Вы тут

Як развіваецца Brexit?


Вялікабрытанія зноў апынулася сярод «хэдлайнераў» сусветных інфармагенцтваў і зноў з прычыны бясконцага «брэксіту». Тэрмін выхаду краіны з Еўрасаюза, які быў прызначаны на 29 сакавіка, брытанскія дэпутаты днямі прапанавалі змясціць. Спачатку Палата абшчын другі раз адхіліла праект дамоўленасцяў аб выхадзе з ЕС, узгоднены ўрадам Тэрэзы Мэй і Еўрасаюзам. А пасля большасць парламентарыяў прагаласавала за тое, каб не сыходзіць без пагаднення. Гэтая важная папраўка была прынятая большасцю ўсяго ў чатыры галасы — 312 супраць 308. Яна не мае сілы загада для ўрада, але вельмі важная палітычна, як індыкатар волі парламента. Цяпер вырашальнае слова за Бруселем, а ў кабінета Мэй — складаная задача вывесці «брэксіт» у канструктыўную плоскасць. Якія тут магчымыя варыянты?


Спыніць цырк

Асноўныя прэтэнзіі крытыкаў абноўленага праекта пагаднення заключаліся ў тым, што ён не моцна адрозніваецца ад прадстаўленага ў студзені. Тады дэпутаты Палаты абшчын упершыню адхілілі праект здзелкі з Бруселем, прычым зрабілі гэта з перавагай у 230 галасоў, што стала самым буйным паражэннем прэм'ер-міністра ў гісторыі сучаснага брытанскага парламентарызму. У прыватнасці, заканадаўцы запатрабавалі ад урада прыбраць з тэксту пагаднення з ЕC згадку пра «бэкстоп» — спрэчны ахоўны механізм, закліканы не дапусціць з'яўлення фізічнай мяжы паміж Паўночнай Ірландыяй і Ірландыяй.

І хоць Мэй заявіла, што ёй удалося дамагчыся прарыву і дасягнуць юрыдычна абавязваючых гарантый таго, што «бэкстоп» не будзе бясконцы, прысуд праекта здзелкі вынес генеральны пракурор Англіі і Уэльса Джэфры Кокс. Зачытваючы сваё прафесійнае заключэнне ў Палаце абшчын у аўторак, за некалькі гадзін да галасавання, ён заявіў, што новыя дапаўненні да праекта пагаднення аб Brexіt не ўхілілі галоўнай рызыкі — таго, што Лондан не зможа адмяніць гэты механізм самастойна, без дазволу з боку ЕС.

Пасля гэтага шэраг еўраскептыкаў, якія збіраліся змяніць свой пункт гледжання і падтрымаць здзелку, зноў вярнуліся на зыходныя пазіцыі, а курс фунта стэрлінгаў, які дагэтуль рос, рэзка пайшоў уніз. Праз некалькі гадзін пасля таго, як у парламенце прайшло галасаванне па пагадненні Мэй, брытанскія парламентарыі падзяліліся шматлікімі і заблытанымі альтэрнатыўнымі варыянтамі далейшых дзеянняў, пачынаючы з правядзення другога рэферэндуму аб членстве Вялікабрытаніі ў ЕС і заканчваючы трэцім галасаваннем па пагадненні Мэй. На фоне гэтых адчайных кіданняў брытанская дзелавая супольнасць, якая традыцыйна выступае ў падтрымку Кансерватыўнай партыі, падобна, стала страчваць цярпенне. «Усё мае свае межы. Патрэбен новы падыход... Гэты цырк час спыняць», — напісала ў «Твітэры» генеральны дырэктар канфедэрацыі брытанскай прамысловасці Кэралін Фэрбэрн, якая неаднаразова папярэджвала пра ўрон, які можа нанесці невызначанасць вакол «брэксіту».

Адстаўка ці вотум

Высокапастаўленыя чыноўнікі ЕС неаднойчы заяўлялі пра тое, што Вялікабрытанія павінна пазначыць сапраўды сур'ёзную прычыну, каб дамагчыся падаўжэння працэдуры «брэксіту». Як заўважаюць эксперты, Лондан можа апраўдаць неабходнасць такога кроку толькі ў выпадку арганізацыі другога рэферэндуму аб членстве ў ЕС, альбо ў выпадку правядзення новых усеагульных выбараў. Паводле слоў прэм'ер-міністра Нідэрландаў Марка Рутэ, у выпадку калі Вялікабрытанія накіруе запыт на падаўжэнне «брэксіту», ёй давядзецца даць ЕС пераканаўчае і годнае даверу апраўданне.

Непрацяглая адтэрміноўка, напрыклад, да канца мая, калі ў ЕС запланаваны выбары ў Еўрапейскі парламент, хутчэй за ўсё, не дазволіць краіне выбрацца з цяперашняга палітычнага тупіка. У выпадку больш працяглага падаўжэння «брэксіту» (на год, у падтрымку такога варыянта выказаўся прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон) Брытаніі прыйдзецца выбіраць новых членаў Еўрапейскага парламента, якія пасля завяршэння афармлення «разводу» з ЕС павінны будуць яго пакінуць.

Кансерватыўная партыя Вялікабрытаніі апынулася перад цяжкім выбарам. Многія прыхільнікі жорсткага сцэнарыя лічаць, што Мэй павінен замяніць больш рашучы прыхільнік «брэксіту». Аднак выбары новага прэм'ера занялі б шмат часу і адцягнулі б шмат увагі ў гэты вырашальны для Вялікабрытаніі гістарычны этап. «Я думаю, што выбаршчыкі ўкрыжавалі б нас на выбарчых участках, калі б цяпер мы загаварылі пра выбары новага прэм'ера. У кансерватараў няма большасці. Ніякага цуду не адбылося б. Мы атрымалі б новага лідара, але сутыкнуліся б з той жа праблемай», — заявіў высокапастаўлены брытанскі чыноўнік.

