Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Дзед Мароз — герой

У добрым настроі Марыя звала свайго мужа Паўлам, Паўлікам, у дрэнным — выключна па прозвішчы — Марозаў. Праўда, было гэта вельмі рэдка...

Дык вось неяк пад Новы год Паўлу не пашчасціла: майстар змены папярэдзіў, што яму прыйдзецца падзяжурыць і якраз у навагоднюю ноч.

Жонка, вядома ж, засмуцілася, але што тут будзеш рабіць: сабрала яму тое-сёе на перакус і, каб не было спакусы чарку кульнуць, паклала з сабой пакет малака.

А трэба сказаць, што зіма той год была вельмі лютая. Маразы пачаліся яшчэ ў пачатку снежня, а пад Новы год ртутны слупок і наогул «завіс» на мінус 25. Факт, што Павел, чакаючы аўтобус, ажно сцяўся ад холаду, адзіноты і крыўды: свята ж на дварэ, людзі сядзяць сабе дома, туды, дзе цёпла і смачна, спяшаюцца рэдкія прахожыя, а ён...

Шафёр аўтобуса таксама, відаць, спяшаўся, бо спыніўся аж за прыпынкам. Павел памкнуўся падбегчы за ім і ледзь не паваліўся — правая нага не гнулася. Ён схапіўся за калена рукой і адчуў пад ёю нешта калянае. Скінуў рукавіцу, яшчэ раз абмацаў нагу і ў святле, якое праменілася з аўтобуса, убачыў, што правая калашына стала белай і ледзяной. «Малако!» — мільганула думка. І сапраўды — у сумцы ад яго застаўся толькі пакет.

Ехаць на работу ў мерзлых портках Паўлу не выпадала: неяк дакульгаў дадому. Жонка, убачыўшы яго на парозе, сказала:

— Ну ты даеш, Марозаў! Няўжо не адчуваў, што замярзаеш?!

— Адчуваў... не адчуваў, — злаваўся Павел, — давай сухую адзежу, а то на апошні аўтобус спазнюся...

Тым часам у прыадчыненыя дзверы дзіцячага пакоя прасунуліся дзве бялявыя галоўкі дачок.

— Гэта Дзед Мароз прыходзіў, — шаптала адна. — Я чула, мама яго так назвала.

— Ён, відаць, падарункі прынёс? Але ж чаму так хуценька збег?

— Баяўся растаць... Бачыш — белыя плямы на падлозе.

— Дык ён малочны? З марозіва?

...Раніцай, калі гаспадар вярнуўся з дзяжурства, дочкі наперабой расказвалі яму, што ноччу прыходзіў Дзед Мароз, што ён прынёс падарункі, але сам ледзь не растаў.

Ала Клемянок, г. Смаргонь

З людзьмі і да людзей

...Мая сталая педагагічная дзейнасць пачалася ў новай школе, у дружным калектыве настаўнікаў і вучняў.

Але ж вось куляй праляцела першае паўгоддзе, адзнакі выстаўлены, навагоднія мерапрыемствы і бацькоўскія сходы праведзены — можна адпачываць. У тыя застойныя, але вельмі светлыя гады ад настаўнікаў не патрабавалі яшчэ ўсе канікулы праводзіць у школе. Было адно абавязковае дзяжурства, а што далей рабіць — кожны вырашаў сам.

Мне ў той год пашанцавала. Дырэктар школы клапатліва спыталася: «Ты ж не замужам?.. Значыць так: сустракай Новы год з добрымі людзьмі... Дасць бог, і мужа сустрэнеш». Сказала — як у ваду паглядзела. Але ж па парадку.

Першая школа мая была ў Гомелі, а на святы я вырашыла паехаць дамоў у родныя Клімавічы. Да іх я заўсёды дабіралася з боку Крычава, на аўтобусе, а гэтым разам білетаў на яго не было. Мне прыйшлося ехаць цягніком да станцыі Унеча, а ўжо там позна ўвечары перасесці на цягнік Сураж — Магілёў.

