Вы тут

Аб’яднанне нямецкай культуры “Масты” адкрыла ў Мінску галерэю “Дыялог”


Размовы за кубачкам гарбаты

Вольга Штокман у галерыі “Дыялог”

Вы чулі пра сілу думкі? Ёсць нават у тэму такі пераднавагодні жарт у дарослых: дзеці вельмі шчыра вераць у Дзеда Мароза — і ён прыносіць ім падарункі. А дарослыя — сумняваюцца, таму з гадамі могуць увогуле застацца без падарункаў... Выснова? Калі вельмі моцна пра нешта марыш — тое збудзецца. У тым я ўпэўнілася на прыкладзе Вольгі Штокман: цяпер яна прымае гасцей у галерэі “Дыялог”, пра адкрыццё якой даўно марыла. Спадзяецца, што два ўтульныя пакоі на мінскай вуліцы Някрасава, 5 пераўтворацца ў своеасаблівы Цэнтр талерантнасці паміж Беларуссю й Германіяй. Назва галерэі красамоўная: дыялог вельмі патрэбен у нашым жыцці. Да таго ж Вольга частуе нямецкім пірагом усіх гасцей: немцаў, беларусаў, людзей іншых нацыянальнасцяў — а такіх шмат на беларускай зямлі.

Мяне гаспадыня галерэі сустракае каля дзвярэй. Паказвае выставу, расказвае пра нямецкія народныя традыцыі, што цесна пераплятаюцца з беларускімі. Дарэчы, не выпадкова ўжо не раз у снежаньскую пару ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ладзіліся “Беларуска-нямецкія Каляды” — сумесны праект музейшчыкаў з Інстытутам нямецкіх даследванняў БДУ. І па фотаздымках людзей, што бачу на сцяне галерэі, ніяк не скажаш — немцы гэта ці беларусы. “Яно ж і зразумела: мы доўгі час жывём побач, і нашыя культуры вельмі падобныя, — дзеліцца назіраннямі Вольга Штокман. — Можам хадзіць адзін да аднаго ў госці, збірацца разам на розныя святы, ладзіць сумесныя гульні й забавы...” Яна ведае шмат і пра Беларусь, і пра Германію. Тут жыве, а на Нямеччыну ездзіць з 90-х, калі тое стала магчымым. Тады Вольга Ігараўна змагла ўжо ацаніць нямецкую гасціннасць: “Немцы вельмі кампанейскія. Шмат сіл і часу трацяць на тое, каб упрыгожыць і аздобіць сваё жыллё, зрабіць яго ўтульным і непаўторным. А затым збіраюць сяброў і знаёмых — на святы, выхадныя. Наогул любяць збірацца разам і адпачываць, слухаць музыку й розныя забавы. У беларусаў такой звычкі раней не было, але апошнім  часам мы шмат чаму навучыліся адзін у аднаго”.

У галерэі “Дыялог” чакаюць шмат гасцей. Іх ёсць дзе прыняць: пасярэдзіне прасторных памяшканняў — доўгія сталы й лавы. Народныя традыцыі — як нямецкія, так і беларускія — ды архітэктурныя, гістарычныя каштоўнасці тут абмяркоўваюць у святочнай атмасферы і за кубачкам гарбаты. А як тут файна дзецям! Для іх аформілі адзін з пакояў. Героі казак братоў Грым ветліва пазіраюць на нас з ілюстрацый. За вялікім сталом дзеткі могуць не толькі піць гарбату з цукеркамі, але й вучыцца маляваць, спасцігаць нямецкую мову, развіваць іншыя свае здольнасці й схільнасці. Дарэчы, Вольга Ігараўна ведае шмат нямецкіх казак і можа расказваць іх гадзінамі. Многія яна чула яшчэ ад маці й бабулі, якія былі немкамі. Як яны трапілі ў Беларусь? 

