Вы тут

Мясцовае самакіраванне Шальчынінкая і Воранава ўзнаўляе былыя сувязі


У літоўцаў заўсёды мелася зацікаўленасць тым, як жывуць беларусы. Раней гэта былі блізкія суседзі, не існавала дзяржаўнай мяжы, раёны сябравалі на ўзроўні культурных і грамадскіх арганізацый, шмат было і асабістых кантактаў. І зараз нямала родных жывуць з абодвух бакоў мяжы і па магчымасці падтрымліваюць сувязі. А вось міждзяржаўныя адносіны аслабелі. Масавы прыезд прадстаўнікоў Літвы напрыканцы года стаў новым імпульсам да супрацоўніцтва. Госці пабывалі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, аб'ектах некалькіх сельскіх саветаў, ва ўстановах адукацыі, у тым ліку наведалі Пеляскую сярэднюю школу з літоўскай мовай навучання.


Вялікую дэлегацыю з Шальчынінкая ўзначаліла віцэ-мэр раёна Ядвіга Сінкевіч. Для абмену вопытам прыехалі прадстаўнікі аддзела адукацыі, кіраўнікі школ і дзіцячых садкоў, члены беларускага грамадскага таварыства, фермеры. Папярэднічала прыезду падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Воранаўскай раённай арганізацыяй «Беларускі саюз жанчын» і Шальчынінкайскім беларускім культурным цэнтрам «Раніца». Падчас сустрэчы кіраўніка цэнтра з раённымі ўладамі было вырашана арганізаваць прыезд літоўскай дэлегацыі.

— Многія прадстаўнікі нашай дэлегацыі маюць беларускія карані, некаторыя нават працавалі ў Воранаўскім раёне, — расказала старшыня беларускага цэнтра «Раніца» Рэгіна Дзмухоўская. — Таму многім цікава пабываць тут зноў, праз гады. Шмат фермераў выказалі жаданне прыехаць, у складзе дэлегацыі — іх палова. Таксама нямала і прадстаўнікоў сістэмы адукацыі.

Можна сказаць, гэты візіт стаў самым масавым за многія гады — прыехала каля 30 чалавек. Фарміраванне дэлегацыі адбывалася з улікам прыярытэтаў развіцця Воранаўскага раёна — сельская гаспадарка і адукацыя.

— Суседзі заўсёды цікавіліся нашымі дасягненнямі, тым, як ідуць справы ў розных галінах, як развіваецца інфраструктура, — зазначыла старшыня Воранаўскага Савета дэпутатаў Алена ГАНЕВІЧ. — Цікавіла літоўцаў развіццё сельскагаспадарчага кірунку, таму што ў нас дзяржаўная форма ўласнасці, а ў іх усё даўно перайшло ў прыватныя рукі.

Члены дэлегацыі змаглі ўпэўніцца ў сістэмнасці, выніковасці малочнатаварных фермаў. Яны звярнулі ўвагу на парадак, механізацыю працы, узровень земляробства, нарыхтоўку кармоў, увогуле высокі ўзровень сельскай гаспадаркі.

Бакі дамовіліся аб далейшай сустрэчы паміж фермерамі і прадстаўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў «Эліт-Агра-Больцінікі» і «Доцішкі». Беларускія сельгасвытворцы маюць намер працаваць з літоўскімі калегамі па інвестыцыйных кірунках.

— Воранаўскі і Шальчынінкайскі раёны ў многім падобныя — яны аграрныя раёны. Толькі ў нас сельская гаспадарка ўся прыватная, — паведаміў фермер і дэпутат з Шальчынінкая Тадэвуш Рудзіс. — Раней я таксама працаваў у дзяржаўным сектары, цяпер амаль дваццаць гадоў займаюся раслінаводствам і жывёлагадоўляй. Да мяне далучыўся і сын Анджэй. Мы прыехалі сюды разам. Лічу, што для яго будзе карысна ўбачыць, як развіваецца ў сучасных умовах сельская гаспадарка нашых беларускіх суседзяў. Лічу, ёсць сэнс наладзіць партнёрскія зносіны з беларускім сельгаспрадпрыемствам.

Яшчэ адзін сумесны кірунак дзейнасці — адукацыя. Прадстаўнікі Літвы пагадзіліся, што ў Воранаўскім раёне напрацавана салідная матэрыяльная база сярэдніх і дашкольных устаноў. Яны наведалі сярэднія школы ў аграгарадках Беняконі і Доцішкі, дзіцячы садок у Больцініках, пабывалі ў вёсцы Пеляса, дзе працуе школа з літоўскай мовай навучання. Прадстаўнікі літоўскай дэлегацыі адзначылі высокі ўзровень навучання, добрую падрыхтоўку педагогаў. Беларускія калегі прапанавалі наладзіць сумесную работу па абмене вопытам паміж педагогамі, арганізаваць агульныя маладзёжныя праекты.

— Праблемы гэтага асяроддзя ў нас аднолькавыя — адмова ад шкодных звычак, здаровы лад жыцця, далучэнне да працы, дэмаграфічная сітуацыя. Гэта актуальна для абедзвюх краін, — падкрэсліла Алена Ганевіч.

Цікавіла літоўскіх гасцей і работа мясцовага самакіравання — тое, як будуецца сістэма органаў улады, узаемадзеянне паміж выканаўчай і прадстаўнічай уладамі. Яны атрымалі адказ на пытанне, якім чынам на месцы клапоцяцца аб дабрабыце насельніцтва, як дасягаюць гэтай мэты ў дачыненні да сельскіх жыхароў, як працуюць з імі. Наогул, як развіваюцца сельскія тэрыторыі Воранаўскага раёна.

Абмеркаваць больш паслядоўна канкрэтныя кірункі дзейнасці беларусы маюць намер пасля візіту ў Літву. Пакуль запланавана наведаць суседні раён вясной будучага года.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Літоўскі дэсант на сумежжы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.