Вы тут

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай


Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта ад 18 студзеня 2019 года № 27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый». Сістэму ўжо праз год чакаюць комплексныя змены. Як будуць налічваць заробкі па новых правілах, растлумачылі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.


Пакуль дзейнічае 27-разрадная Адзіная тарыфная сетка работнікаў. Указ скароціць колькасць разрадаў да 18, розніца паміж каэфіцыентамі складзе не менш за 6 %. Новую тарыфную сетку ўрад зацвердзіць да 1 сакавіка 2019 года, а дзейнічаць яна пачне з 1 студзеня 2020-га.

Зменіцца велічыня, з якой вылічваюць аклады.

— Замест тарыфнай стаўкі першага разраду ўводзіцца базавая стаўка, памер якой плануюць наблізіць да бюджэту пражытковага мінімуму, што дазволіць замацаваць тарыфную частку заработнай платы, — каментуюць у міністэрстве. — Памер базавай стаўкі будзе вызначацца ўрадам, як правіла, з 1 студзеня з улікам прагнозу асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Базавую стаўку, якая будзе дзейнічаць з пачатку 2020 года, зацвердзяць да 1 сакавіка 2019-га.

Спросціцца структура заробку бюджэтнікаў. Ён будзе складацца з акладу, стымуляцыйных (надбаўкі, прэміі) і кампенсацыйных (даплаты) выплат. Памер гэтых выплат будзе вызначацца ад акладу ці базавай стаўкі. Розныя каэфіцыенты і павышэнні са складу заробку выключаць. А колькасць надбавак і даплат максімальна скароцяць.

Асобныя выплаты будуць устанаўлівацца цэнтралізавана. Гэта:

— надбаўка за стаж работы ў бюджэтных арганізацыях (да 5 гадоў — 10 % ад базавай стаўкі, ад 5 да 10 гадоў — 15 %, ад 10 да 15 — 20 %, ад 15 і вышэй — 30 %). Парадак і ўмовы яе выплаты будзе вызначаць Мінпрацы і сацабароны;

— прэмія, на выплату якой будуць накіроўвацца сродкі, прадугледжаныя ў бюджэце, у памеры 5 % ад сумы акладаў работнікаў;

— аднаразовая выплата на аздараўленне, як правіла, пры выхадзе ў працоўны водпуск з разліку 0,5 акладу работніка (калі іншы памер не ўстаноўлены заканадаўчымі актамі ці ўрадам);

— матэрыяльная дапамога ў сувязі з непрадбачанымі матэрыяльнымі цяжкасцямі, на выплату якой будуць накіроўвацца сродкі ў памеры 0,3 сярэднямесячнай сумы акладаў работнікаў. Канкрэтныя памеры, парадак і ўмовы выплаты матдапамогі, а таксама прэмій, грошай на аздараўленне будуць зацвярджаць кіраўнікі бюджэтных арганізацый;

— надбаўкі і даплаты, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі і пастановамі Саўміна (напрыклад, надбаўка за работу на ўмовах кантрактнай формы найму, даплаты за навуковую ступень і званне, за работу звышурочна, у святы, выхадныя, за работу са шкоднымі (небяспечнымі) умовамі працы). Надбаўка за работу на ўмовах кантрактнай формы найму будзе ўстанаўлівацца ў адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта ад 26 ліпеня 1999 года № 29, а іншыя выплаты — указамі кіраўніка краіны, пастановамі Саўміна і Мінпрацы і сацабароны.

Таксама пашырацца правы кіраўнікоў дзяржаўных органаў і бюджэтных арганізацый па вызначэнні надбавак і даплат работнікам.

— Яны будуць устанаўлівацца дадаткова да цэнтралізаваных выплат з улікам галіновай спецыфікі і вынікаў працы ў межах сродкаў, выдаткаваных з бюджэту на аплату працы работнікаў, а таксама сродкаў, атрыманых ад ажыццяўлення дзейнасці, што прыносіць даходы, і з іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам, — адзначаюць у ведамстве.

Пры ўвядзенні новай сістэмы аплаты працы не дапускаецца зніжэнне заробкаў (без прэміі).

Указ істотна скароціць колькасць нарматыўных прававых актаў, што рэгулююць аплату працы ў бюджэтнай сферы.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Заробкі па новых правілах

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.