Вы тут

Раім схадзіць


Літаратурна-дакументальная экспазіцыя пра Уладзіміра Караткевіча, беларуская інтэлектуальная гульня і шырокая масленіца ў беларускім скансэне — афіша «Звязды» з 25 лютага па 3 сакавіка.


Уладзімір Караткевіч. Абуджаная памяць

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: па 31 мая

Колькі каштуе: 1 руб. 50 кап. (уваход у музей/ з кожнага наведвальніка) + 6 руб. (экскурсійнае абслугоўванне/ з групы)

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Уладзімір Караткевіч. Абуджаная памяць…» прымеркавана да 50-годдзя выдання рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» (1968), прысвечанага паўстанню 1863–1864 гадоў. Часовая экспазіцыя раскрывае шматграннасць творчага таленту пісьменніка, класіка беларускай літаратуры, паэта, празаіка, драматурга, кінасцэнарыста, публіцыста, даследчыка і перакладчыка.

У наведвальнікаў экспазіцыі ёсць магчымасць павандраваць па старонках аўтабіяграфіі Уладзіміра Караткевіча «Дарога, якую прайшоў», даведацца пра дзяцінства пісьменніка, сям’ю, якой ён ганарыўся, пра цікавасць Уладзіміра Караткевіча да паўстання 1863–1864 гадоў. Наведвальнікі пазнаёмяцца са сторонкамі творчай дзейнасці тых людзей, якія былі сучаснікамі паўстання, прымалі ў ім непасрэдны удзел: Эліза Ажэшка, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч. З імі мы сустракаемся ў рамане «Каласы пад сярпом тваім», які займае цэнтральнае месца ў творчасці Уладзіміра Караткевіча і фактычна з’яўляецца першым беларускім гістарычным раманам. На экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея: кнігі, фотаздымкі Уладзіміра Караткевіча і яго сям’і розных гадоў, асабістыя рэчы, ліставанне, рукапісы, творы Элізы Ажэшка, Францішка Багушэвіча, Уладзіслава Сыракомлі, а таксама даследаванні сучасных гісторыкаў пра паўстанне 1863–1864 гадоў.


Лекцыя «Мастацтва, тэхналогія, рэальнасць. Хто каго праграміруе?»

Дзе: Ok16, вул. Кастрычніцкая, 16

Калі: 26 лютага а 19:00

Колькі каштуе: 25 рублёў

Якія тэхналогіі дапоўненай рэальнасці існавалі ў Новым часе? Што такое AR і як прымяняць яго ў мастацтве? Лекцыя разгледзіць працэс праграміравання рэальнасці мастакамі, якія на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва задавалі катэгорыі належнага і непатрэбнага як для сваіх сучаснікаў, так і для будучых пакаленняў.

Сучасныя тэхналогіі развіваюцца так хутка, што людзі не паспяваюць рэфлексіўна ставіцца да гэтага развіцця. Галасы філосафаў, пісьменнікаў, этыкі і мастакоў, што каменціруюць значэнне новых тэхналогій для чалавецтва, ледзьве чутныя ў агульным шуме. Чалавек зноў апынуўся распранутым і безабаронным у нязведаным навакольным свеце, толькі зараз ужо не дзікім, а штучна створаным свеце глабальных тэхналогій, якія самі вучацца праграміраваць рэальнасць для чалавека. «Мастацтва, тэхналогія, рэальнасць. Хто каго праграміруе?» складаецца з двух частак: лекцыі (з элементамі AR), у якой мастак Аляксей Лосік пакажа прыклады выкарыстання дапоўненай рэальнасці, і наступнай дыскусіі.

Лектар — Аляксей Лосік, беларускі мастак-манументаліст, які развівае традыцыі сармацкай стылістыкі ў тэхналогіі дапоўненай рэальнасці (AR). Мадэратары: Ксенія Дубоўская — тэатразнаўца, кандыдатка навук, дацэнтка кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якая даследуе магчымасці выкарыстання сучасных тэхналогій у тэатры; Яраслаў Бекіш — грамадскі актывіст, майстар інавацый, са-заснавальнік кампаніі PBRBN і амбасадор Універсітэта штата Арызона.


«Адкрыццё сапраўднага»

Фота: http://russian.news.cn

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей, вул. Леніна, 20

Калі: па 17 сакавіка

Кольки каштуе: удакладняць у касе

Выстава «Адкрыццё сапраўднага», прымеркаваная да 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, дэманструе гледачу вынікі карпатлівай працы рэстаўратараў і супрацоўнікаў сектара хіміка-фізічных даследаванняў. Над экспанатамі на працягу некалькіх гадоў працаваў калектыў, які складаецца з 26 чалавек, ахоплены гістарычнай цікавасцю, эстэтычным пачуццём і маральным абавязкам. Падобныя выставы адкрываюць для наведвальніка адзін з найважнейшых напрамкаў музейнай дзейнасці: захаванне і рэстаўрацыю твораў мастацтва.

