Вы тут

У Магілёве актывіст змагаецца за чысціню навакольнага асяроддзя


Віталь Гардзееў для жыхароў магілёўскай Чапаеўкі — бясспрэчны аўтарытэт. Ён — старшыня вулічкама № 5 Ленінскага раёна Магілёва і член Савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мікразоны № 4 і не прывык да таго, каб на яго ўчастку быў бардак. Актывіст дамогся, каб на замацаванай за ім тэрыторыі гарадскія ўлады навялі парадак з дарогамі і электрычнымі слупамі. А нядаўна патэлефанаваў у рэдакцыю «Звязды» і папрасіў дапамогі ў барацьбе з несанкцыянаваным сметнікам у межах горада.


Разам з няўрымслівым актывістам рушым на тое самае месца, каб ацаніць абстаноўку. Гэта зусім побач з ліцэем № 9, які знаходзіцца на цэнтральнай вуліцы Першамайскай за некалькі прыпынкаў ад чыгуначнага вакзала. Ліцэй якраз каля дарогі і, здаецца, павінен утрымліваць сваю тэрыторыю ў выключным стане. Ну вось, я так і думала, каля будынка шчыруюць хлопцы і дзяўчаты, прыбіраюць лістоту. Але Васіль Гардзееў наадварот, настроены не так аптымістычна. «Пойдзем, паглядзім, куды яны яе панясуць», — кліча ён кудысьці на задворкі ліцэя. І сапраўды. Каля будынка, які нагадвае прыбіральню, бачым свежавыкапаную яму. Менавіта туды метадычна і зносіцца лістота. «Ну вось, бачыце, зноў рыхтуюцца пахаваць смецце на нейтральнай тэрыторыі», — перажывае мой спадарожнік.

Гісторыя са сметнікам нагадвае дакучную казку пра белага бычка. Гардзееў за чысціню тэрыторыі змагаецца з пераменным поспехам вось ужо тры гады, калі заўважыў, што ліцэй пасля капрамонту пачаў хаваць будаўнічыя адходы непадалёк ад сваіх будынкаў. Тэлефанаваў, хадзіў на прыёмы, звяртаўся ў газеты. Парадак навялі, але потым усё паўтарылася. Летась Віталь Гардзееў звярнуўся на прамую лінію ў Магілёўскі аблвыканкам. Факт пацвердзіўся, мяркуючы па адказах з розных інстанцый, меры былі прынятыя. А зараз, атрымліваецца, усё зноў вяртаецца на кругі свае.

— На гэтым полі закапалі ўжо дзесяць тон смецця, не меней, там і поліэтылен, і бітая цэгла, і нават зламаныя аконныя рамы, — паказвае актывіст на парэзаную пратэктарамі трактара зямлю і на тыя галінкі і рваную плёнку, якія тырчаць з-пад яе.

— У ліцэі кажуць, што тэрыторыю ім хутка аддадуць пад палігон, — заўважае Віталь Гардзееў. — Але гэта не апраўданне безгаспадарчасці. Мне здаецца, што калі ўстанове дазволяць зрабіць тут палігон, яны яшчэ больш актыўна пачнуць хаваць тут сваё смецце. Мне спрабуюць даказаць, што гэта кампоставая яма, але ж які гэта кампост? Вы ж самі бачыце, што гэта жывое смецце. Ім тут ужо атруцілі ўсё навокал.

Суразмоўнік расказвае, што нават правёў невялічкае даследаванне наконт таго, каб даведацца, як доўга працягваецца гэта шкодніцтва. Кажа, што адзін з супрацоўнікаў ліцэя нават падзівіўся яго некампетэнтнасці. Маўляў, мы тут 30 гадоў смецце закопвалі, а ты толькі прачнуўся.

З другога боку ад «палігона» жылы двухпавярховік, абласная ветлабараторыя, нядаўна прапісалася шынамантажная станцыя. Вядома, што чыйсьці прыклад безгаспадарчасці параджае яшчэ большую безгаспадарчасць. Нікога не хочацца абвінавачваць, але ж тутэйшая тэрыторыя сапраўды непрыглядная. Шмат хмызняку, кучы апалай лістоты, а каля агароджы шынамантажу яшчэ і будаўнічае смецце. Магчыма, прадпрыемства яшчэ не паспела прыбрацца, але старшыня вулічкома заўважае, што смецце не ўчора з'явілася.

Каля жылога дома знаёмімся з жыхарамі — Галінай і Аляксандрам. Яны жывуць тут тры гады. Аляксандр звяртае ўвагу на тое, што вельмі часта бачылі, як па полі каля ліцэя раз'язджае трактар і ўсё нешта трамбуе. Што менавіта, не ведае. Прызнаецца, што яму гэта зусім нецікава.

Супрацоўнікі ветлабараторыі на наш нечаканы візіт рэагуюць насцярожана. «Сваю лістоту мы складзіруем пакуль на сваёй тэрыторыі ў мяхах. Калі жадаеце, можаце паглядзець», — запрашае кіраўнік.

На ліцэй тут нагаворваць не хочуць. Маўляў, нам да іх ніякай справы няма, у нас сваіх хапае.

— Таму і безгаспадарчасць навокал, што нікому справы няма, — абураецца Васіль Гардзееў. — Ад агароджы тры метры адмералі, і ўсё — астатняе не маё, чужая тэрыторыя.

У папцы Гардзеева шмат афіцыйных адказаў на яго звароты, але ж галоўнае не ў тым, каб адказаць, трэба праблему вырашыць раз і назаўсёды. Пасля таго як абзваніла некалькі камунальных службаў, у тым ліку Магілёўскую гарадскую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, яшчэ больш стала паважаць Віталя Гардзеева за яго прынцыповую пазіцыю. Бо сутыкнулася з тым, што нават банальнае пытанне з утылізацыяй той жа асенняй лістоты выклікала ў многіх цяжкасці. Адказныя асобы з поўнай сур'ёзнасцю разважалі пра тое, што гэта асабістая справа кожнага, ніхто не забараняе хоць ліцэю, хоць прамысловаму прадпрыемству з яго аграмаднай плошчай рабіць кампоставыя ямы на сваёй тэрыторыі. І толькі ў «Магілёўзелянбудзе» мне выразна паведамілі, што лістота — гэта не што іншае як від адходаў, які афіцыйна зарэгістраваны ў адпаведным класіфікатары Рэспублікі Беларусь.

— А калі гэта адходы, то іх трэба вывозіць, — падкрэсліў начальнік аддзела прававой і кадравай работы «Магілёўзелянбуда» Сяргей Турчыкаў. — Для гэтага ў нас ёсць спецыяльны палігон, які знаходзіцца на тэрыторыі прамзоны каля «Магілёўхімвалакна. На жаль, дагавораў у нас толькі некалькі дзясяткаў. Магчыма таму, што паслуга платная, за ўтылізацыю кубаметра апалай лістоты трэба заплаціць крыху больш за сем рублёў.

Дарэчы, сёння «Магілёўзелянбуд» штодзённа вывозіць на свой палігон прыкладна 40—50 кубоў лістоты ў дзень. А куды дзяваецца тое, што збіраецца на замацаваных за рознымі арганізацыямі, установамі і прадпрыемствамі?

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Сметнік у горадзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.