Вы тут

Кніга "Арганы Беларусі" прэзентавана ў Нацыянальнай бібліятэцы


Кніга "Арганы Беларусі", якая расказвае пра шматвяковую арганную культуру, прэзентавана ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі ў НББ.


Ідэя аб падрыхтоўцы і выпуску такой кнігі нарадзілася ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя П.Броўкі" і знайшла падтрымку беларускіх музыказнаўцаў, бо арганная культура Беларусі - гэта больш за 600 гадоў надзвычай багатай і прыгожай гісторыі. У храмах розных хрысціянскіх канфесій, а таксама ў канцэртных залах знаходзіцца 123 арганы, якія ўяўляюць сабой гісторыка-культурную каштоўнасць. Выданне не толькі расказвае аб гэтым, а таксама аб гісторыі стварэння і тэхнічных характарыстыках арганаў, але і звяртае ўвагу на праблемы захавання арганаў як нацыянальнага здабытку і іх рэканструкцыі, таму што некаторыя арганы XVIII-XIX стагоддзяў не функцыянуюць. Імёны выдатных арганістаў і кампазітараў, арганных майстроў, а таксама тэхнічныя характарыстыкі кожнага з апісаных інструментаў - усё гэта можна знайсці ў кнізе.

"Арганы Беларусі" - гэта навуковыя даследаванні і маляўнічыя ілюстрацыі. Чытачоў чакае захапляючае падарожжа ў гісторыю арганаў і арганнай музыкі ў Беларусі. Змяняліся эпохі, адбываліся лёсавызначальныя для краіны падзеі, гукі аргана ўсё гэтак жа працягвалі напаўняць душы беларусаў спакоем і ціхамірнасцю.

Складальнік выдання Аляксандр Бурдзялёў і фатограф выдавецтва Анатоль Дрыбас пабывалі ў навуковай экспедыцыі па вывучэнні і фотафіксацыі ўсіх беларускіх арганаў. Аляксандр Бурдзялёў, выкладчык факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, вось ужо дзесяць гадоў займаецца праблематыкай беларускай арганалогіі, навучацца іграць на аргане пачаў у арганным класе Маскоўскага дзяржуніверсітэта, затым браў прыватныя ўрокі, у 2015 годзе атрымаў кваліфікацыю "выканаўца старадаўняй музыкі (арган)" у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Праект знайшоў падтрымку сярод вядучых беларускіх даследчыкаў. Аўтарскі калектыў займаўся падрыхтоўкай кнігі сумесна са старшынёй Беларускага фонду культуры Тадэвушам Стружэцкім і рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярынай Дулавай. Рэцэнзентамі сталі вядомыя даследчыкі і спецыялісты-практыкі з Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Кніга была выпушчана пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі. Да выдання прыкладзены дыск арганнай музыкі беларускіх выканаўцаў.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.