Вы тут

Пераход да «зялёнай» эканомікі абмяркоўваюць эксперты


Пераход ад вугляроднага паліва да «зялёнай» эканомікі і аднаўляльных крыніц энергіі — адзіны шлях выратаваць планету, упэўнены эксперты.


З 2 па 14 снежня ў польскім горадзе Катавіцэ праходзіць 24-я сесія бакоў Рамачнай канвенцыі ААН па змяненні клімату (СОР 24). У ёй прымаюць удзел дэлегаты са 193 краін, у тым ліку сусветныя лідары, эксперты, актывісты, наватары, бізнесмены і прадстаўнікі грамадскасці. На чале беларускай дэлегацыі — міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.

Галоўная задача ўдзельнікаў канферэнцыі — выпрацаваць канкрэтныя шляхі выканання мэт, якія былі вызначаны ў Парыжскім пагадненні па клімаце, і ў першую чаргу — скарачэння выкідаў парніковых газаў.

Напярэдадні канферэнцыі Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш адзначыў, што тэмпы змены клімату апярэджваюць прагнозы вучоных, а дзеянні ў адказ адстаюць ад тэмпаў глабальнага пацяплення. Каб выканаць пастаўленую мэту і не дапусціць павышэння тэмпературы да канца стагоддзя больш чым на 1,5-2 °С, неабходна да 2040 года скараціць выкіды СО2 на 40 %, а да 2050-га дасягнуць так званага нулявога балансу. Для гэтага ад паловы да дзвюх трацей патрэбнасцяў чалавецтва ў энергіі да сярэдзіны стагоддзя павінны пакрывацца за кошт аднаўляльных крыніц, а доля выкапнёвага паліва, адпаведна, зніжацца.

Ад наступстваў змены клімату не застрахаваны ніхто — ні бедныя, ні багатыя дзяржавы. Таму трэба працаваць над рашэннем гэтай праблемы разам, падкрэсліў Антоніу Гутэрыш.

Беларусь сёння падтрымлівае пераход ад абмеркавання пытанняў да прыняцця канкрэтных мер па дасягненні канчатковай мэты Рамачнай канвенцыі ААН па змяненні клімату. Так, наша краіна без усялякіх умоў узяла на сябе абавязацельствы забяспечыць да 2030 года скарачэнне выкідаў парніковых газаў не менш чым на 28 % да ўзроўню 1990 года. Рэалізуецца праграма мер па змякчэнні наступстваў змены клімату да 2020 года, і распрацаваны план мерапрыемстваў па рэалізацыі Парыжскага пагаднення, дзе вызначаны меры па скарачэнні выкідаў і павелічэнні абсорбцыі лясамі і водна-балотнымі ўгоддзямі як асноўнымі паглынальнікамі парніковых газаў у краіне.

— Мы разглядаем «зялёную» эканоміку, нізкавугляроднае ўстойлівае развіццё як стратэгічны вектар, — адзначылі ў Мінпрыроды. — І гатовыя зрабіць больш у такіх галінах, як энергетыка, транспарт, прамысловасць, будаўніцтва і абыходжанне з адходамі. Для нас таксама важная падтрымка па адаптацыі да змены клімату такіх уразлівых сектараў, як лясная і сельская гаспадарка.

У прыродаахоўным ведамстве падкрэслілі, што адна з істотных умоў поспеху Парыжскага пагаднення і дасягнення ўзгодненай агульнай мэты — стварэнне справядлівых і прымальных крытэрыяў доступу да міжнародных кліматычных фондаў. Абмежаванне ці пазбаўленне такой магчымасці краін з сярэднім узроўнем даходу, з пераходнай эканомікай перашкаджае паўнавартаснай рэалізацыі існуючага ў іх патэнцыялу на карысць агульнай справе па прадухіленні змены клімату.

Сёння міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык выступіць на кліматычнай канферэнцыі з дакладам, дзе выкажа пазіцыю Беларусі па гэтым пытанні, а таксама падчас канферэнцыі правядзе некалькі сустрэч з міністрамі прыродаахоўных ведамстваў іншых краін.

Вераніка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Ад чорнага да зялёнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.