Калісьці прадзед Вольгі, нямецкі падданы, пераехаў у Грузію: лепшай долі шукаў. І ў хуткім часе адкрыў на галоўнай вуліцы Ціфліса ўласную друкарню. З боку бацькі яе родзічамі былі немцы з Паволжа. Вольга ж нарадзілася ў Харкаве, на Украіне. Пазней, у 60-я, сям’я пераехала ў Мінск, які на той час адбудоўваўся. Маці працавала ў праектнай арганізацыі архітэктарам. А Вольга Ігараўна пасля школы закончыла Палітэхнічны інстытут — стала інжынерам-будаўніком.
Хоць нямецкую мову яна чула ад бацькоў толькі ў дзяцінстве, але ж нямецкія казкі зрабілі сваю справу. Пачала цікавіцца культурай продкаў: хто яны, адкуль з’явіліся на беларускай тэрыторыі, які след пакінулі ў гісторыі нашай краіны? У 90-я гады, як толькі ў Беларусі ўзніклі першыя нацыянальныя аб’яднанні, Вольга Штокман прыйшла ў арганізацыю “Wіedergeburt” (“Адраджэнне”): ствараць курсы нямецкай мовы. І ўпершыню патрапіла ў Германію. Тады многія немцы пачалі з’язджаць з Беларусі на Нямеччыну — яна засталася. І стварыла суполку нямецкай культуры “Масты”: бо моцна жадае знаходзіць, адбудоўваць усё тое добрае й светлае, што раней (многія стагоддзі!) злучала немцаў і беларусаў. Вось такая высакародная мэта! І дапамагае ёй спраўджвацца сіла думкі.

Што злучае беларусаў і немцаў

Трымаю ў руках невялічкі часопіс, выданнем якога займалася Вольга Штокман. У ім ёсць артыкулы пра забытыя старонкі гісторыі — забытыя і немцамі, і беларусамі. Нямецкія пасяленні, вынікае з тэкстаў, з’явіліся на беларускай тэрыторыі ў часы імператрыцы Екацярыны ІІ. Цэнтрам нямецкай дыяспары стаў Мінск (раней Менск): у ім на той час жыло больш за 2 тысячы чалавек, была цэлая Нямецкая слабада. Вуліцы ў тым раёне называліся Нямецкая, Лютэранская, Малая Лютэранская. Пазней Нямецкая стала вуліцай Розы Люксембург, Лютэранская — Волаха, Малая Лютэранская носіць імя Клары Цэткін. Ну хоць якая “пераемнасць традыцый”... Пра Нямецкую слабаду нагадвае й Лютэранскі сквер — на месцы былых лютэранскіх могілак... Блізка тое прыняла да сэрца, калі даведалася жорсткую праўду, Вольга Ігараўна. Звярнулася ў гарвыканкам з просьбай пазначыць Лютэранскі сквер памятным знакам. Помнік  зроблены, і ён будзе ўстаноўлены ўвесну.

Сярод тых, каго пахавалі ў свой час на лютэранскіх могілках, быў і Вільгельм Данілавіч Гіндэнбург — знакаміты доктар, прэзідэнт таварыства Мінскіх лекараў. Ён, сцвярджаюць архівісты, нарадзіўся ў 1799 годзе ў Мінскай губерні ў сям’і прускіх падданых і ўсё жыццё аддаў служэнню Мінску. Так сталася, што пра доктара-падзвіжніка даведаўся ў Пецярбурзе й Фёдар Дастаеўскі: адна з яго мінскіх карэспандэнтак апісала ў лісце, як відавочца, пахаванне доктара, і Фёдар Міхайлавіч пісаў пра яго ў сваім “Дзённіку пісьменніка”. Таксама лічыцца, што якраз мінскі лекар быў прататыпам доктара Герцэнштубэ, аднаго з герояў рамана Дастаеўскага “Браты Карамазавы” — бескарыслівага, адданага сваёй справе й добрага чалавека. Пра доктара Гіндэнбурга ўспамінаў і бацька Максіма Багдановіча — Адам Ягоравіч Багдановіч: у 15 гадоў ён стаў відавочцам усенароднага пахавання вядомага мінчука. Пра тое ёсць згадка ў кнізе ўспамінаў Адама Багдановіча “Я всю жизнь стремился к свету” (Мінск, “Літаратура і Мастацтва”, 2012).

Эдуард-Аранд Гадлеўскі, прамы нашчадак Эмерыка Чапскага, і яго жонка Аляксандра Ваньковіч дэ Аранда. Мінск, 2009 г.

