных цэнтрах больш за чатыры тысячы дзяцей-інвалідаў.

Дарэчы, у Беларусі працуе сем дзіцячых санаторыяў і 12 рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў, дзе адпачываюць і папраўляюць здароўе пераважна беларускія дзеці за бюджэтныя сродкі.

Попыт расце

Летам беларускія здраўніцы былі запоўнены на 100 %, а з пачатку года гэта лічба складала 80 %.

— Па выніках 9 месяцаў мы назіраем устойлівы попыт на санаторна-аздараўленчыя паслугі, у тым ліку на пуцёўкі, што знаходзяцца ў свабоднай рэалізацыі, — адзначыў Генадзь Балбатоўскі. — Выручка ад іх продажу сёлета вырасла на 20 % і склала 322 мільёны рублёў.

Замежныя грамадзяне купілі пуцёўкі на 146 мільёнаў рублёў. З пачатку года ў беларускіх санаторыях адпачыла 175 тысяч гасцей з замежжа. Пераважна гэта блізкія суседзі — 90 % адпачывальнікаў-замежнікаў складаюць расіяне. Але з-за спрашчэння візавага рэжыму расце ў беларускіх санаторыях колькасць адпачывальнікаў з Прыбалтыкі, Польшчы і Германіі. Найбольшай папулярнасцю ў іх карыстаюцца санаторыі «Юнацтва», «Альфа-Радон» і «Пліса». Супрацоўнікі гэтых здраўніц, дарэчы, актыўна асвойваюць замежныя мовы — такая магчымасць з'явілася на адпаведных курсах у інстытуце турызму.

Сярэдні кошт ложка-месца ў стандартным двухмесным нумары за суткі складаў гэтым летам 53 рублі. У параўнанні са снежнем мінулага года ён вырас на 3,5 % (51 рубель). Калі пуцёўка рэалізоўвалася праз Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, сярэдні кошт пражывання ў суткі складаў 34 рублі.

— Ва ўмовах зніжэння попыту ў асеннія і зімовыя месяцы мы прагназуем зніжэнне гэтага кошту ў ІV квартале, — паведаміў Генадзь Балбатоўскі. — Глыбіня продажаў пуцёвак сёння складае два месяцы. Месцы на Новы год у большасці санаторыяў ужо выкуплены. На кастрычнік забраніравана і рэалізавана 80 % пуцёвак, на лістапад — 70 %. Ёсць усе падставы меркаваць, што сёлета эфектыўнасць работы санаторна-курортнай сістэмы будзе вышэйшая, чым летась.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Санаторыі падлічылі прыбыткі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.