Выбары новага прэм'ер-міністра звычайна займаюць 12 тыдняў, хоць у існуючых умовах працэс выбараў маглі б паскорыць. Аднак ёсць адна сур'ёзная праблема. Раней Тэрэза Мэй змагла выйграць галасаванне аб даверы, праведзенае кіруючым камітэтам кансерватараў. Цяпер, згодна з партыйнымі правіламі, яе лідарства не могуць аспрэчыць цягам года. Застаецца два варыянты: альбо добраахвотная адстаўка прэм'ера, альбо вотум недаверу ўраду. У абодвух выпадках магчыма правядзенне датэрміновых выбараў.

Цяжкі выбар

Тэрэза Мэй настойвае на тым, што адтэрміноўка будзе тэхнічнай і парламенту ўсё роўна прыйдзецца прыняць яе варыянт здзелкі з Бруселем. Па словах Джэрэмі Корбіна, гэта не вырашэнне праблемы. Лідар лейбарыстаў спадзяецца, што яго партыя зможа знайсці кампраміснае рашэнне, якое падтрымае парламент.

Крыніцы ў Кансерватыўнай партыі не выключаюць, што ўрад Мэй, папрасіўшы ЕС аб адтэрміноўцы, проста зноў вынесе на галасаванне ўсё той жа, двойчы адхілены праект пагаднення аб выхадзе. Не выключана, што ў рэшце рэшт падчас галасавання набярэцца патрэбная колькасць дэпутатаў Палаты абшчын — і праект пройдзе.

У гэтым выпадку ўсё будзе адносна проста: Брытанія фармальна выйдзе з ЕС, але фактычна амаль усё застанецца па-ранейшаму, таму што па дамове тут жа пачнецца пераходны перыяд да канца 2020 года. На працягу гэтага часу краіна пазбаўляецца прадстаўніцтва і права голасу ў органах улады ЕС, але цалкам захоўвае ўсе астатнія правы і абавязкі члена Еўрасаюза.

Прэм'ер-міністр сказала, што цяпер перад парламентам стаіць выбар: усё ж такі ўхваліць двойчы адхілены варыянт пагаднення аб выхадзе, давесці справу да другога рэферэндуму — які, на думку Мэй, падарве давер народа да дэмакратычных інстытутаў, ці дамагацца пагаднення з ЕС на новых умовах.

Працэс пайшоў

Лондан даўно і трывала заняў пазіцыі аднаго з ключавых сусветных фінансавых цэнтраў, не ў апошнюю чаргу дзякуючы англійскаму праву, высокаму ўзроўню жыцця і асабістым свабодам. Менавіта праз Туманны Альбіён працякаюць грашовыя патокі паміж Еўропай і астатнім светам, і сяброўства Брытаніі ў ЕС — ключавая перадумова для гэтага. Фінансавы сектар прыносіць брытанскай казне 75 мільярдаў фунтаў у год. Гэта палова ўсіх нацыянальных выдаткаў на ахову здароўя і ў паўтара разы больш за абаронны бюджэт. Праца больш чым 1,1 мільёна занятых у Сіці добра аплачваецца, таму на іх прыпадае больш за 11 працэнтаў усіх падаткаў з заробкаў у краіне, хоць яны складаюць толькі 3,4 працэнта рабочай сілы.

Асобныя эксперты мяркуюць, што ў выніку «брэксіту» лонданскі Сіці рызыкуе ператварыцца з галоўнага еўрапейскага фінансавага цэнтра ў афшор. Эканоміка Злучанага Каралеўства можа апынуцца ў рэцэсіі з-за зніжэння аб'ёмаў прамых замежных інвестыцый. Не лепшыя прагнозы дае Банк Англіі. Першапачаткова ён разлічваў, што рост эканомікі сёлета складзе 1,7 працэнта, але ў выніку прыйшлося перагледзець гэтыя лічбы і знізіць паказчык да 1,2 працэнта. Каб не згубіць еўрапейскіх кліентаў, банкі, інвесткампаніі і страхавальнікі вымушаныя будуць перавесці частку аперацый на кантынент. І працэс гэты ўжо пачаўся. Еўрапейскае банкаўскае агенцтва — банкаўскі рэгулятар ЕС — пераязджае з Лондана ў Парыж. Яго новая штаб-кватэра будзе размяшчацца ў дзелавым квартале Дэфанс. Адкрыецца яна ў пачатку чэрвеня. Банкі і іншыя фінансавыя кампаніі ўжо вывелі з краіны актывы на астранамічную суму — не менш за адзін трыльён долараў. Лічба з дванаццаццю нулямі складае прыкладна 10 працэнтаў ад усіх актываў банкаўскага сектара Вялікабрытаніі. Прычым эксперты заўважаюць, што гэта пакуль самыя сціплыя падлікі, таму што яшчэ не ўсе банкі апублікавалі план сваіх далейшых дзеянняў. Новыя офісы розных прадпрыемстваў былі адкрыты ў краінах кантынентальнай Еўропы, у першую чаргу ў Германіі і Францыі. Аб пераездзе ў французскую сталіцу ўжо абвясцілі шматлікія буйныя кампаніі і банкі: JP Morgan Chase, Morgan Stanley, Bank of Amerіca і HSBC. Франкфурт-на-Майне выбралі Goldman Sachs і Cіtygroup.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Доўгія праводзіны

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.