Вы тут

Кітайскіх студэнтаў запрасілі ў зімовую школу па фізіцы і матэматыцы


15 студзеня ў БДУ адкрыецца першая зімовая школа па фізіцы і матэматыцы. Навучанне ў ёй пройдуць 18 студэнтаў першага і другога курсаў Сумеснага інстытута Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (Dalian University of Technology, ДПУ) і Беларускага дзяржаўнага універсітэта (ДПУ-БДУ) спецыяльнасцяў “Прыкладная фізіка” і “Інжынерная механіка”.


Школа будзе працаваць на англійскай мове з 15 да 25 студзеня на базе фізічнага і механіка-матэматычнага факультэтаў. У яе рамках студэнты наведаюць лекцыі выкладчыкаў БДУ, выканаюць лабараторныя работы на сучасным абсталяванні. Таксама адбудуцца заняткі па англійскай мове, дзе слухачам раскажуць цікавыя гістарычныя факты пра Мінск і БДУ, а таксама прапануюць падзяліцца ўражаннямі пра Беларусь.

Акрамя вучобы для студэнтаў арганізуюць экскурсіі ў Музей гісторыі БДУ, геалагічны і заалагічны музеі ўніверсітэта, азнаёмяць з дзейнасцю Парка высокіх тэхналогій і Індустрыяльнага парка “Вялікі камень”.

Сумесны інстытут Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта быў створаны ў 2017 годзе. У яго склад уваходзяць тры факультэты: прыкладной  фізікі, інжынернай механікі, матэматыкі і прыкладной матэматыкі. Інстытут функцыянуе ў горадзе Далянь (КНР). Навучанне ў ім праходзяць 80 студэнтаў першага і 79 студэнтаў другога курсу. Выкладанне 30% курсаў забяспечваюць выкладчыкі фізічнага і механіка-матэматычнага факультэтаў БДУ. Навучанне і абарона дыпломаў ажыццяўляецца ў ДПУ на англійскай мове. Пасля заканчэння Сумеснага інстытута студэнты атрымаюць два дыпломы — Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.