Вы тут

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Банкаўскім кодэксе і сферы харчавання


Банкі цяпер не змогуць павялічваць працэнты па крэдытах у аднабаковым парадку, а таксама навязваць кліенту дадатковую паслугу, не даўшы права выбару. Гэта прадугледжана зменамі ў Банкаўскім кодэксе, якія ўжо ўступілі ў сілу.


Фінансавым структурам таксама забараняецца ў аднабаковым парадку памяншаць стаўку па ўкладзе. Выключэнне — выпадак, калі дагаворам устаноўлена пераменная працэнтная стаўка, вызначаная праз паказчык, змена якога адбываецца незалежна ад рашэння банка (напрыклад, калі стаўка па крэдыце або ўкладзе прывязаная да стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка).

Крэдыты падаражэлі, а дэпазіты знізіліся. Пакуль

Што гэта дае кліенту на практыцы? Па-першае, упэўненасць у заўтрашнім дні. У першай дэкадзе лістапада большасць банкаў краіны прыпыніла прыём заявак па дагаворах, дзе крэдыты першапачаткова прапаноўваліся пад меншы працэнт, які без бачнай на тое прычыны павялічваўся банкам самастойна. Напрыклад, цяпер не ўдасца заключыць крэдытны дагавор на куплю нерухомасці на 15 гадоў з першапачатковай стаўкай 13 працэнтаў гадавых, якая потым вырастае да 15 працэнтаў. Цяпер умовы будуць дакладна прапісаныя, а працэнты зафіксаваныя або прывязаныя да стаўкі рэфінансавання.

Цяпер, калі банкі для прыцягнення кліентаў будуць зніжаць працэнты па крэдытах, гэта будзе сапраўднае зніжэнне, а не падманлівае. І калі праз нейкі час нам прапануюць прадукт пад 14 працэнтаў, то напісанаму можна верыць.

Тая ж самая гісторыя з дэпазітамі.

Амаль адразу ж зменшыліся першапачатковыя працэнты па ўсёй лінейцы сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых дэпазітаў. Дакладней, яны сталі сумленнымі.

Дарэчы, банкі павінны клапаціцца аб сваіх кліентах і нагадваць аб праблемных крэдытах. Фінансавыя інстытуты абавязаны паведамляць кліентам пра пратэрмінаваную запазычанасць па крэдыце не пазней чым праз 30 дзён з дня яе ўтварэння, а паручыцелям — не пазней чым праз 60 дзён. Гэтую інфармацыю банкі павінны даваць спажыўцу бясплатна.

Колькі каштуе кілаграм і літр?

Калі ўмовы хаджэння грошай у нас акрэслівае Нацбанк праз нормы Банкаўскага кодэкса, то МАРГ змяняе правілы продажу асобных тавараў і работу сферы грамадскага харчавання.

Напрыклад, на кожным харчовым тавары будзе кошт за літр і кілаграм — і мы будзем дакладна разумець, які кефір на самай справе самы танны, а дзе маркетолагі былі проста хітрэйшыя.

Пастанова Саўміна ад 14 лістапада № 824 прадугледжвае карэкціроўку правілаў продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання. Дакумент уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, але галоўная змена ўжо працуе на практыцы. Многія крамы ўжо ўказваюць на цэнніках кошт тавару за кілаграм і літр. Выключэнне — тавары ў пэўным наборы, алкагольныя, слабаалкагольныя напоі і піва, яйкі, а таксама іншыя харчовыя прадукты, маса або аб'ём якіх складае менш за 50 грамаў або 50 мілілітраў.

Галоўнае не ў камп'ютары, а на цэнніку

Гандлёвыя цэнтры і крамы павінны будуць прадаваць тавары па тых цэнах, якія пазначаны на цэнніках. Змяненні ўвялі, каб «зняць канфлікты пакупнікоў з прадаўцамі ў выпадках, калі пры разліку на касе да ведама пакупніка даводзяць, што цана на тавар павялічылася, але «не паспелі перапісаць цэннікі».

Такім жа чынам праблемныя пытанні здымаюцца ў кафэ і сталовых. Там прадукцыю грамадскага харчавання абавязаны адпускаць па той цане, якая паказана ў меню. Выключэнне — выпадкі продажу тавараў па больш нізкай цане.

Яшчэ крамы абавязаны выстаўляць аднолькавыя цэны пры аплаце тавару як наяўнымі, так і безнаяўнымі грашыма.

Упакоўка. Бясплатная і якасная

Сёння ў кожным гандлёвым пункце згодна з правіламі гандлю павінна быць бясплатная ўпакоўка. Цяпер дадаецца новае патрабаванне: бясплатная ўпакоўка павінна «забяспечваць захаванне якасці і спажывецкіх уласцівасцяў тавараў». Дарэчы, у цягніках — міжнародных, міжрэгіянальных ліній і рэгіянальных ліній бізнес-класа — дазволяць разносны гандаль харчовымі прадуктамі. Галоўнае патрабаванне — выкананне ўстаноўленых заканадаўствам умоў іх захоўвання і продажу.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Напісанаму верыць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.