Вы тут

У Ваўкавыску адкрылі новы лячэбны корпус


У Ваўкавыску адкрылі новы лячэбны корпус, дзе будуць абслугоўвацца жыхары і суседніх раёнаў

У будучым тут плануецца арганізаваць уралагічнае, хірургічнае, тэрапеўтычнае міжраённыя аддзяленні для Свіслацкага, Бераставіцкага, Зэльвенскага, Мастоўскага раёнаў. З уводам у эксплуатацыю новага корпуса завершыцца фарміраванне медыцынскага цэнтра для жыхароў Ваўкавыскага і суседніх з ім раёнаў.


Аб гэтым заявіў падчас адкрыцця лячэбнага корпуса старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір КРАЎЦОЎ. Ён выказаў падзяку ўсім, хто паспрыяў уводу важнага лячэбнага аб'екта, дзе будуць спалучацца высокатэхналагічныя метады лячэння і камфорт.

Галоўны ўрач Ваўкавыскай раённай бальніцы Алена Грыцкевіч правяла экскурсію па лячэбным корпусе, дзе размешчаны прыёмнае, дыягнастычнае, тэрапеўтычнае, траўматалагічнае, неўралагічнае і кардыялагічнае аддзяленні. Асаблівае значэнне тут надаюць аперацыйнаму блоку, аддзяленням рэанімацыі і анестэзіялогіі.

На абсталяванне для хірургічнага аддзялення (у тым ліку рэнтгеналагічныя і наркозна-дыхальныя апараты, апарат ультрагукавой дыягностыкі) Міністэрствам аховы здароўя накіравана два мільёны рублёў, мільён выдзелены з абласнога бюджэту. Раённыя ўлады паклапаціліся аб набыцці аргтэхнікі і мэблі для медыцынскага аб'екта.

Новыя карпусы ўзведзены непадалёку ад старой бальніцы, дзе ў свой час месціўся пагранічны атрад. Калі яму знайшлі іншае месца, ваенны гарадок аддалі пад лячэбны аб'ект. Але з цягам часу нагрузка на аддзяленні ўзрасла і з'явілася неабходнасць будаўніцтва новай бальніцы, якая б адпавядала сучаснаму медыцынскаму абслугоўванню, а таксама санітарным і супрацьпажарным нормам. Такім чынам пры садзейнічанні абласных уладаў было прынята рашэнне пабудаваць новы лячэбны корпус на 260 месцаў.

— Налета будзем здаваць у эксплуатацыю Астравецкую цэнтральную раённую бальніцу, якая таксама будзе мець міжрэгіянальнае значэнне, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. — У зону абслугоўвання трапяць усе паўночныя раёны Гродзенскай вобласці, а таксама некаторыя раёны Міншчыны.

Развіцце міжрэгіянальных цэнтраў — адзін з важных рэгіёнаў у аказанні медыцынскіх паслуг. Такая лінія зададзена і кіраўніцтвам галіны.

— Міністэрства ініцыіруе развіцце міжрэгіянальных цэнтраў. Гэта дасць магчымасць канцэнтраваць высокапрафесійныя кадры і высокатэхналагічнае абсталяванне, аказваць дапамогу большаму колу насельніцтва, — падкрэсліў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерый МАЛАШКА. — Акрамя эканамічнай мэтазгоднасці, ёсць шэраг іншых плюсоў. Пацыентам не прыйдзецца ездзіць далёка, яны змогуць атрымаць медыцынскую дапамогу на месцы.

У адміністрацыі раённай бальніцы спадзяюцца, што новая ўстанова дазволіць затрымаць на рабочым месцы маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць сюды па накіраванні. З уводам новага корпуса будзе створана 42 новыя рабочыя месцы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Медыцынскі цэнтр для наваколля

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.