Вагон у мяне быў апошні, чатырнаццаты (у 13-м такога, можа, не здарылася б) і пад канец паездкі — амаль пусты, бо ўсе пасажыры выйшлі на станцыі Камунары. Я ў вагоне засталася адна, і хлопец-праваднік сказаў мне, што наступны прыпынак у Клімавічах, хвілін праз 30.

Не ў памяці, колькі іх прайшло, але праз нейкі час цягнік і сапраўды замарудзіў хаду, я з чамаданам падалася ў тамбур і, калі дзверы там адчыніліся, ступіла ў... снег.

Спачатку ніякіх дрэнных прадчуванняў не было: зіма, вагон апошні, сам горад засланяе лесапасадка. Аднак хвілін праз колькі сэрца трывожна затахкала. Ну, па-першае, ісці прыходзілася без ніякай сцежкі, у цэлае, па-другое, па абодва бакі ад мяне быў высокі цёмны лес, а наперадзе — аніякіх агнёў, «намёкаў» на вакзал ці горад. Адзінае — як быццам нейкія постаці?

Я паспрабавала падбегчы за імі, дагнаць, але з гэтага нічога не выйшла. Тады я стала крычаць: «Пачакайце!.. Пачакайце мяне!»

Дзякуй богу, людзі пачулі, спыніліся, пайшлі насустрач. Ужо зблізку я ўбачыла, што гэта трое маладых хлопцаў. Ледзь не з плачам стала расказваць ім, што са мной адбылося і ў адказ пачула, што рана сышла з цягніка, што вось гэта — маленькі раз'езд, а самі Клімавічы — далей, наступная станцыя, і дабрацца туды можна раніцай, а зараз...

Хлопцы прапанавалі мне пайсці да іх у вёску.

Па сённяшнім часе я, напэўна б, спужалася, а тады так рада была! (Ды і выйсця не мела.)

Учацвярых мы досыць доўга ішлі па лесе, пакуль не ўбачылі першыя хаты. Дзверы адной з іх, Мішавай, адчыніла немаладая вясковая жанчына — мама. Дазнаўшыся пра маю прыгоду, яна а палове другой ночы стала смажыць яешню і рыхтаваць гарбату. Нешта я, здаецца, адкусіла, нечага адпіла і тут жа адключылася...

Раніцай мяне пабудзіў Міша. На кані, які ўжо стаяў ля хаты, ён завёз мяне ў горад, і першага студзеня гадзін у 12 дня я дабралася дадому...

Гэта была дзея першая. Зараз — другая.

Праз дзесяць дзён канікулы скончыліся, мне трэба было вяртацца на работу. У Гомелі на аўтавакзале міліцыянер прапанаваў паднесці мой чамадан. Па дарозе мы разгаварыліся, і аказалася, што ён таксама едзе ў Навабеліцу, што жывём мы з ім... у адным рабочым інтэрнаце.

Карацей, праз паўгода, мы пажаніліся, нарадзіўся першынец. Аднак...

Паверце, хапіла ў жыцці ўсяго, але тых хлопцаў я помню да сёння. І думаю, як добра, што яны (вось такія!) тады сустрэліся, як добра, што прытулілі нанач, што не было ў нас ніякіх мабільнікаў, і я нікога не патрывожыла... Нізкі паклон тым добрым людзям, з якімі я сустракала Новы 1983-і, хоць мы ў тую ноч пра гэта нават не ўспомнілі: проста ішлі ў вёску, да людзей...

Наталля Сівак, Чэрвеньскі раён

Танец маленькіх лебедзяў

Калі заходзіць размова пра самую памятную сустрэчу Новага года, мне заўсёды ўспамінаецца гэта.

