Вы тут

«Партызанская ёлка»


Свята з такой назвай правялі 23 снежня ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова, чым вельмі парадавалі наведвальнікаў у дзень нараджэння легендарнага бацькі Міная. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху Беларусі нарадзіўся ў 1891 годзе ў вёсцы Пунішча Веліжскага павета Віцебскай губерні.


У прыватнасці, у музеі прэзентавалі вельмі цікавую выстаўку, прысвечаную... сапёрнай рыдлёўцы. Калекцыянер Генадзь Дубінін расказаў пра гісторыю стварэння «таго, што салдат ніколі не кіне». Бо ёй можна не толькі капаць. Рыдлёўку, напрыклад, эфектыўна выкарыстоўваюць пры рукапашным баі. Пра гэта, між іншым, згадвалі немцы, калі апісвалі майстэрства рускіх салдат. Рыдлёўку яшчэ і кідаюць у праціўніка. Яна ж, калі насіць пад рэменем, абараняе ад асколкаў. Яшчэ на ёй можна сядзець, калі зямля вільготная. І нават ежу падсмажыць...

Дарэчы, саму канструкцыю за ўсе гады практычна не змянілі. А вынаходнік гэтага армейскага «аксесуара» — дацкі афіцэр Мадс Лінэман. Рыдлёўка была запатэнтавана ім у 1870 годзе. Цікава, што да гэтага ён прапаноўваў забяспечваць асабовы склад пяхоты ўніверсальным інструментам, які адначасова ўяўляў сабой рыдлёўку, пілу, нож і патэльню. Але ваеннае ведамства Даніі прыняло на забеспячэнне спрошчаную версію.

Былы выкладчык гісторыі Генадзь Дубінін мае ў сваёй калекцыі і рарытэты. Адказваючы на пытанні карэспандэнта «Звязды», адзначыў, што цікавы экспанат можна купіць не толькі на інтэрнэт-аўкцыёнах, а і на рынку...

Гасцей «Партызанскай ёлкі» традыцыйна частавалі гарбатай і сушкамі ў зямлянцы — копіі тых, у якіх жылі партызаны.

Дырэктар Віцебскага абласнога музея Ірына Шышкова адзначыла, што розныя крэатыўныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і надалей.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.