Вы тут

Магілёўскія ратавальнікі вучаць людзей паводзінам у экстрэмальных умовах


Калі выходзіла з Цэнтра бяспекі Магілёўскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях, было адчуванне, што перажыла 33 няшчасці і цудам засталася жывая. Гэты цэнтр існуе ў горадзе ўсяго месяц, але карыстаецца вялікай папулярнасцю. Яго ўжо паспелі наведаць больш за 1700 чалавек. Вось і зараз акрамя мяне «паказытаць нервы» прыходзілі магілёўскія сямікласнікі. Сучасныя тэхналогіі дапоўненай рэальнасці дазваляюць прайграць любыя надзвычайныя сітуацыі з высокім узроўнем адпаведнасці. І лепш справіцца з імі такім чынам, каб не справакаваць у жыцці. Тым больш што гэта яшчэ і вельмі займальна.


Экскурсіі з сэнсам

Тут цікава не толькі школьнікам, але і ўсім без выключэння, нават турыстам. Для людзей з асаблівасцямі, якім цяжка перасоўвацца самастойна, у трохпавярховым будынку ўсталяваны спецыяльны ліфт. Першае ж памяшканне, куды вас запросяць, знаёміць менавіта з горадам. Фотаздымкі на ўсю сцяну ствараюць уражанне, што ты апынуўся на вуліцы Магілёва і ўсе яго славутасці невядомым чынам сабраліся ў адным месцы. Спачатку здаецца, што вакол няма ні вокнаў, ні дзвярэй, але хутка разумееш, што яны вельмі арыгінальна замаскіраваны пад гарадскія пейзажы.

Наогул, тут усе памяшканні аформлены з сэнсам, нават распранальня. Спачатку доўга не можаш уцяміць, што табе нагадвае гэты інтэр'ер. Потым «даязджаеш»: гэта ж грамадскі транспарт. Вунь і на сценах адпаведныя малюнкі. А прыстасаванні для адзення нагадваюць поручні, як у аўтобусе.

— Мы і тут пастараліся прайграць тыповыя надзвычайныя сітуацыі — на транспарце, — задаволены эфектам мой гід Дзмітрый Майсееў, начальнік Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Магілёўскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях. — Бачыце, на малюнку мужчына лезе ў кішэню пасажыра па кашалёк. Мы звяртаем увагу наведвальнікаў на тое, што ўсюды трэба быць пільнымі.

Дзеці — мэтавая аўдыторыя, з якой шчыльна працуюць ратавальнікі. І гэта вельмі адчуваецца, калі падарожнічаеш па цэнтры. Тут можна ўбачыць фотаздымкі адной з наймацнейшых у краіне спартыўнай каманды юных ратавальнікаў пад назвай «Экстрым», а разам з імі — кубкі і іншыя ўзнагароды з розных конкурсаў. Ёсць куток, дзе дэманструюцца дзіцячыя работы, якія перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе «Ратавальнікі вачыма дзяцей». І сапраўдным упрыгожваннем сталі рэпартажныя здымкі бабруйскага ратавальніка, пра якога «Звязда» неаднаразова пісала, — Дзмітрыя Сказава.

Іспыты з першых хвілін

Цэнтр бяспекі нагадвае інтэрактыўны музей, толькі бясплатны. Гэта ж перш за ўсё месца для адукацыі насельніцтва. Падарожжа ў свет надзвычайных з'яў адбываецца пры дапамозе ратавальнікаў. Прычым іспыты пачынаюцца з першых жа хвілін. Спачатку прапануюць праверыць свае веды на прадмет паводзін у экстрэмальных сітуацыях, а потым прадэманстраваць свае дзеянні. З надзвычайнымі сітуацыямі мы часцей за ўсё сутыкаемся дома. І тут таксама ёсць памяшканні, стылізаваныя пад кухню, гасціную, дзіцячы пакой. А стварыць экстрым дапамагаюць прадметы дапоўненай рэальнасці. Вунь на пліце стаіць патэльня з яечняй. Дзмітрый падносіць да яе планшэт і ад нечаканасці я нават войкаю —
апетытная страва на маіх вачах пачынае гарэць.