У 1997 годзе я працавала загадчыцай клуба ў выхаваўчай калоніі, што знаходзілася тады насупраць камбіната «Чырвоны харчавік», і была адказнай за правядзенне навагодніх свят. Рыхтавацца да іх мы пачыналі загадзя. Ужо недзе ў кастрычніку быў распрацаваны і зацверджаны сцэнарый, размеркаваны даручэнні. Нам трэба было знайсці самага высокага хлапчука на ролю Дзеда Мароза. Далей, паводле нашага сцэнарыя, начальнік калоніі робіць кароткі даклад аб тым, як прайшоў год і што чакаецца ў новым, потым пачнецца канцэрт. У ім пад нумарам адзін будзе сцэна гераічнай гібелі генерала Карбышава ў нямецкім палоне.

Каб паказаць яе, мы ў вайсковай часці папрасілі пяць спісаных салдацкіх касцюмаў, у тэатры імя В. Дуніна-Марцінкевіча пазычылі форму капітана Чырвонай Арміі.

Усё гэта я прывезла ў клуб. Падбеглі хлапчукі, сталі разглядаць ды прымяраць. Адзін з іх, Глеб (прозвішча я забылася), нават прыбраўся ў форму капітана, палюбаваўся на сябе ў люстэрка і... знік, чаго я, захапіўшыся іншым, зусім не заўважыла.

Праз нейкі час з прахадной прыходзіць ахоўнік і кажа:

— Пахавайце касцюмы, бо зараз паўкалоніі разбяжыцца!

Аказваецца, Глеба ў адзенні капітана выпусцілі на вуліцу, прыняўшы за новага выхавальніка. І гэта шчасце яшчэ, што ён нікуды не сышоў, проста пакурыў на лавачцы.

...Але ж вось пачаўся канцэрт. Як планавалі, з палону Карбышава.

Да праектара кінаапарата мы загадзя прывязалі «краты» (чорнымі ніткамі прымацавалі запалкі). На экран накіравалі прамень. Атрымаўся «сапраўдны» калючы дрот. За ім — генерал Карбышаў. Нямецкі афіцэр апошні раз прапануе яму перайсці на бок Германіі. Калі не, то яго разам з таварышамі абальюць ледзяной вадой і замарозяць — жывымі.

Генерал не згаджаецца. На палонных настаўляюць пажарны шланг. Яны бяруцца за рукі і застываюць. Кінамеханік уключае сірэну...

Калі ў зале запалілі святло, цішыня там стаяла мёртвая... А потым — гром апладысментаў!

...Цёпла прымалі гледачы і ўрывак з аповесці Катаева «Сын палка», выступленні музычнага калектыву, салістаў...

А нарэшце мы паказалі «Танец маленькіх лебедзяў». Іх партыі пад цудоўную музыку Чайкоўскага выконвалі хлапчукі з белымі банцікамі на стрыжаных галовах, у гэткіх жа белых спаднічках і сініх маечках, з голымі нагамі і ў чорных бацінках саракавога памеру. Відовішча, карацей, было яшчэ тое! Гледачы проста рвалі жываты, поўзалі ад рогату і, адбіваючы далоні, патрабавалі выканаць нумар яшчэ і яшчэ раз.

...Я тады глядзела на гэтых шчаслівых дзяцей і радавалася, бо яны хоць на гадзіну ды забыліся, што знаходзяцца ў калоніі, удалечыні ад роднага дома, ад сваіх бацькоў...

А галоўнае — што яны не развучыліся яшчэ суперажываць. І так шчыра смяяцца.

М. К. Любаскіна, г. Бабруйск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж. Вось і ўсё: гэта апошняя сёлета пятніца, апошняя падборка «вясёлых і праўдзівых гісторый...» А значыць, зараз самы час выбіраць найлепшыя. Яшчэ раз нагадаем, што гэта рэдакцыя робіць не сама, а разам з чытачамі. Калі ласка, дасылайце свае меркаванні — свае дзясяткі найлепшых. Можна — з віншаваннямі, з карткамі на розыгрыш прызоў, з новымі творамі, з прапановамі...

З надыходзячым!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.