Вы тут

Анатоль Сівак: Мы дзвюма рукамі за бездазвольную сістэму


Мінтранс Беларусі зацікаўлены ў тым, каб перайсці на бездазвольную сістэму з трэціх краін для перавозчыкаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Такую пазіцыю агучыў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак.


Ён нагадаў, што ў рамках ЕАЭС падпісана адпаведнае пагадненне, згодна з якім такія дазволы з 2025 года будуць непатрэбныя. «Хацелася б, каб мы дасягнулі таго, пра што дамаўляліся ў ЕАЭС, хоць бы да 2025 года. Але нашы пажаданні — і раней», — сказаў Анатоль Сівак. Прэс-канферэнцыя была прысвечана развіццю транспартнай інфраструктуры і планам да 2020 года.

Аўтамабілі

Летась набыта звыш 340 аўтобусаў (у тым ліку 20 электробусаў у Мінску) і 40 тралейбусаў. Для павышэння хуткасцяў руху гарадскога пасажырскага транспарту вядуцца работы па арганізацыі выдзеленых палос для руху аўтобусаў і тралейбусаў на вуліцах Мінска і Брэста.

Прыпыначныя пункты пасажырскага транспарту ў Мінску, Гомелі і Брэсце паэтапна абсталююцца электроннымі інфармацыйнымі табло. Удасканальваюцца тэхнічныя сродкі аўтаматызаванага кіравання рухам гарадскога пасажырскага транспарту. Ажыццяўляецца будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна.

Водны транспарт

Міністр адзначыў, што ў найбліжэйшыя гады плануецца пачаць рэканструкцыю суднаходных шлюзаў «Перасекчы» і «Оўзічы» на Дняпроўска-Бугскім канале, будаўніцтва Усць-Ветліцкага гідравузла, а таксама будаўніцтва базы тэхнічнага абслугоўвання суднаў у верхнім б'ефе Гродзенскай ГЭС.

Сёлета прыняты на баланс пабудаваны ў рамках будаўніцтва Віцебскай ГЭС суднаходны шлюз на рацэ Заходняя Дзвіна. Падыходзіць да завяршэння рэканструкцыя суднаходнага шлюза «Рагадошч» на Дняпроўска-Бугскім канале, а таксама будаўніцтва прычалаў мінеральна-будаўнічых грузаў рачнога порта за межамі горада Брэста «Ямна».

Авіяцыя

Сёлета завершана рэалізацыя трох этапаў інвестыцыйнага праекта па абнаўленні парку паветраных суднаў. Плануецца завяршэнне будаўніцтва ў Нацыянальным аэрапорце Мінск другой штучнай узлётна-пасадачнай паласы.

Да будаўніцтва новага пасажырскага тэрмінала ў Нацыянальным аэрапорце Мінск прапануецца прыступіць пасля завяршэння ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Дарожная гаспадарка

На мясцовых аўтамабільных дарогах у бягучым годзе плануецца завяршыць рэканструкцыю на 7 кіламетрах дарог і 106 пагонных метрах мастоў, выканаць бягучы рамонт 1725 км дарог і 325 пагонных метраў мастоў.

Налета будзе працягвацца работа па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М-6 Мінск — Гродна — мяжа Польшчы (Брузгі). З Еўрапейскім інвестыцыйным банкам прапрацоўваецца пытанне па фінансаванні рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М-7 Мінск — Ашмяны — мяжа Літвы (Каменны Лог).

Цяпер прапрацоўваецца пытанне развіцця аўтамагістралі Санкт-Пецярбург — Мінск. Яе стварэнне дазволіць скараціць адлегласць паміж гэтымі гарадамі на 132 км у параўнанні з традыцыйным маршрутам. Па тэрыторыі краіны маршрут прапануецца пракласці ад Мінска па аўтамабільнай дарозе М-3 Мінск — Віцебск (да Лепеля), далей па Р-46 Лепель — Полацк — мяжа Расійскай Федэрацыі (Юхавічы) праз Полацк да мяжы з Расіяй з выхадам на аўтамабільную дарогу А-117.

Мост адкрыюць да 7 лістапада

Адказваючы на пытанні журналістаў, міністр транспарту і камунікацый адзначыў, што рух па мосце цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне адкрыюць да 7 лістапада.

Рух па гэтым мосце быў закрыты на год у снежні 2017 года. Па словах Анатоля Сівака, задача па яго ўводзе ў эксплуатацыю будзе выканана ў тэрмін. «Прыпяцкі мост практычна завершаны. Да лістапада ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Дакладней, нават будзе адкрыты рух па гэтым мосце», — сказаў міністр. Таксама фактычна завершаны работы па мосце цераз Сож (траса М-8 — мяжа Расіі — Віцебск — Гомель — мяжа Украіны). Анатоль Сівак адзначыў, што стан маставых збудаванняў сёння з'яўляецца адным з прыярытэтных пытанняў для Мінтранса. Ён нагадаў, што ў цэлым у Беларусі стаіць задача па рэканструкцыі 32 мастоў.

Хуткасны трамвай да «Вялікага каменя»

Мінтранс выступае з прапановай, каб на трасе ў напрамку Нацыянальнага аэрапорта Мінск, якая пройдзе праз Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, быў прадугледжаны шлях для хуткаснага трамвая. Гаворка ідзе пра будаўніцтва дарогі ў працяг вуліцы Ваўпшасава.

«Пакуль гэта нават не перадпраектная прапрацоўка, — падкрэсліў Анатоль Сівак. — Ідзе абмеркаванне ў цэлым канструкцыі такой дарогі. Мінтранс, напрыклад, выступае з прапановай, каб гэтая дарога будавалася не проста як аўтамабільная, але каб там адразу будаваўся шлях для хуткаснага трамвая на падзяляльнай паласе». Міністр звярнуў увагу, што пакуль такога аб'екта няма ў праграме «Дарогі Беларусі». Цяпер толькі абмяркоўваецца пытанне аб уключэнні яго ў згаданую праграму і хто будзе выступаць заказчыкам», — сказаў ён, адзначыўшы, што казаць пра тэрміны рэалізацыі гэтага праекта заўчасна.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.