Пажар на патэльні, вада, што выцякае з ракавіны на падлогу, уцечка газу — сітуацыі, якія могуць здарыцца ў жыцці кожнага. І калі глядзець на гэта збоку, сапраўды пачынаеш разумець, як непрыкметна мы ўмеем ствараць для саміх сябе праблемы. Правады аголеныя або са скруткамі, «вісячыя» разеткі, трэснуты комін, тэлевізар у рэжыме чакання — калі гэта ёсць дома, лічыце, што вы сядзіце на парахавой бочцы. «Нават завод-вытворца не гарантуе, што тэлевізар не запаліцца, калі ён уключаны ў разетку», — нагадваюць ратавальнікі. Страшна глядзець, калі віртуальнае полымя вырываецца з-пад экраннай панэлі і лепей не ўяўляць, як гэта можа быць у жыцці.

Экстрэмальны квэст

Тэарэтычна я, канешне, ведаю, як трымаць у руках вогнетушыцель, што трэба рабіць, калі тоне чалавек, і нават як дзейнічаць, калі нехта побач папярхнецца. Але заўсёды вельмі спадзяюся, што мяне гэтыя няшчасці абмінуць. У выніку не адразу атрымалася прайсці ўсе іспыты. Інтэрактыўным вогнетушыцелем спрабавала збіць полымя з газавай пліты, пакуль на экране не паявілася папярэджвальная таблічка: «Вашы дзеянні бессэнсоўныя. Бяжыце!» А на «вадаёме» (ёсць тут і яго імітацыя) ратавала хлопца-манекена, які дрыгаў рукамі з палонкі ну як жывы, і сама ледзь не патанула. Наблізілася да няшчаснага так блізка, што рухомыя канструкцыі пад нагамі праваліліся. Потым мне прапанавалі прайсці задымлены лабірынт. Пакуль інструктавалі наконт няроўнай падлогі і іншых сюрпрызаў, сто раз мысленна казала сабе: «Не пайду». Але ж сорамна стала перад дзецьмі, якіх так і цягнула на прыгоды. Нас вёў дасведчаны спецыяліст, але ўсю дарогу я толькі і рабіла, што сутаргава намацвала адной рукой сценку, а другой, як клешчамі, чаплялася за плячо нейкага хударлявага падлетка. Спадзяюся, сінякоў не пакінула. Затое ён надоўга запомніць, як выбірацца самому, а заадно выводзіць з задымленых памяшканняў іншых. Лепш за ўсё ў мяне атрымалася дапамагчы чалавеку, які папярхнуўся. І тое пасля майстар-класа Дзмітрыя Майсеева. Трэба аддаць належнае, пакой, дзе вучаць асновам медыцынскай дапамогі, абсталяваны па вышэйшым разрадзе. Адны толькі манекены, на якіх вучышся рабіць штучнае дыханне і масаж сэрца, чаго каштуюць! Адчуванні такія, што перад табой не нейкая там лялька, а жывы чалавек.

А яшчэ можна праверыць сябе на ўменне аказваць другім дапамогу, правільна дзейнічаць, калі заблукаў або апынуўся ў палаючым лесе.

— У цэнтр укладзена нямала фінансавых сродкаў, у тым ліку некалькі дзясяткаў тысяч долараў па лініі Еўрасаюза, — кажа Дзмітрый Майсееў. — Дапоўненая рэальнасць дазваляе за кошт лічбавых тэхналогій убачыць крыху болей, чым ёсць на самай справе. Маланкавы калідор, гукавыя і шумавыя эфекты з элементамі датчыкаў руху, інтэрактыўныя трэнажоры пажаратушэння, трэнажоры з выкарыстаннем тэхналогій захопу руху — усё гэта максімальна набліжае да тых сітуацый, якіх у жыцці трэба пазбягаць. На сёння мы не адзіныя ў краіне, дзе працуюць такія цэнтры. Але на цяперашні момант наш цэнтр адзін з самых перадавых. Гэта каштавала нямала, але нічога няма даражэйшага за чалавечае жыццё.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Рэпетыцыя надзвычайнай сітуацыі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.