Больш за 60 прадметаў мастацтва прадстаўлены на розных этапах работ, пачынаючы ад навуковых даследаванняў помнікаў, працэсу іх аднаўлення і стану пасля завяршэння рэстаўрацыі.

Многія творы не толькі жывапісу, але і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва доўгі час заставаліся невядомымі шырокаму колу гледачоў і аматараў мастацтва з-за дрэннай захаванасці. Правядзенне работ па аднаўленні артэфактаў і наданні ім экспазіцыйнага віду дазваляе папоўніць прабелы ў гісторыі мастацтва, узбагаціць нацыянальную культуру.


Беларуская інтэлектуальная гульня

Дзе: Corset, вул. Старажоўская, 15а

Калі: 28 лютага ў 19:00

Колькі каштуе: 6 рублёў з чалавека

Гэта паб-квіз, прысвечаны беларускай культуры (у шырокім сэнсе слова), дзе кожны можа адпачыць душой і паварушыць мазгамі. Браць удзел могуць не толькі знаўцы беларушчыны, але і проста кемлівыя, знаходлівыя людзі. Працягласць — 2–2,5 гадзіны. 

Кароткая інструкцыя: 

  1. Збярыце каманду ад 2 да 10 чалавек, зарэгіструйце яе ў суполках УКантакце і Фэйсбуку
  2. Прыходзьце 28 лютага а 19-й гадзіне ў бар "Corset" (Старажоўская, 15А). 
  3. Калі не маеце каманды, усё роўна прыходзьце. Арганізатары абавязкова знойдуць для вас кампанію! 

Майстар-клас «Асновы мехендзі»

Дзе: Індыйскі культурны цэнтр, вул. Рэпіна, 4, пам. 472

Калі 3 сакавіка ў 11:00

Колькі каштуе: 30 рублёў, абавязковая рэгістрацыя

Мехенди — гэта мастацтва роспісу па целе хной. Каб авалодаць гэтым мастацтвам, зусім неабавязкова быць мастаком.

Падчас майстар-класа вы:

  • Даведаецеся пра гісторыю і традыцыі роспісу мехендзі;
  • Навучыцеся правільна трымаць конус;
  • Асвоіце базавыя элементы роспісу;
  • Створыце дызайн сваёй першай кампазіцыі.

У перапынку наведвальнікаў чакае індыйскі чай масаі.


Шырокая масленіца ў беларускім скансэне

Дзе: Музей народнай архітэктуры і побыту, в. Азярцо

Калі: 2 сакавіка ў 12:00

Колькі каштуе: 15 рублёў, студэнтам —9 рублёў, школьнікам — 6,5 рублёў, дашкольнікам — бясплатна

У музеі вы зможаце па-сапраўднаму акунуцца ў атмасферу самага вясёлага народнага свята, прыняць удзел адразу ў сямі днях масленічнага тыдня і традыцыйных масленічных гуляннях, якія з імі звязаны, а таксама паспрабаваць сябе ў розных гульнях і забавах. Кульмінацыяй свята стане ўрачыстае спальванне пудзіла зімы — «Марэны». Гледзячы на ​​гэты ачышчальны агонь, вы будзеце пазбаўляцца ад нягод і няшчасцяў, якія суправаджалі вас у мінулым, і з надзеяй чакаць прыходу сонечных, вясновых дзён.

У гэты дзень хэдлайнерам будзе гурт «Recha», запланаваныя выступы вядомых фальклорных калектываў, масленічныя гульні і забавы для дзяцей і дарослых; паказ беларускага ценявога тэатра «Батлейка»; паказ лялечнага тэатра «Батлейка»; правядзенне розных майстар-класаў для дарослых і дзяцей; рэканструкцыя масленічных абрадаў «Пахаванне Дзеда» (толькі для дарослых), «Наведванне бабкі-павітухі» і інш.; масленічны слуп з прызамі; конкурс снегавікоў (пры наяўнасці снега); рыцарская пляцоўка; самая вялікая «Марэна» ў наваколлі Мінска. Самых актыўных удзельнікаў свята чакаюць прызы!

У час мерапрыемства за дадатковую плату можна: набыць сувеніры ад народных майстроў у касе музея; палётаць на мотадэльтаплане (пры добрым надвор'і); наведаць «Беларускую карчму», якая знаходзіцца на тэрыторыі музея;
пакатацца на конях.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.