У другой палове XІX стагоддзя ў Мінску стаялі дзве лютэранскія кірхі: адна — у Нямецкай слабадзе, другая — на Захар’еўскай, галоўнай вуліцы сталіцы (цяпер праспект Незалежнасці). Вольга Штокман лічыць, што людзі мала ведаюць пра Марціна Лютэра, які 500 гадоў таму прыбіў да дзвярэй царквы ў Вітэнберзе 95 сваіх тэзісаў. Першая Вітэнбергская біблія, выдадзеная рэфарматарам царквы на нямецкай літаратурнай мове, выйшла ў 1534 годзе. Таму Марціна Лютэра немцы пры выпадку параўноўваюць з беларускім Францыскам Скарынам, які 23 кнігі Бібліі надрукаваў на старабеларускай мове, пачынаючы з 1517 года. Вольга стварыла ў галерэі выставу пра Марціна Лютэра, ёсць там і яго выява. Як пачала яна цікавіцца лютэранскай царквой, то запрасілі яе на курс лекцый у Санкт-Пецярбург, у Тэалагічную семінарыю Евангелічна-лютэранскай царквы. Пазней Вольга Ігараўна стварыла лютэранскую абшчыну ў Беларусі. Лічыць: рэлігія — важны элемент культуры кожнага народа. А вакол лютэранскай царквы, як і вакол любой іншай, склалася нямала традыцый, падзей і свят.
У сваім часопісе Вольга Штокман згадвае шмат знакамітых немцаў, якія раней жылі на тэрыторыі Беларусі, зрабілі свой унёсак у яе культуру й навуку. Сярод іх Карл Гібенталь, які ў 1811-12 гадах быў інспектарам Мінскага ўрачэбнага ўпраўлення. Ён адным з першых у Еўропе прапанаваў выкарыстоўваць гіпс пры лячэнні пераломаў. Немец Тэадор Гаусман стаў заслужаным дзеячам навук БССР: у 1936-41 гадах працаваў у Акадэміі навук. За сваю кар’еру медык напісаў больш 200 навуковых прац.

Цэлую старонку прысвяціла Вольга Ігараўна графскаму роду Чапскіх. Найвядомымі з яго сталі Эмерык Гутэн-Чапскі й яго сын Карл (Караль). Караль Чапскі дзесяць год быў, цяпер бы сказалі, мэрам Мінска. Ён давёў да ладу будынак гарадскога тэатра — цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Будынак піўзавода “Аліварыя” таксама ўзводзіў Караль. На яго рахунку й будаўніцтва маста цераз раку Свіслач у Мінску, які ў нашы дні злучае вуліцы Няміга й Максіма Багдановіча. Яму належала шмат зямель і маёнткаў. Палац Караля ў Прылуках, напрыклад, быў узноўлены пасля вайны намаганнямі НДІ аховы раслін, які размяшчаецца там і сёння. Сямейны ж маёнтак Чапскіх у Станькаве, на жаль, не захаваўся. Але такія будынкі, як дом для прыслугі, альтанка, свіран, кузня й кароўнік стаяць, не кранутыя часам. Сярод іх выдзяляецца “Скарбчык” — прыгожы мініяцюрны замак з вежамі, у якім Чапскія размяшчалі бібліятэку (20 000 экзэмпляраў кніжак), а таксама калекцыю нумізматыкі й жывапісу. Будынак і цяпер прыцягвае ўвагу падарожнікаў.

Будынак “Скарбчык” у Станькаве

А вялікую частку каштоўнай калекцыі гаспадарам удалося вывезці перад Першай сусветнай вайной у Польшчу, і там адкрыты Музей Чапскіх. (Поўная назва — Музей імя Эмерыка Гутэн-Чапскага, у Палацы Чапскіх у Кракаве на вул. Пілсудскага, 12. Гэта філіял кракаўскага Нацыянальнага музея. 28 чэрвеня 2013 года пасля капрамонту Нацыянальны музей адкрыў у Палацы Чапскіх нумізматычную выставу “Europejskіe Centrum Numіzmatykі Polskіej” (Еўрапейскі цэнтр польскай нумізматыкі). У музеі захоўваюцца каля 100 тысяч нумізматычных матэрыялаў, сярэднявечныя карты й рукапісы. Больш падрабязна пра тое і нашчадкаў роду Чапскіх — у артыкуле прафесара Адама Мальдзіса — Рэд.)

Праект “Дыялог”, які рэалізуе суполка “Масты” на чале з Вольгай Штокман, прадаўжае дыялог — культур, рэлігій, традыцый ды гісторыі немцаў і беларусаў, якія жывуць побач у згодзе.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.